§ 27.1. Гідроліз солей
Пытанні, заданні, задачы
1. Солі якіх тыпаў схільныя да гідролізу?
2. Якія з солей, формулы якіх: K3PO4, Al2(SO4)3, MgSO4, NH4NO3, Pb(NO3)2, Na2CO3, падвяргаюцца гідролізу па катыёне? Складзіце ўраўненні гідролізу гэтых солей, укажыце рэакцыю асяроддзя.
3. Якія з солей, формулы якіх: Na2S, AlCl3, K2SO3, Cr2(SO4)3, (CH3COO)2Ba, AgF, Mg(NO3)2, Na2SiO3, KMnO4, Na3PO4, падвяргаюцца гідролізу па аніёне? Складзіце ўраўненні гідролізу гэтых солей, укажыце рэакцыю асяроддзя і афарбоўку лакмусу ў растворы.
4. Рэакцыя нейтралізацыі моцных кіслот або асноў працякае з вылучэннем цеплаты. Выкарыстоўваючы прынцып Ле Шатэлье, абгрунтуйце, чаму пры награванні раўнавага гідролізу зрушваецца ўправа.
5. Ступень дысацыяцыі вады ўзрастае ў 7,5 разоў пры яе награванні ад 25 °С да 100 °С і памяншаецца ў 3 разы пры астуджэнні вады ад 25 °С да 0 °С. Дайце тлумачэнне гэтым фактам з улікам таго, што дысацыяцыя вады — эндатэрмічная рэакцыя. Куды зрушваецца раўнавага гідролізу пры павышэнні і паніжэнні тэмпературы і як яна залежыць ад ступені дысацыяцыі вады?
6. Якія з прыведзеных солей падвяргаюцца гідролізу і па катыёне, і па аніёне: NH4F, (CH3COO)3Al, (CH3COO)2Cu, (NH4)2CO3, KNO2, AgNO3, Na3PO4, CrCl3? Складзіце ўраўненні гідролізу гэтых солей (усе рэакцыі абарачальныя) у поўнай іоннай форме.
7. Дадаванне якіх з названых рэчываў да раствору сульфату жалеза(III) узмоцніць гідроліз солі: НСl, NH3, HNO3, Н2O, K2CO3? Дайце тлумачэнне.
8. Стэарат натрыю C17H35COONа (цвёрдае мыла) гідралізуецца ў вадзе па аніёне. Састаўце ўраўненне гідролізу ў поўнай і скарочанай іоннай формах і ўкажыце, якое асяроддзе мае раствор. Як уплываюць тэмпература і разбаўленне раствору мыла на раўнавагу рэакцыі гідролізу? Чаму сода Na2CO3 перашкаджае гідролізу мыла?
9. Ачыстка пітной вады ад узважаных нерастваральных прысей праводзіцца метадам каагуляцыі — зліпання дробных часціц з утварэннем больш буйных шматкоў, якія выпадаюць у асадак. Каагуляцыя ўключае тры стадыі: змешванне рэагентаў з ачышчанай вадой, утварэнне шматкоў і асаджэнне шматкоў разам з забруджвальнікам. Для правядзення каагуляцыі ваду падшчалочваюць содай і дадаюць растваральную соль алюмінію. У вадзе соль алюмінію ператвараецца ў Al(OH)3 па схеме адначасовага гідролізу па катыёне Al3+ і аніёне . Утвораны Al(OH)3 уяўляе сабой белыя шматкі з вялікай паверхняй. Шматкі захопліваюць узважаныя часціцы, бактэрыі, іоны цяжкіх металаў, потым узбуйняюцца і асядаюць разам з забруджваннямі на дно адстойніка. Напішыце ўраўненне рэакцыі паміж сульфатам алюмінію і карбанатам натрыю ў малекулярнай, поўнай і скарочанай іоннай формах.
10. Пры зліванні раствораў FeCl3 і Na2CO3 выпадае асадак бурага колеру і назіраецца вылучэнне газу. Якое рэчыва выпадае ў асадак і які газ вылучаецца? Напішыце ўраўненне рэакцыі, якая працякае, і разлічыце аб’ём (н. у.) вылучанага газу, калі да раствору Na2CO3 аб’ёмам 100 см3 з масавай доляй растворанага рэчыва 7,85 % і шчыльнасцю 1,080 г/см3 прылілі лішак раствору FeCl3.