§ 27.1. Гідроліз солей

Паняцце аб рэакцыях гідролізу

У водным растворы часціцы растворанага рэчыва ўзаемадзейнічаюць з малекуламі вады. Такое ўзаемадзеянне нярэдка прыводзіць да рэакцыі гідролізу (ад ст.-грэч. hydro — вада + lysis — раскладанне).

Гідроліз — гэта хімічная рэакцыя ўзаемадзеяння рэчыва з вадой, пры якім адбываецца раскладанне малекул гэтага рэчыва і вады з ўтварэннем новых злучэнняў.

Гідроліз злучэнняў розных класаў — солей, вугляводаў, галагеналканаў, бялкоў, складаных эфіраў (у тым ліку тлушчаў) і іншых істотна адрозніваецца. З гідролізам галагеналканаў, бялкоў (поліпептыдаў), ды- і поліцукрыдаў (на прыкладзе цукрозы, крухмалу і цэлюлозы), а таксама складаных эфіраў вы пазнаёміліся ў курсе арганічнай хіміі. У гэтым раздзеле мы разгледзім гідроліз неарганічных рэчываў — солей.

Гідроліз солей — гэта абменнае ўзаемадзеянне паміж малекуламі вады і катыёнамі або аніёнамі солі, якое прыводзіць да ўтварэння слабых электралітаў.

Аніёны слабых кіслот, узаемадзейнічаючы з катыёнамі вадароду, могуць утвараць слаба дысацыіраваныя малекулы кіслаты. Катыёны слабых асноў, узаемадзейнічаючы з гідраксід-іонамі, могуць утвараць маладысацыіраваныя асновы.

Асяроддзе ў водных растворах солей, якія гідралізуюцца, можа быць кіслым (pH < 7,0) або шчолачным (pH > 7,0) таму, што ў растворы солі ў выніку гідролізу з’яўляецца лішак іонаў Н+ або ОН.

Адрозненне асяроддзя раствору солі ад нейтральнага — адна з прыкмет гідролізу солі. Наколькі вялікае гэтае адрозненне, а таксама кіслым або шчолачным з’яўляецца раствор солі, залежыць ад сілы асновы і кіслаты, з якіх гэтая соль утвараецца па рэакцыі нейтралізацыі.