§ 26. Паняцце аб вадародным паказчыку (рН) раствору
*Дысацыяцыя вады
Абарачальная рэакцыя дысацыяцыі вады падпарадкоўваецца прынцыпу Ле Шатэлье, а канцэнтрацыі іонаў Н+ і ОН– у водных растворах узаемазвязаныя. Напрыклад, павелічэнне канцэнтрацыі катыёнаў Н+ удвая выклікае зрушэнне раўнавагі налева і памяншэнне ў 2 разы канцэнтрацыі аніёнаў ОН–. Наадварот, павелічэнне канцэнтрацыі аніёнаў OH– прыводзіць да прапарцыйнага памяншэння канцэнтрацыі катыёнаў Н+.
Дысацыяцыя вады з’яўляецца моцна эндатэрмічнай рэакцыяй і працякае з паглынаннем цеплаты ў колькасці 57 кДж/моль. Пры 10 °С ступень дысацыяцыі вады α роўная прыкладна 1 · 10–9, а пры 100 °С — 1,4 · 10–8. Такая залежнасць α ад тэмпературы — вынік зрушэння раўнавагі эндатэрмічнай рэакцыі дысацыяцыі ўправа пры павышэнні тэмпературы.
Здабытак канцэнтрацый іонаў Н+ і OH– у вадзе і водных растворах носіць назву іонны здабытак вады і пазначаецца Kw. Пры 25 °С яго велічыня складае:
Kw = c(H+) · c(OH−) = 10−14 (моль/дм3)2.
Іонны здабытак вады Kw — гэта здабытак канцэнтрацый катыёнаў вадароду Н+ і гідраксід-аніёнаў OH− у вадзе ці ў водных растворах. Пры зададзенай тэмпературы Kw з’яўляецца пастаяннай велічынёй не толькі для чыстай вады, але таксама і для разбаўленых водных раствораў рэчываў.
Паняцце вадародны паказчык было ўведзена ў 1909 годзе дацкім хімікам С. П. Л. Серэнсенам. У сімвале рН (ад лац. pondus Hydrogenii — «колькасць вадароду») p — гэта пачатковая літара слова pondus або potenz (ням.) — «сіла». У цяперашні час літара p страціла першапачатковае значэнне скарачэння слова і цяпер у хіміі з’яўляецца сімвалам, які замяняе аперацыю –lg, а літара Н паранейшаму паказвае на канцэнтрацыю катыёна вадароду c(H+).