§ 10. Перыядычны закон у святле тэорыі будовы атама
Уласцівасці атамаў хімічных элементаў, а таксама састаў і ўласцівасці простых рэчываў і злучэнняў, утвораных імі, знаходзяцца ў перыядычнай залежнасці ад зараду атамных ядраў.
Парадкавы нумар хімічнага элемента роўны ліку пратонаў у ядры атама гэтага элемента.
Нумар А-групы адпавядае ліку электронаў на знешняй электроннай абалонцы атамаў хімічных элементаў дадзенай групы. Элементы, якія знаходзяцца ў адной групе перыядычнай сістэмы, маюць аднолькавую электронную канфігурацыю знешняга электроннага слоя.
Нумар перыяду супадае з колькасцю энергетычных узроўняў, на якіх размешчаны электроны ў атамах усіх элементаў гэтага перыяду.