§ 3.2. Кіслоты
Спосабы атрымання кіслот
Класіфікацыя кіслот па наяўнасці або адсутнасці ў іх саставе кіслароду дазваляе супастаўляць некаторыя спосабы атрымання кіслот.
Так, многія бескіслародныя кіслоты можна атрымаць рэакцыяй злучэння вадароду з неметалам з наступным растварэннем прадукту ў вадзе:
H2 + Cl2 = 2HCl;
H2 + S = H2S.
Кіслародзмяшчальныя кіслоты атрымліваюць рэакцыяй злучэння адпаведных аксідаў з вадой:
Н2O + SO3 = H2SO4;
3Н2O + Р2О5 = 2H3PO4.

Паколькі SiO2 з вадой не ўзаемадзейнічае, для атрымання крэмніевай кіслаты спачатку атрымліваюць растваральную соль металу і толькі потым кіслату рэакцыяй абмену з больш моцнай кіслатой:
SiO2 + 2NaOH(канц. р-р) Na2SiO3 + H2O;
Na2SiO3 + H2SO4 = H2SiO3↓ + Na2SO4.
Як кіслародзмяшчальныя, так і бескіслародныя кіслоты часта можна атрымаць рэакцыяй абмену. Рэакцыя абмену можа працякаць у растворы паміж соллю, у састаў якой уваходзіць патрэбны кіслотны астатак, і іншай кіслатой; прычым умовай працякання рэакцыі з’яўляецца ўтварэнне слабай кіслаты, лятучай кіслаты або нерастваральнай солі:
Na2SiO3 + 2HCl = H2SiO3↓ + 2NaCl;
Na2S + 2HCl = 2NaCl + H2S↑;
BaCl2 + H2SO4 = BaSO4↓ + 2HCl.
Рэакцыя абмену магчымая пры ўзаемадзеянні цвёрдых солей і нелятучай канцэнтраванай сернай кіслаты пры награванні:
NaCl(цв) + H2SO4(канц) HCl↑ + NaHSO4
або 2NaCl(цв) + H2SO4(канц) 2HCl↑ + Na2SO4;
NaNO3(цв) + H2SO4(канц) HNO3↑ + NaHSO4
або 2NaNO3(цв) + H2SO4(канц) 2HNO3↑ + Na2SO4;
CH3COONa(цв) + H2SO4(1 : 1) CH3COOН↑ + NaHSO4.
Варта адзначыць, што ў прамысловасці атрыманне кіслот часта з’яўляецца шматстадыйным працэсам. Напрыклад, адзін з прамысловых спосабаў атрымання сернай кіслаты ўключае тры стадыі:
FeS2 → SO2 → SO3 → H2SO4.