*§ 22-1. Развіццё рэгіёнаў
Рэгіянальная палітыка.
ПРАЕКТ ПРАГРАМЫ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ НА 2021–2025 гг.
9. РЭГІЯНАЛЬНАЕ РАЗВІЦЦЁ
Развіццё рэгіёнаў на аснове стварэння новых вытворчасцей і працоўных месцаў
Рэгіянальная палітыка будзе накіравана на павышэнне прывабнасці для жыцця, працы і бізнесу тэрыторый, размешчаных за межамі сталіцы і абласных цэнтраў, папулярызацыю сядзібнага ладу жыцця — дэурбанізацыю.
Будзе забяспечаны дыферэнцыраваны падыход да развіцця рэгіёнаў, аказаны кропкавыя меры падтрымкі і стымулявання ў залежнасці ад спецыялізацыі, кампетэнцый і патэнцыялу тэрыторый.
Моцныя цэнтры паспрыяюць паскоранаму развіццю прылеглых раёнаў з паступовым уцягваннем у агульны тэрытарыяльна-гаспадарчы комплекс.
У г. Мінску і абласных цэнтрах на вытворчых плошчах дзяржпрадпрыемстваў, якія не выкарыстоўваюцца і неэфектыўна выкарыстоўваюцца, намечана сфарміраваць тэхнапаркі з прыцягненнем прыватнага бізнесу для арганізацыі высокатэхналагічных вытворчасцей. Пазней яны будуць удзельнічаць у праграмах імпартазамяшчэння і ўвойдуць у кааперацыйныя ланцужкі з буйнымі прадпрыемствамі краіны (МАЗ, БелАЗ, Гомсельмаш і інш.).
Плануецца стварыць Мінскі прамысловы пояс з развіццём прамысловых паркаў на тэрыторыі 7 раёнаў і г. Жодзіна, сфарміраваць інтэгрыраваныя структуры ў сферы дрэваапрацоўкі ў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.
З улікам патэнцыялу і кампетэнцый у рэгіёнах будуць сфарміраваны 13 кластараў, у тым ліку два IT-кластары, па адным — у сферы біятэхналогій і зялёнай эканомікі, аграрных біятэхналогій, медыка-фармацэўтычнай прамысловасці, прыборабудавання, па вырошчванні і перапрацоўцы льну, у нафтахімічнай прамысловасці, а таксама машынабудаўнічы, хімічны, горна-хімічны, аўтамабільны, мэблевы кластары.
У гарадах і раёнах з колькасцю насельніцтва 80 тыс. чалавек і больш з’явяцца індустрыяльныя пляцоўкі і будзе створана інфраструктура па прынцыпе «апошняй мілі» для арганізацыі 2–3 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, якія не маюць аналагаў у рэспубліцы. На дзеючых прадпрыемствах плануецца асвоіць выпуск новых відаў прадукцыі, у тым ліку сучаснага металарэжучага і дапаможнага інструмента, адлівак павышанай дакладнасці з высокатрывалага і шэрага чыгуну, малатанажнай хіміі і нафтахіміі і інш. Будуць таксама створаны новыя вытворчасці, накіраваныя на павелічэнне глыбіні перадзелаў і даўжыні тэхналагічных ланцужкоў.
У кожным раёне мяркуецца стварэнне 1–2 прадпрыемстваў і вытворчасцей, у тым ліку пры ўдзеле суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу.
У малых і сярэдніх гарадах, сельскіх рэгіёнах акцэнт будзе зроблены на паглыбленні выкарыстання мясцовых рэсурсаў і наяўнасці кампетэнцый, прыцягненні інвестыцый у новыя вытворчасці.
Мяркуецца пашырыць паўнамоцтвы мясцовай улады для падтрымкі стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, у тым ліку прадаставіць ім права самастойна вызначаць меры ў частцы распараджэння маёмасцю і зямельнымі ўчасткамі.
На тэрыторыях з прэферэнцыяльнымі рэжымамі прыярытэт будзе за высокатэхналагічнымі экспартна арыентаванымі вытворчасцямі. Прадугледжваецца ўкласці ў іх інфраструктуру каля 500 млн рублёў і прыцягнуць не менш за 10 млрд рублёў інвестыцый за пяцігоддзе. На тэрыторыі індустрыяльнага парку «Вялікі Камень» з’явіцца мультымадальны чыгуначны грузавы хаб, колькасць рэзідэнтаў парку перавысіць 200 да канца 2025 г.
У гарадах — спадарожніках Мінска і прылеглых сельскіх населеных пунктах у ліку найважнейшых задач — павялічыць аб’ёмы будаўніцтва індывідуальнага жылля і сацыяльнай інфраструктуры, забяспечыць даступнасць транспартных зносін са сталіцай.
На тэрыторыях, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, неабходна працягваць ахоўныя меры, кантроль радыеактыўнага забруджання навакольнага асяроддзя, рэалізаваць праекты па сацыяльна-эканамічным развіцці раёнаў і інш. Рэалізацыя мерапрыемстваў дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы, павялічыць даходы насельніцтва, дабіцца станоўчых змен у структуры рэгіянальнай эканомікі...