*§ 8-1. Прававыя асновы міжнародных адносін
Крыніцы і функцыі міжнароднага гуманітарнага права. Міжнароднае права складаецца з мноства галін, адной з іх з’яўляецца міжнароднае гуманітарнае права (права ўзброеных канфліктаў) — сукупнасць прынцыпаў і норм, накіраваных на тое, каб абмежаваць метады і сродкі вядзення вайны, а таксама даць абарону закранутым асобам (грамадзянскае насельніцтва, хворыя і параненыя вайскоўцы, ваеннапалонныя).
За ўсё ХХ ст. толькі два гады прайшлі без войнаў, і гэтых гадоў ніхто з тых, хто цяпер жыве, не застаў — гэта 1907 і 1908 гг. Не варта, засяроджваючыся на глабальных канфліктах, забываць на бясконцыя лакальныя войны, пра якія часам спрачаюцца, што лічыць вайной, а што — не. Напрыклад, шматгадовая барацьба ў Паўночнай Ірландыі — вайна ці не зусім? І такіх падзей у сусветнай гісторыі шмат.
Чырвоныя макі растуць як напамін пра загінуўшых салдат. Кожны мак на малюнку абазначае адну з войнаў мінулага стагоддзя, у якой загінула не менш за 10 000 чалавек. Сцябло цягнецца ад года, у якім пачалася вайна, кветка трапляе ў той год, калі вайна скончылася. Памер кветкі адпавядае колькасці загінуўшых.
Права Жэневы | Права Гаагі |
---|---|
Мэта: даць абарону і дапамогу ахвярам узброеных канфліктаў | Мэта: абмежаваць сродкі і метады вядзення баявых дзеянняў |
Базавымі дакументамі Жэнеўскага права з’яўляюцца:
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай указаных міжнародных дагавораў |
З гісторыі абмежаванняў узбраенняў: салдаты не павінны прымяняць забароненыя віды зброі, такія як атрута і агонь (Законы Ману, Старажытная Індыя). Сучасныя забароны і абмежаванні: забаронены хімічная і біялагічная зброя (Канвенцыя аб хімічнай зброі 1993 г., Канвенцыя аб біялагічнай зброі 1982 г.), забаронена касетная зброя (Дублінская канвенцыя 2008 г.), абмежаваны запальная зброя, асляпляльная лазерная зброя (III і IV пратаколы да Канвенцыі аб звычайных зброях 1980 г.) і інш. |
Рэалізацыя міжнародных абавязацельстваў, якія выцякаюць з Жэнеўскіх канвенцый 1949 г. і Дадатковых пратаколаў да іх 1977 г., а таксама іншых міжнародных дагавораў у галіне абароны ахвяр узброеных канфліктаў патрабуе каардынацыі дзейнасці многіх зацікаўленых органаў дзяржавы ў гэтай сферы. Многія краіны з мэтай садзейнічання гэтаму працэсу сталі ствараць нацыянальныя міжведамасныя камісіі ці іншыя органы па МГП. У 1997 г. была створана Камісія па імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Карысныя матэрыялы аб прымяненні і дзеянні МГП (https://international.redcross.by/polesno).
Навошта былі створаны міжнародныя эмблемы гуманнасці? (з буклета МКЧК)
У 1859 г. Анры Дзюан, швейцарскі прадпрымальнік, падарожнічаў па Італіі і стаў сведкам жахлівых наступстваў бітвы пры Сальферына. Пасля вяртання ў Жэневу ён апісаў убачанае, выклаўшы свае погляды ў кнізе «Успамін пра бітву пры Сальферына», у якой сфармуляваў дзве прапановы аб паляпшэнні якасці прадастаўлення дапамогі ахвярам вайны:
- • яшчэ ў мірны час стварыць у кожнай краіне групы добраахвотнікаў, гатовых аказваць дапамогу параненым салдатам;
- • садзейнічаць таму, каб дзяржавы падтрымалі ідэю прадастаўлення абароны асобам, якія аказваюць дапамогу, і параненым на полі бою.
Першая прапанова прывяла да стварэння нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. У цяперашні час іх налічваецца 185, і ўсе яны ўваходзяць у склад Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (Рух).
Другая прапанова стала асновай для распрацоўкі Жэнеўскіх канвенцый, да якіх далучыліся на сённяшні дзень усе краіны.
Важнай задачай таксама з’явілася прыняцце адзінага адметнага знака, які азначаў бы прававую абарону медыцынскіх службаў узброеных сіл, добраахвотнікаў, якія аказваюць дапамогу параненым, і ахвярам узброеных канфліктаў.
Гэты знак, ці эмблема, як яго ўрэшце сталі называць, павінен быў быць просты, добра адрозны на адлегласці, вядомы ўсім і аднолькавы для сябра і ворага. Дыпламатычная канферэнцыя, якая адбылася ў Жэневе ў жніўні 1864 г., прыняла ў якасці такой эмблемы чырвоны крыж на белым фоне (адваротнае размяшчэнне колераў швейцарскага сцяга). Аднак у час руска-турэцкай вайны 1876–1878 гг. Асманская імперыя заявіла пра свой намер выкарыстоўваць у якасці ахоўнай эмблемы чырвоны паўмесяц замест чырвонага крыжа, паведаміўшы пры гэтым, што будзе паважаць чырвоны крыж, які выкарыстоўвае непрыяцель.
Некаторыя нацыянальныя таварыствы не жадалі выкарыстоўваць эмблему чырвонага крыжа ці чырвонага паўмесяца, бо надавалі ёй пэўнае культурнае, рэлігійнае ці палітычнае значэнне. Такое становішча спраў аслабляла абарону, якую эмблемы даюць ахвярам узброеных канфліктаў, медыцынскім службам узброеных сіл і супрацоўнікам гуманітарных арганізацый. Для таго каб вырашыць гэтыя праблемы, была прапанавана ідэя прыняць трэцюю эмблему, якая стала б прымальнай для ўсіх нацыянальных таварыстваў. Гэта ідэя, актыўна падтрыманая Рухам, увасобілася ў жыццё ў снежні 2005 г., калі дыпламатычная канферэнцыя прызнала чырвоны крышталь нароўні з чырвоным крыжам і чырвоным паўмесяцам.