*§ 8-1. Прававыя асновы міжнародных адносін

Асноўныя прынцыпы міжнароднага права. Тэрмін «міжнароднае права» з’явіўся ў канцы XVIII ст. Існаванне мноства нацыяльных дзяржаў абумоўлівае заканамернае ўзнікненне міжнароднага права як інструмента рэгулявання грамадскіх адносін.

Такім чынам, адзінае права падзяляецца на нацыянальнае і міжнароднае (без прыярытэтаў, яе дзве раўназначныя часткі); трэцяй часткі прававой сістэмы не існуе. Нацыянальнымі з’яўляюцца нормы права, прынятыя ў дадзенай канкрэтнай дзяржаве аўтаномна, без удзелу іншых дзяржаў, і прызначаныя для рэгулявання грамадскіх адносін у межах гэтай дзяржавы. Усе іншыя нормы адносяцца да міжнароднай часткі прававой сістэмы. Спосаб фарміравання нормы (міжнародны дагавор, звычай, прэцэдэнт, акт міжнароднай арганізацыі або акт са сферы lex mercatoria) не ўплывае на прызнанне яе нормай міжнароднага права.

Прававой асновай міжнародных адносін на сучасным этапе з’яўляецца цэлы шэраг крыніц, асноўныя з якіх — міжнародныя дагаворы, міжнародныя звычаі. У іерархіі міжнародна-прававых рэгулятараў прыярытэтнае месца займаюць агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права.

Большасць з гэтых прынцыпаў адлюстравана ў Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У 1970 г. была прынята Дэкларацыя ААН аб прынцыпах міжнароднага права. Прынцыпы носяць імператыўны характар, і ніводная дзяржава не можа адмовіцца ад іх выканання ў аднабаковым парадку.

Дэкларацыя аб прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Прынята рэзалюцыяй 2625 (XXV) Генеральнай Асамблеі ААН ад 24 кастрычніка 1970 г.

…лічачы, што прагрэсіўнае развіццё і кадыфікацыя наступных прынцыпаў:

a) прынцыпу, згодна з якім дзяржава ўстрымліваецца ў сваіх міжнародных адносінах ад пагрозы сілай ці яе прымянення як супраць тэрытарыяльнай цэласнасці ці палітычнай незалежнасці любой дзяржавы, так і якім-небудзь іншым чынам, несумяшчальным з мэтамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый,

b) прынцыпу, згодна з якім дзяржава вырашае свае міжнародныя спрэчкі мірнымі сродкамі такім чынам, каб не падвяргаць пагрозе міжнародны мір, і бяспеку, і справядлівасць,

c) абавязку ў адпаведнасці са Статутам не ўмешвацца ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю любой дзяржавы,

d) абавязку дзяржаў супрацоўнічаць адна з адной у адпаведнасці са Статутам,

e) прынцыпу раўнапраўя і самавызначэння народаў,

f) прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў,

g) прынцыпу, згодна з якім дзяржава добрасумленна выконвае абавязацельствы, прынятыя ёй згодна са Статутам, —

будуць садзейнічаць здзяйсненню мэт Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, з тым, каб забяспечыць іх больш эфектыўнае прымяненне ў межах міжнароднай супольнасці…

icon-discussions

У якім артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны прыярытэт агульнапрызнаных міжнародных прынцыпаў?

Як вы лічыце, як суадносяцца з улікам роўнага статусу прынцыпы тэрытарыяльнай цэласнасці і прынцып права нацый на самавызначэнне? Што такое ўнутранае самавызначэнне?

Супрацоўніцтва — гэта абавязак ці права дзяржаў у сучасным свеце?