Печатать книгуПечатать книгу

*§ 8-1. Прававыя асновы міжнародных адносін

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: *§ 8-1. Прававыя асновы міжнародных адносін
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 27 Декабрь 2024, 06:23

Асноўныя прынцыпы міжнароднага права. Тэрмін «міжнароднае права» з’явіўся ў канцы XVIII ст. Існаванне мноства нацыяльных дзяржаў абумоўлівае заканамернае ўзнікненне міжнароднага права як інструмента рэгулявання грамадскіх адносін.

Такім чынам, адзінае права падзяляецца на нацыянальнае і міжнароднае (без прыярытэтаў, яе дзве раўназначныя часткі); трэцяй часткі прававой сістэмы не існуе. Нацыянальнымі з’яўляюцца нормы права, прынятыя ў дадзенай канкрэтнай дзяржаве аўтаномна, без удзелу іншых дзяржаў, і прызначаныя для рэгулявання грамадскіх адносін у межах гэтай дзяржавы. Усе іншыя нормы адносяцца да міжнароднай часткі прававой сістэмы. Спосаб фарміравання нормы (міжнародны дагавор, звычай, прэцэдэнт, акт міжнароднай арганізацыі або акт са сферы lex mercatoria) не ўплывае на прызнанне яе нормай міжнароднага права.

Прававой асновай міжнародных адносін на сучасным этапе з’яўляецца цэлы шэраг крыніц, асноўныя з якіх — міжнародныя дагаворы, міжнародныя звычаі. У іерархіі міжнародна-прававых рэгулятараў прыярытэтнае месца займаюць агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права.

Большасць з гэтых прынцыпаў адлюстравана ў Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У 1970 г. была прынята Дэкларацыя ААН аб прынцыпах міжнароднага права. Прынцыпы носяць імператыўны характар, і ніводная дзяржава не можа адмовіцца ад іх выканання ў аднабаковым парадку.

Дэкларацыя аб прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Прынята рэзалюцыяй 2625 (XXV) Генеральнай Асамблеі ААН ад 24 кастрычніка 1970 г.

…лічачы, што прагрэсіўнае развіццё і кадыфікацыя наступных прынцыпаў:

a) прынцыпу, згодна з якім дзяржава ўстрымліваецца ў сваіх міжнародных адносінах ад пагрозы сілай ці яе прымянення як супраць тэрытарыяльнай цэласнасці ці палітычнай незалежнасці любой дзяржавы, так і якім-небудзь іншым чынам, несумяшчальным з мэтамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый,

b) прынцыпу, згодна з якім дзяржава вырашае свае міжнародныя спрэчкі мірнымі сродкамі такім чынам, каб не падвяргаць пагрозе міжнародны мір, і бяспеку, і справядлівасць,

c) абавязку ў адпаведнасці са Статутам не ўмешвацца ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю любой дзяржавы,

d) абавязку дзяржаў супрацоўнічаць адна з адной у адпаведнасці са Статутам,

e) прынцыпу раўнапраўя і самавызначэння народаў,

f) прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў,

g) прынцыпу, згодна з якім дзяржава добрасумленна выконвае абавязацельствы, прынятыя ёй згодна са Статутам, —

будуць садзейнічаць здзяйсненню мэт Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, з тым, каб забяспечыць іх больш эфектыўнае прымяненне ў межах міжнароднай супольнасці…

icon-discussions

У якім артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны прыярытэт агульнапрызнаных міжнародных прынцыпаў?

Як вы лічыце, як суадносяцца з улікам роўнага статусу прынцыпы тэрытарыяльнай цэласнасці і прынцып права нацый на самавызначэнне? Што такое ўнутранае самавызначэнне?

Супрацоўніцтва — гэта абавязак ці права дзяржаў у сучасным свеце? 

Крыніцы і функцыі міжнароднага гуманітарнага права. Міжнароднае права складаецца з мноства галін, адной з іх з’яўляецца міжнароднае гуманітарнае права (права ўзброеных канфліктаў) — сукупнасць прынцыпаў і норм, накіраваных на тое, каб абмежаваць метады і сродкі вядзення вайны, а таксама даць абарону закранутым асобам (грамадзянскае насельніцтва, хворыя і параненыя вайскоўцы, ваеннапалонныя).

За ўсё ХХ ст. толькі два гады прайшлі без войнаў, і гэтых гадоў ніхто з тых, хто цяпер жыве, не застаў — гэта 1907 і 1908 гг. Не варта, засяроджваючыся на глабальных канфліктах, забываць на бясконцыя лакальныя войны, пра якія часам спрачаюцца, што лічыць вайной, а што — не. Напрыклад, шматгадовая барацьба ў Паўночнай Ірландыі — вайна ці не зусім? І такіх падзей у сусветнай гісторыі шмат.

Чырвоныя макі растуць як напамін пра загінуўшых салдат. Кожны мак на малюнку абазначае адну з войнаў мінулага стагоддзя, у якой загінула не менш за 10 000 чалавек. Сцябло цягнецца ад года, у якім пачалася вайна, кветка трапляе ў той год, калі вайна скончылася. Памер кветкі адпавядае колькасці загінуўшых.

icon-search
Знайдзіце актуальную статыстыку пра пацярпелых і загінуўшых у канфліктах у цяперашні час. 
Права ЖэневыПрава Гаагі
Мэта: даць абарону і дапамогу ахвярам узброеных канфліктаў Мэта: абмежаваць сродкі і метады вядзення баявых дзеянняў

Базавымі дакументамі Жэнеўскага права з’яўляюцца:

  • • Жэнеўская канвенцыя (I) аб паляпшэнні долі параненых і хворых у дзеючых арміях;
  • • Жэнеўская канвенцыя (II) аб паляпшэнні долі параненых, хворых і асоб, якія пацярпелі караблекрушэнне, са складу ўзброеных сіл на моры;
  • • Жэнеўская канвенцыя (III) аб абыходжанні з ваеннапалоннымі;
  • • Жэнеўская канвенцыя (IV) аб абароне грамадзянскага насельніцтва ў час вайны;
  • • Дадатковы пратакол (I) аб абароне ахвяр міжнародных узброеных канфліктаў;
  • • Дадатковы пратакол (II) аб абароне ахвяр неміжнародных узброеных канфліктаў;
  • • Дадатковы пратакол (III) аб прыняцці дадатковай адметнай эмблемы («Чырвоны Крышталь»).

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай указаных міжнародных дагавораў

З гісторыі абмежаванняў узбраенняў: салдаты не павінны прымяняць забароненыя віды зброі, такія як атрута і агонь (Законы Ману, Старажытная Індыя).

Сучасныя забароны і абмежаванні: забаронены хімічная і біялагічная зброя (Канвенцыя аб хімічнай зброі 1993 г., Канвенцыя аб біялагічнай зброі 1982 г.), забаронена касетная зброя (Дублінская канвенцыя 2008 г.), абмежаваны запальная зброя, асляпляльная лазерная зброя (III і IV пратаколы да Канвенцыі аб звычайных зброях 1980 г.) і інш.

Рэалізацыя міжнародных абавязацельстваў, якія выцякаюць з Жэнеўскіх канвенцый 1949 г. і Дадатковых пратаколаў да іх 1977 г., а таксама іншых міжнародных дагавораў у галіне абароны ахвяр узброеных канфліктаў патрабуе каардынацыі дзейнасці многіх зацікаўленых органаў дзяржавы ў гэтай сферы. Многія краіны з мэтай садзейнічання гэтаму працэсу сталі ствараць нацыянальныя міжведамасныя камісіі ці іншыя органы па МГП. У 1997 г. была створана Камісія па імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Карысныя матэрыялы аб прымяненні і дзеянні МГП (https://international.redcross.by/polesno).

Навошта былі створаны міжнародныя эмблемы гуманнасці? (з буклета МКЧК)

У 1859 г. Анры Дзюан, швейцарскі прадпрымальнік, падарожнічаў па Італіі і стаў сведкам жахлівых наступстваў бітвы пры Сальферына. Пасля вяртання ў Жэневу ён апісаў убачанае, выклаўшы свае погляды ў кнізе «Успамін пра бітву пры Сальферына», у якой сфармуляваў дзве прапановы аб паляпшэнні якасці прадастаўлення дапамогі ахвярам вайны:

  • • яшчэ ў мірны час стварыць у кожнай краіне групы добраахвотнікаў, гатовых аказваць дапамогу параненым салдатам;
  • • садзейнічаць таму, каб дзяржавы падтрымалі ідэю прадастаўлення абароны асобам, якія аказваюць дапамогу, і параненым на полі бою.

Першая прапанова прывяла да стварэння нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. У цяперашні час іх налічваецца 185, і ўсе яны ўваходзяць у склад Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (Рух).

Другая прапанова стала асновай для распрацоўкі Жэнеўскіх канвенцый, да якіх далучыліся на сённяшні дзень усе краіны.

Важнай задачай таксама з’явілася прыняцце адзінага адметнага знака, які азначаў бы прававую абарону медыцынскіх службаў узброеных сіл, добраахвотнікаў, якія аказваюць дапамогу параненым, і ахвярам узброеных канфліктаў.

Гэты знак, ці эмблема, як яго ўрэшце сталі называць, павінен быў быць просты, добра адрозны на адлегласці, вядомы ўсім і аднолькавы для сябра і ворага. Дыпламатычная канферэнцыя, якая адбылася ў Жэневе ў жніўні 1864 г., прыняла ў якасці такой эмблемы чырвоны крыж на белым фоне (адваротнае размяшчэнне колераў швейцарскага сцяга). Аднак у час руска-турэцкай вайны 1876–1878 гг. Асманская імперыя заявіла пра свой намер выкарыстоўваць у якасці ахоўнай эмблемы чырвоны паўмесяц замест чырвонага крыжа, паведаміўшы пры гэтым, што будзе паважаць чырвоны крыж, які выкарыстоўвае непрыяцель.

Некаторыя нацыянальныя таварыствы не жадалі выкарыстоўваць эмблему чырвонага крыжа ці чырвонага паўмесяца, бо надавалі ёй пэўнае культурнае, рэлігійнае ці палітычнае значэнне. Такое становішча спраў аслабляла абарону, якую эмблемы даюць ахвярам узброеных канфліктаў, медыцынскім службам узброеных сіл і супрацоўнікам гуманітарных арганізацый. Для таго каб вырашыць гэтыя праблемы, была прапанавана ідэя прыняць трэцюю эмблему, якая стала б прымальнай для ўсіх нацыянальных таварыстваў. Гэта ідэя, актыўна падтрыманая Рухам, увасобілася ў жыццё ў снежні 2005 г., калі дыпламатычная канферэнцыя прызнала чырвоны крышталь нароўні з чырвоным крыжам і чырвоным паўмесяцам.

icon-discussions
Як вы лічыце, якія праблемы сусветнай супольнасці адлюстроўвае гісторыя эмблем Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца? Як вы ацэньваеце прыняцце трох эмблем замест адной універсальнай — як дасягненне ці як перашкоду? Выкажыце здагадку, чаму трэцяй, дадатковай эмблемай стаў Чырвоны Крышталь. 

Міжнародна-прававая адказнасць. Згодна з агульным прынцыпам міжнароднага публічнага права, любое супрацьпраўнае дзеянне, г. зн. парушэнне абавязацельстваў па міжнародным праве, цягне за сабой абавязак пакрыцця шкоды. Мэта пакрыцця заключаецца ў максімальна магчымай ліквідацыі наступстваў супрацьпраўнага дзеяння і аднаўлення таго стану, які існаваў бы, калі б супрацьпраўнае дзеянне не было б здзейснена. Пакрыццё шкоды можа прымаць розныя формы, такія як рэстытуцыя, кампенсацыя ці сатысфакцыя. Усе тры формы пакрыцця шкоды могуць ужывацца ў межах адказнасці дзяржаў і міжнародных арганізацый.

Рэстытуцыя ўяўляе сабой матэрыяльнае пакрыццё правапарушальнікам шкоды, нанесенай у выніку неправамернага міжнароднага акта, шляхам аднаўлення стану, які існаваў да яго здзяйснення (вяртанне неправамерна захопленай маёмасці, транспартных сродкаў і да т. п. ці замена неправамерна знішчанай ці пашкоджанай маёмасці, аналагічнай па кошце і прызначэнні). Нанесеная шкода не заўсёды можа быць пакрыта ў форме рэстытуцыі. У гэтым выпадку выкарыстоўваецца іншая форма пакрыцця шкоды — кампенсацыя.

Кампенсацыя — гэта фінансавае пакрыццё шкоды, нанесенай міжнародна-прававым дзеяннем. Кампенсацыя, як правіла, выплачваецца ў грашовай форме. Памер кампенсацыі можа быць вызначаны ў міжнародных судовых органах, у арбітражы ці на двухбаковых перагаворах.

Сатысфакцыя прадугледжвае задавальненне правапарушальнікам нематэрыяльных патрабаванняў, загладжванне нематэрыяльнай (маральнай) шкоды. Тэрмін мае лацінскія карані і ўтвораны ад двух слоў: satis — хопіць і facio — рабіць. Вельмі часта нанесеная шкода пакрываецца нематэрыяльна — выбачэннем. Маральная сатысфакцыя — гэта, па сутнасці, прызнанне віны і залежыць ад канкрэтнай сітуацыі.

Віды сатысфакцыі на сёння — гэта:

  • • шкадаванне аб тым, што здарылася;
  • • запэўніванне ў тым, што падобныя падзеі больш не паўторацца;
  • • прымяненне форм маральнага задавальнення для пацярпелага боку (ільготы, зняцце санкцый).