§ 8. Прававыя асновы міжнародных адносін

Асноўныя прынцыпы міжнароднага права. Сучасны свет характарызуецца разнастайнасцю міжнародных адносін: палітычных, эканамічных, навукова-тэхнічных, культурных, рэлігійных і інш. Гэтыя адносіны рэгулююцца міжнародным правам. Міжнароднае права — сістэма міжнародна-прававых норм і прынцыпаў, якія рэгулююць адносіны паміж удзельнікамі міжнародных адносін. У залежнасці ад сферы супрацоўніцтва суб’ектаў міжнародных адносін вылучаюць розныя галіны міжнароднага права, напрыклад міжнароднае эканамічнае права, міжнароднае экалагічнае права, міжнароднае мытнае права, міжнароднае касмічнае права, міжнароднае марское права, міжнароднае гуманітарнае права і інш.

Прынцыпы міжнароднага права валодаюць палітычнай, маральнай і юрыдычнай сілай.

icon-remember
Прывядзіце гістарычныя прыклады парушэння асноўных прынцыпаў міжнароднага права ў другой палове ХХ ст. Чым, на ваш погляд, былі абумоўлены гэтыя парушэнні? Якія былі іх наступствы? 

Асноўныя прынцыпы міжнароднага права маюць імператыўны характар, г. зн. яны бясспрэчныя для ўсяго міжнароднага супольніцтва.

Прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў азначае, што ўсе дзяржавы ў міжнародных адносінах маюць роўныя правы і абавязкі і з’яўляюцца раўнапраўнымі членамі сусветнага супольніцтва. Кожная дзяржава павінна паважаць суверэнітэт іншых дзяржаў. Яны маюць права самастойна вырашаць пытанні аб удзеле ў міжнародных канферэнцыях, арганізацыях і міжнародных дагаворах. Тэрытарыяльная цэласнасць і палітычная незалежнасць дзяржаў недатыкальныя, а дзяржаўныя межы могуць змяняцца толькі на падставе дамоўленасці і ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права.

Згодна з прынцыпам мірнага вырашэння міжнародных спрэчак, непрымянення сілы ці пагрозы сілай дзяржавы абавязаны вырашаць супярэчнасці, якія ўзнікаюць, мірнымі сродкамі, у тым ліку праз перагаворы, пасрэдніцтва, прымірэнне, судовы разбор, і не могуць прымяняць сілу ці пагрозу сілай як фактар уплыву для вырашэння любых пытанняў. З 1945 г. любыя войны, умяшанне — у тым ліку ў імя гуманітарных мэт — былі заменены на механізм калектыўнай бяспекі, створаны і замацаваны Статутам ААН. Акрамя выпадку законнай самаабароны, у цяперашні час тая ці іншая дзяржава не можа ў аднабаковым парадку вырашаць пытанне аб здзяйсненні ваеннага ўварвання незалежна ад яго абгрунтаванняў.

У адпаведнасці з прынцыпам неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў дзяржавы не маюць права прама ці ўскосна ўмешвацца ва ўнутраныя ці знешнія справы іншай дзяржавы; не павінны праводзіць ці заахвочваць дзейнасць, накіраваную на змяненне ладу іншай дзяржавы, а таксама не павінны ўмешвацца ва ўнутраныя супярэчнасці ў іншай дзяржаве.

Прынцып раўнапраўя і самавызначэння народаў азначае права кожнага народа самастойна вырашаць пытанне аб форме свайго дзяржаўнага існавання, свабодна вызначаць свой палітычны статус і здзяйсняць сваё сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё. Яны могуць здзяйсняць гэта шляхам стварэння суверэннай і незалежнай дзяржавы, далучэння да іншай дзяржавы, праз усталяванне іншага палітычнага статусу, праз унутранае самавызначэнне (магчымасць быць прадстаўленым у цэнтральных органах улады, рэалізоўваць сваю ідэнтычнасць на недыскрымінацыйнай аснове).

Згодна з прынцыпам тэрытарыяльнай цэласнасці і непарушнасці межаў дзяржаў тэрыторыя дзяржавы з’яўляецца недатыкальнай для замахаў з боку іншых дзяржаў. Недапушчальныя ваенная акупацыя і гвалтоўныя дзеянні, накіраваныя на набыццё тэрыторыі іншай дзяржавы.

Гэтыя прынцыпы азначаюць адмаўленне наогул ад якіх-небудзь тэрытарыяльных дамаганняў: вызначаныя на мясцовасці і на карце межы павінны захоўвацца, іншыя дзяржавы абавязаны іх паважаць і вытрымліваць, у кожнай дзяржавы ёсць права абараняць свае межы, кантраляваць іх перасячэнне людзьмі, транспартнымі сродкамі.

icon-discussions
Як, на ваш погляд, суадносяцца прынцып права народаў на самавызначэнне і прынцып тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы? 

Прынцыпы міжнароднага права атрымалі юрыдычнае замацаванне ў шэрагу юрыдычных дакументаў: Статуце ААН, Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права (1970 г.), актах Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Прызнанне і выкананне гэтых прынцыпаў вельмі важныя для ўмацавання законнасці ў міжнародных адносінах.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 8. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

Рэспубліка Беларусь згодна з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх.

Не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі.

Міжнароднае права ствараецца не адзіным заканадаўчым органам, гэта заўсёды вынік узгаднення волі, перш за ўсё дзяржаў як першасных суб’ектаў міжнароднага права. Крыніцамі міжнароднага права з’яўляюцца міжнародныя дагаворы і міжнародныя звычаі. Абавязковымі з’яўляюцца тыя дагаворы, па якіх дзяржава прыняла на сябе абавязацельствы (напрыклад, ратыфікавала).

icon-remember
Успомніце, які дзяржаўны орган у Рэспубліцы Беларусь здзяйсняе ратыфікацыі міжнародных пагадненняў. 

Міжнародныя дагаворы могуць называцца па-рознаму: пагадненні, пакты, хартыі, статуты, канвенцыі, пратаколы, мемарандумы — і нават быць у форме абмену дыпламатычнымі нотамі. На юрыдычную сілу такога дагавора гэта не аказвае ўплыву.

Сёння міжнароднае права ўдасканальваецца, здзяйсняецца пошук новых, больш дзейсных механізмаў дасягнення ўзгодненых рашэнняў, забеспячэння рэалізацыі прынятых норм, а таксама працэдур, якія задаволяць усіх пры вырашэнні міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі.

Усё большую ролю набываюць міжнародныя міжурадавыя арганізацыі. Нягледзячы на тое што іх акты (напрыклад, дэкларацыі, рэзалюцыі) носяць, як правіла, рэкамендацыйны характар, яны значна ўплываюць на тлумачэнне і прымяненне міжнароднага права, яго развіццё.

ААН — універсальная па колькасці дзяржаў-удзельніц і ахопе вырашаемых пытанняў арганізацыя. Беларусь як краіна, якая ўнесла неацэнны ўклад у заканчэнне Другой сусветнай вайны, стала адной з 51 дзяржаў — заснавальніц дадзенай арганізацыі ў 1945 г.