Печатать книгуПечатать книгу

§ 8. Прававыя асновы міжнародных адносін

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: § 8. Прававыя асновы міжнародных адносін
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 21:17

Асноўныя прынцыпы міжнароднага права. Сучасны свет характарызуецца разнастайнасцю міжнародных адносін: палітычных, эканамічных, навукова-тэхнічных, культурных, рэлігійных і інш. Гэтыя адносіны рэгулююцца міжнародным правам. Міжнароднае права — сістэма міжнародна-прававых норм і прынцыпаў, якія рэгулююць адносіны паміж удзельнікамі міжнародных адносін. У залежнасці ад сферы супрацоўніцтва суб’ектаў міжнародных адносін вылучаюць розныя галіны міжнароднага права, напрыклад міжнароднае эканамічнае права, міжнароднае экалагічнае права, міжнароднае мытнае права, міжнароднае касмічнае права, міжнароднае марское права, міжнароднае гуманітарнае права і інш.

Прынцыпы міжнароднага права валодаюць палітычнай, маральнай і юрыдычнай сілай.

icon-remember
Прывядзіце гістарычныя прыклады парушэння асноўных прынцыпаў міжнароднага права ў другой палове ХХ ст. Чым, на ваш погляд, былі абумоўлены гэтыя парушэнні? Якія былі іх наступствы? 

Асноўныя прынцыпы міжнароднага права маюць імператыўны характар, г. зн. яны бясспрэчныя для ўсяго міжнароднага супольніцтва.

Прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў азначае, што ўсе дзяржавы ў міжнародных адносінах маюць роўныя правы і абавязкі і з’яўляюцца раўнапраўнымі членамі сусветнага супольніцтва. Кожная дзяржава павінна паважаць суверэнітэт іншых дзяржаў. Яны маюць права самастойна вырашаць пытанні аб удзеле ў міжнародных канферэнцыях, арганізацыях і міжнародных дагаворах. Тэрытарыяльная цэласнасць і палітычная незалежнасць дзяржаў недатыкальныя, а дзяржаўныя межы могуць змяняцца толькі на падставе дамоўленасці і ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права.

Згодна з прынцыпам мірнага вырашэння міжнародных спрэчак, непрымянення сілы ці пагрозы сілай дзяржавы абавязаны вырашаць супярэчнасці, якія ўзнікаюць, мірнымі сродкамі, у тым ліку праз перагаворы, пасрэдніцтва, прымірэнне, судовы разбор, і не могуць прымяняць сілу ці пагрозу сілай як фактар уплыву для вырашэння любых пытанняў. З 1945 г. любыя войны, умяшанне — у тым ліку ў імя гуманітарных мэт — былі заменены на механізм калектыўнай бяспекі, створаны і замацаваны Статутам ААН. Акрамя выпадку законнай самаабароны, у цяперашні час тая ці іншая дзяржава не можа ў аднабаковым парадку вырашаць пытанне аб здзяйсненні ваеннага ўварвання незалежна ад яго абгрунтаванняў.

У адпаведнасці з прынцыпам неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў дзяржавы не маюць права прама ці ўскосна ўмешвацца ва ўнутраныя ці знешнія справы іншай дзяржавы; не павінны праводзіць ці заахвочваць дзейнасць, накіраваную на змяненне ладу іншай дзяржавы, а таксама не павінны ўмешвацца ва ўнутраныя супярэчнасці ў іншай дзяржаве.

Прынцып раўнапраўя і самавызначэння народаў азначае права кожнага народа самастойна вырашаць пытанне аб форме свайго дзяржаўнага існавання, свабодна вызначаць свой палітычны статус і здзяйсняць сваё сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё. Яны могуць здзяйсняць гэта шляхам стварэння суверэннай і незалежнай дзяржавы, далучэння да іншай дзяржавы, праз усталяванне іншага палітычнага статусу, праз унутранае самавызначэнне (магчымасць быць прадстаўленым у цэнтральных органах улады, рэалізоўваць сваю ідэнтычнасць на недыскрымінацыйнай аснове).

Згодна з прынцыпам тэрытарыяльнай цэласнасці і непарушнасці межаў дзяржаў тэрыторыя дзяржавы з’яўляецца недатыкальнай для замахаў з боку іншых дзяржаў. Недапушчальныя ваенная акупацыя і гвалтоўныя дзеянні, накіраваныя на набыццё тэрыторыі іншай дзяржавы.

Гэтыя прынцыпы азначаюць адмаўленне наогул ад якіх-небудзь тэрытарыяльных дамаганняў: вызначаныя на мясцовасці і на карце межы павінны захоўвацца, іншыя дзяржавы абавязаны іх паважаць і вытрымліваць, у кожнай дзяржавы ёсць права абараняць свае межы, кантраляваць іх перасячэнне людзьмі, транспартнымі сродкамі.

icon-discussions
Як, на ваш погляд, суадносяцца прынцып права народаў на самавызначэнне і прынцып тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы? 

Прынцыпы міжнароднага права атрымалі юрыдычнае замацаванне ў шэрагу юрыдычных дакументаў: Статуце ААН, Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права (1970 г.), актах Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Прызнанне і выкананне гэтых прынцыпаў вельмі важныя для ўмацавання законнасці ў міжнародных адносінах.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 8. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

Рэспубліка Беларусь згодна з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх.

Не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі.

Міжнароднае права ствараецца не адзіным заканадаўчым органам, гэта заўсёды вынік узгаднення волі, перш за ўсё дзяржаў як першасных суб’ектаў міжнароднага права. Крыніцамі міжнароднага права з’яўляюцца міжнародныя дагаворы і міжнародныя звычаі. Абавязковымі з’яўляюцца тыя дагаворы, па якіх дзяржава прыняла на сябе абавязацельствы (напрыклад, ратыфікавала).

icon-remember
Успомніце, які дзяржаўны орган у Рэспубліцы Беларусь здзяйсняе ратыфікацыі міжнародных пагадненняў. 

Міжнародныя дагаворы могуць называцца па-рознаму: пагадненні, пакты, хартыі, статуты, канвенцыі, пратаколы, мемарандумы — і нават быць у форме абмену дыпламатычнымі нотамі. На юрыдычную сілу такога дагавора гэта не аказвае ўплыву.

Сёння міжнароднае права ўдасканальваецца, здзяйсняецца пошук новых, больш дзейсных механізмаў дасягнення ўзгодненых рашэнняў, забеспячэння рэалізацыі прынятых норм, а таксама працэдур, якія задаволяць усіх пры вырашэнні міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі.

Усё большую ролю набываюць міжнародныя міжурадавыя арганізацыі. Нягледзячы на тое што іх акты (напрыклад, дэкларацыі, рэзалюцыі) носяць, як правіла, рэкамендацыйны характар, яны значна ўплываюць на тлумачэнне і прымяненне міжнароднага права, яго развіццё.

ААН — універсальная па колькасці дзяржаў-удзельніц і ахопе вырашаемых пытанняў арганізацыя. Беларусь як краіна, якая ўнесла неацэнны ўклад у заканчэнне Другой сусветнай вайны, стала адной з 51 дзяржаў — заснавальніц дадзенай арганізацыі ў 1945 г.

Крыніцы і функцыі міжнароднага гуманітарнага права. Адной з галін міжнароднага права з’яўляецца міжнароднае гуманітарнае права — сукупнасць прынцыпаў і прававых норм, што прымяняюцца ва ўзброеных канфліктах.

Мэта міжнароднага гуманітарнага права — прадухіліць ці абмежаваць людскія пакуты падчас узброеных канфліктаў. Міжнароднае гуманітарнае права дзейнічае ў перыяд узброеных канфліктаў незалежна ад мэт бакоў канфлікту, мяркуемай «справядлівасці» ці «несправядлівасці» вядзення вайны, характару або прычыны ўзнікнення канфлікту.

icon-search
Знайдзіце інфармацыю пра актуальныя ўзброеныя канфлікты ў розных пунктах свету на анлайн-рэсурсе Global Conflict Tracker. У якім рэгіёне канфліктаў больш? Чаму? Якія намаганні прыкладаюцца для іх спынення? 

Міжнароднае гуманітарнае права павінна выконвацца не толькі ўрадамі і іх узброенымі сіламі, але і любымі іншымі асобамі, якія ўдзельнічаюць у канфлікце.

Функцыі міжнароднага гуманітарнага права рэалізуюцца шляхам выканання яго прынцыпаў.

Прынцып гуманізму. Бакі ўзброенага канфлікту пры любых абставінах павінны прымаць усе магчымыя намаганні, каб скараціць выкліканыя вайной пакуты.

Прынцып правядзення адрознення. Бакі ўзброенага канфлікту ў любы час павінны праводзіць адрозненне паміж грамадзянскімі асобамі і асобамі, якія ўваходзяць у склад ваенных фарміраванняў. Напады могуць быць накіраваны толькі супраць асоб, якія ўваходзяць у склад ваенных фарміраванняў, і не могуць быць накіраваны супраць грамадзянскіх асоб і аб’ектаў, калі яны не выкарыстоўваюцца праціўнікам для падтрымання ваенных намаганняў. Асобнай асабліва абароненай катэгорыяй з’яўляюцца дзеці (асобы, якія не дасягнулі 14 гадоў), іх удзел у баявых дзеяннях забаронены, але яны карыстаюцца асаблівай абаронай нават у выпадку, калі ўсё ж бяруць у іх удзел.

Прынцып суразмернасці. Недапушчальна прычыненне залішніх пакут і празмерных пашкоджанняў, не апраўданых ваеннай неабходнасцю. Забаронена прымяненне ядаў і хімічнай зброі, біялагічнай зброі, разрыўных куль, мін-пастак, асляпляльнай лазарнай зброі і інш. Ад наступстваў прымянення гэтых сродкаў вядзення вайны абаронены не толькі грамадзянскія асобы, але і асобы, якія бяруць удзел у ваенных фарміраваннях.

Прынцып гуманных адносін. Усім грамадзянскім асобам, асобам, якія выйшлі са строю, і асобам, якія трапілі пад уладу непрыяцеля, гарантуюцца гуманныя адносіны. Забараняецца прымяненне катаванняў і цялесных пакаранняў, прычыненне калецтва, правядзенне навуковых, медыцынскіх ці біялагічных эксперыментаў, выкарыстанне «жывых» шчытоў і інш. Асобам, якія абвінавачаны ў злачынствах, гарантуюцца справядлівы судовы разбор, павага перакананняў і рэлігійных абрадаў, павага да сямейнага жыцця. Асобам, пазбаўленым свабоды, павінны быць прадастаўлены прытулак, харчаванне, вада, адзенне і медыцынская дапамога.

Чырвоны Крыж і Чырвоны Паўмесяц

У 1863 г. у Жэневе быў заснаваны Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Сёння гэта глабальная гуманітарная сетка, якая аб’ядноўвае мільёны супрацоўнікаў і валанцёраў па ўсім свеце. У аснову дзейнасці руху пакладзены 7 асноўных прынцыпаў: гуманнасць, непрадузятасць, нейтральнасць, незалежнасць, добраахвотнасць, адзінства, універсальнасць.

Складнікамі руху з’яўляюцца:

  • • Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (аказвае дапамогу і абарону ахвярам войнаў і канфліктаў і сочыць за выкананнем Жэнеўскіх канвенцый 1949 г.);
  • • Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (аказвае дапамогу ў выпадку катастроф і надзвычайных сітуацый у мірны час);
  • • Нацыянальныя таварыствы Чырвонага Крыжа ці Чырвонага Паўмесяца.
icon-search

Што азначае кожны з сямі прынцыпаў руху? На падставе інфармацыі з сайта https://redcross.by вызначце асноўныя напрамкі дзейнасці арганізацыі «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа».

У 2005 г. быў заснаваны дадатковы сімвал — Чырвоны Крышталь. Як вы думаеце, з якой мэтай? Якія пытанні гэта дапаможа вырашыць? 

Да ліку галоўных дагавораў, якія ўтвараюць міжнароднае гуманітарнае права, адносяцца: Гаагскія канвенцыі і дэкларацыі 1899 г. і 1907 г., якія рэгулююць сродкі і метады вядзення баявых дзеянняў; Жэнеўскія канвенцыі 1949 г., якія абараняюць ахвяр вайны (грамадзянскіх асоб, ваеннапалонных, параненых).

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Жэнеўскіх канвенцый 1949 г. і іншых дагавораў у галіне міжнароднага гуманітарнага права.

Міжнародна-прававая адказнасць. Любое супрацьпраўнае дзеянне суб’екта міжнароднага права (дзяржава, міжнародныя арганізацыі і інш.) цягне за сабой яго міжнародна-прававую адказнасць. Вінаватыя ў здзяйсненні міжнароднага супрацьпраўнага дзеяння абавязаны: спыніць супрацьпраўнае дзеянне, даць гарантыі непаўтарэння супрацьпраўнага дзеяння і пакрыць нанесеную шкоду.

Згодна са Статутам ААН у адносінах да дзяржаў, дзеянні якіх уяўляюць пагрозу міру ці парушэнне міру, могуць прымацца на падставе рашэнняў Савета Бяспекі ААН калектыўныя санкцыі. Такія санкцыі могуць выражацца ў поўным ці частковым прыпыненні эканамічных адносін, функцыянавання камунікацый — транспарту і сувязі, у разрыве дыпламатычных адносін (арт. 41 Статута ААН), а таксама ў прымяненні ўзброенай сілы (арт. 42 Статута ААН) — у дзеяннях паветраных, марскіх і сухапутных сіл, неабходных для падтрымання ці аднаўлення міжнароднага міру і бяспекі (дэманстрацыі, блакады і іншыя аперацыі ўзброеных сіл членаў ААН).

icon-questions

1. Назавіце і ахарактарызуйце асноўныя прынцыпы міжнароднага права. Ці згодны вы з тым, што выкананне гэтых прынцыпаў усімі дзяржавамі — дастатковая ўмова для захавання міру на зямлі? Ці патрабуецца сёння карэкціроўка ці дапаўненне асноўных прынцыпаў міжнароднага права? Абгрунтуйце сваю думку.

2. У законах Ману можна прачытаць: «Няхай не забівае ні таго, хто сышоў на зямлю (калі сам застаўся на калясніцы), ні таго, хто спіць, ні таго, у каго няма кальчугі, ні таго, хто хворы ці цяжка паранены…» Правобразам якога прынцыпу міжнароднага гуманітарнага права з’яўляецца дадзеная норма старажытнаіндыйскага закона?

3. З апорай на СМІ ахарактарызуйце ролю Рэспублікі Беларусь ва ўдасканаленні механізмаў сучаснага міжнароднага права, забеспячэнні працэдур вырашэння міждзяржаўных спрэчак мірнымі сродкамі.

4. Знайдзіце ў філвордзе назвы міжнародных дагавораў. 

icon-idea
Выканайце міні-праект «Узброены канфлікт — у медыя». Прааналізуйце літаратурны твор (фрагмент мастацкага ці дакументальнага фільма, сюжэт праграмы навін), у якім расказваецца пра ўзброены канфлікт. Якія прынцыпы міжнароднага гуманітарнага права выконваліся (або парушаліся) у ім?