*§ 0-4. Сказ, асноўныя функцыі сказа. Парадак слоў у сказе. Стылістычныя магчымасці парадку слоў. Лагічны націск

Практыкаванне 4

Прачытайце. Прааналізуйце логіку разбору простага сказа. Дайце азначэнне выдзеленым лінгвістычным тэрмінам.

Парадак сінтаксічнага разбору простага сказа

1.Тып сказа паводле мэты выказвання: апавядальны, пытальны, пабуджальны.
2.Тып сказа паводле эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі: клічны, няклічны.
3.Тып сказа паводле наяўнасці галоўных членаў: аднасастáўны, двухсастáўны.
4.Тып сказа паводле наяўнасці даданых членаў сказа: разві́ты, неразві́ты.
5.Тып сказа паводле структурнай абавязковасці членаў сказа: поўны, няпоўны.
6.Тып сказа паводле ўскладненасці/няўскладненасці: ускладнены (аднароднымі членамі сказа, адасобленымі членамі, звароткам, пабочнымі, устаўнымі канструкцыямі, параўнальнымі зваротамі), няўскладнены.
7.Характарыстыка граматычнай асновы.
8.Характарыстыка даданых членаў сказа саставу дзейніка і выказніка.
9.Графічны разбор сказа.

Сказ просты, апавядальны, няклічны, двухсастаўны, развіты, поўны, ускладнены аднароднымі азначэннямі.
Граматычная аснова: дзейнік вятры выражаны назоўнікам мужчынскага роду ў форме назоўнага склону множнага ліку; выказнік адшумелі — просты дзеяслоўны, выражаны дзеясловам у форме абвеснага ладу прошлага часу множнага ліку; даданыя члены сказа саставу дзейніка: неспакойныя, трывожныя (вятры) — дапасаваныя аднародныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі ў форме множнага ліку назоўнага склону; даданыя члены сказа саставу выказніка: (адшумелі) час — дапаўненне, выражанае назоўнікам мужчынскага роду ў форме вінавальнага склону адзіночнага ліку; свой (час) — дапасаванае азначэнне, выражанае прыналежным займеннікам у форме адзіночнага ліку вінавальнага склону.