§ 9. Крызіс традыцыйнага грамадства ў краінах Усходу

6. Мусульманскі свет і Еўропа

У другой палове XIX ст. узмацнілася эканамічная, палітычная і культурная экспансія еўрапейскіх дзяржаў у краіны мусульманскага свету. Супраціўленне традыцыйнага грамадства прымала не толькі ўзброеныя, але і мірныя формы. Апошняе найбольш ярка праявілася ў рэформах, якія праводзіліся ў асобных краінах з мэтай іх умацавання перад еўрапейскай пагрозай. Гэтыя рэформы мелі супярэчлівы характар. З аднаго боку, яны былі накіраваны на ўмацаванне існуючых палітычных рэжымаў, з іншага — зводзіліся да запазычання заходніх узораў і аб’ектыўна вялі да ўзмацнення ўплыву еўрапейскіх дзяржаў. У сувязі з гэтым вельмі паказальныя рэформы ў Асманскай імперыі пасля Крымскай вайны, якія былі ініцыяваны Англіяй і Францыяй і ў канчатковым выніку садзейнічалі ўмацаванню еўрапейскіх пазіцый у гэтай краіне.

У канцы XIX ст. шэраг краін мусульманскага свету аказаўся ў прямой залежнасці ад еўрапейцаў. Егіпет перайшоў пад кантроль Вялікабрытаніі, а Алжыр быў заваяваны Францыяй яшчэ ў 1840-я гг. Афганістан па сутнасці ператварыўся ў пратэктарат Англіі.

У пачатку ХХ ст. Англія і Францыя ўзмацнілі свой эканамічны і палітычны ціск на краіны рэгіёну. Брытанскія інтарэсы замыкаліся на Суэцкім канале ў Егіпце, які брытанцы кантралявалі з 1882 г. Акрамя таго, яны ўмацавалі свае пазіцыі ў Іране пасля стварэння Англа-іранскай нафтавай кампаніі ў 1909 г. і задушэння сумесна з Расіяй рэвалюцыі 1905—1911 гг. Францыя разглядала ў якасці сферы сваіх інтарэсаў Левант — тэрыторыі сучасных Сірыі і Лівана. Версальская сістэма міжнародных дагавораў канчаткова замацавала пазіцыі дзвюх каланіяльных дзяржаў на Блізкім Усходзе. Па выніках вайны і ў выніку распаду Асманскай імперыі арабы, насуперак абяцанням Англіі, так і не дабіліся стварэння адзінай арабскай дзяржавы.

Вельмі негатыўна мусульманскія народы ўспрымалі агрэсіўную культурную экспансію Захаду, разглядаючы яе як пагрозу традіцыйнаму ладу жыцця, асвячонаму ісламскай рэлігіяй. На гэтай глебе ў ісламе ўзнік рэформатарскі рух. Ён імкнуўся прыстасаваць рэлігію да новых умоў і выкарыстаць яе як інструмент для барацьбы супраць еўрапейскага пранікнення.