Печатать книгуПечатать книгу

§ 9. Крызіс традыцыйнага грамадства ў краінах Усходу

Ключавая ідэя: пранікненне замежнага капіталу садзейнічала развіццю капіталістычных адносін у дзяржавах Усходу, але ў той жа час падрывала іх традыцыйныя асновы і абмяжоўвала суверэнітэт.

У пачатку ХХ ст. тэрытарыяльны падзел свету завяршыўся. Большасць краін Азіі і Афрыкі, у тым ліку такіх буйных, як Індыя і Інданезія, сталі калоніямі. Кітай, Іран, Асманская імперыя захавалі палітычную самастойнасць, але ў фінансавых і эканамічных адносінах знаходзіліся ў залежнасці з-за навязаных ім нераўнапраўных дагавораў. Адной Японіі ў канцы XIX ст. удалося не толькі захаваць незалежнасць, але і стаць на шлях капіталістычнага развіцця, ажыццявіўшы шэраг радыкальных рэформ.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 9. Крызіс традыцыйнага грамадства ў краінах Усходу
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 21 Ноябрь 2024, 22:37

1. Асноўныя рысы ўсходніх грамадстваў у пачатку ХIХ ст.

На працягу доўгіх гістарычных эпох жыццё ўсходніх традыцыйных грамадстваў адрознівалася характэрнымі прыкметамі і асаблівасцямі. Можна вылучыць тры найбольш важныя і ўстойлівыя рысы, якія захоўвалі сваё значэнне і ў XIX ст.

Па-першае, у краінах Азіі і Афрыкі асноўным уласнікам зямлі звычайна была дзяржава. Але па меры развіцця грамадства адбывалася фарміраванне і прыватнай уласнасці. Уласнікі, з аднаго боку, мелі патрэбу ў яе ахове дзяржавай, з іншага — выступалі супраць бязмежнага дэспатызму і самавольства чыноўнікаў. У выніку амаль ва ўсіх краінах Усходу існавала супярэчнасць паміж імкненнем дзяржавы ўмацаваць сваю вярхоўную ўладу і інтарэсамі зямельных уласнікаў.

Па-другое, паўсюдна існавала строгая дзяржаўная і рэлігійная рэгламентацыя жыцця людзей. Дзяржава кантралявала ўсё і ўсіх, рэлігіі ж прапаведавалі духоўнае самаўдасканаленне.

Па-трэцяе, як і раней, захоўвалася абшчынная гаспадарка. Пасады і абавязкі ў абшчыне перадаваліся з пакалення ў пакаленне ў спадчыну. На Усходзе, у адрозненне ад Еўропы, захоўваўся кантроль феадала над горадам. Земляробства тут было больш прадукцыйным, чым у Еўропе, што з’яўлялася дадатковай крыніцай улады і магутнасці феадалаў.

Існаваў таксама падзел людзей на касты альбо саслоўі. Асабліва жорсткая сістэма расслаення грамадства, яго рэлігійная, сацыяльная і прафесійная ўпарадкаванасць былі характэрныя для Індыі і Японіі. Саслоўная прыналежнасць усё больш не адпавядалала маёмаснаму становішчу людзей.

2. Прамысловы пераварот і яго ўплыў на краіны Азіі і Афрыкі

Еўрапейская экспансія ў краіны Азіі і Афрыкі стала магутным каталізатарам разбурэння асноў традыцыйнага грамадства і яго паступовай мадэрнізацыі на працягу XIX—XX стст. У XVI—XVIII стст. яны сутыкнуліся тварам у твар з еўрапейскай цывілізацыяй — напорыстай, прадпрымальнай і агрэсіўнай. Нават самыя магутныя дзяржавы, як, напрыклад, Індыя Вялікіх Маголаў, не змаглі супрацьстаяць чужаземцам і на доўгі час сталі залежнымі ад Еўропы. Менавіта ў гэтай няздольнасці аказаць дастойнае супраціўленне еўрапейскай экспансіі і праявіўся крызіс традыцыйнага ўсходняга грамадства.

У другой палове XIX ст. стаў відавочным прагрэсіруючы заняпад буйнейшых і пакуль незалежных краін Усходу. Кіруючыя колы Асманскай імперыі, Ірана, Егіпта, Японіі і Кітая спрабавалі нешта зрабіць у сувязі з пагрозай з боку еўрапейскіх дзяржаў. Яны бачылі выйсце ў рэформах, накіраваных на ўмацаванне цэнтральнай улады, і ў запазычанні навукова-тэхнічных дасягненняў Захаду. Але толькі Японіі ўдалося паспяхова ажыццявіць буржуазныя пераўтварэнні і наблізіцца ў пачатку XX ст. да ўзроўню еўрапейскіх дзяржаў.

3. Індыя пад уладай англічан

Асаблівае значэнне для Англіі ў 1870—1880-я гг. набыла Індыя. Яе эканамічнае развіццё было цалкам падпарадкавана інтарэсам брытанскага капіталу. Тым не менш у краіне паступова фарміравалася свая, нацыянальная буржуазія. У 1885 г. прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія атрымалі адукацыю ў Англіі (юрысты, урачы, журналісты, дзяржаўныя служачыя, землеўладальнікі), заснавалі арганізацыю Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК). Яны лаяльна ставіліся да каланіяльнага рэжыму, патрабавалі правядзення рэформ і ўдзелу ў кіраванні краінай. У пачатку ХХ ст. ІНК паставіў сваёй мэтай дабіцца прадастаўлення Індыі самакіравання ў межах Брытанскай імперыі мірнымі сродкамі.

4. Сацыяльныя рухі і рэвалюцыя ў Кітаі

Пасля паражэння ў «опіумнай вайне» 1840—1842 гг. Кітай пачаў ператварацца ў паўкалонію еўрапейскіх дзяржаў, якія разам з Японіяй навязалі яму ў канцы XIX ст. шэраг нераўнапраўных дагавораў.

У 1870—1880-я гг. у Кітаі з’явіліся першыя нацыянальныя прадпрыемствы, пачала фарміравацца нацыянальная буржуазія. Яе прадстаўнікі, а таксама патрыятычна настроеная знаць пачалі крытыкаваць існуючы лад. Цынская дынастыя зрабіла спробу ўмераных рэформ, аднак яны не былі падтрыманыя большай часткай феадальнага класа. Кітайскія патрыёты, якія выступалі за рэспубліканскую форму праўлення, стварылі тайную рэвалюцыйную арганізацыю — «Саюз адраджэння Кітая». У 1898—1901 гг. у Кітаі адбылося магутнае паўстанне іхэтуаняў супраць іншаземцаў. Яно было задушана, і залежнасць Кітая ад заходніх дзяржаў яшчэ больш узмацнілася, аж да таго, што Цыны абавязваліся прадухіляць у краіне любое выступленне супраць еўрапейцаў.

У 1911 г. у Кітаі была скінута імператарская ўлада, якая праіснавала больш за дзве тысячы гадоў. Часовым прэзідэнтам Кітайскай рэспублікі быў абраны вядомы рэвалюцыянер-дэмакрат Сунь Ятсен.

5. Японскі вопыт мадэрнізацыі

Важнейшай падзеяй у гісторыі Японіі стала Рэстаўрацыя Мэйдзі, вядомая таксама як Рэвалюцыя Мэйдзі 1868—1873 гг., у выніку якой была звергнута ўлада феадальнага дома Такугава і адноўлена імператарская ўлада. Пагроза з боку заходніх дзяржаў, якія спрабавалі падпарадкаваць Японію, прымусіла кіруючыя класы стаць на шлях умераных буржуазных рэформ Мэйдзі («асвечанае кіраванне»). Рэфарматары скасавалі феадальную ўласнасць на зямлю, ліквідавалі раздробленасць краіны на княствы і ўвялі прэфектуры, выдалі дэкрэт аб усеагульнай воінскай павіннасці, які пазбавіў самураяў іх манапольных прывілей. Была ўведзена адзіная судовая сістэма, адмяняліся абмежаванні для прадпрымальніцтва і гандлю. Па дзяржаўнай ініцыятыве пачалася індустрыялізацыя краіны, хутка ішоў працэс канцэнтрацыі капіталу і вытворчасці.

У 1889 г. у Японіі была прынята канстытуцыя, якая праіснавала ў нязменным выглядзе да 1947 г. У краіне быў уведзены двухпалатны парламент з вельмі абмежаванымі функцыямі. Усёй паўнатой улады валодаў імператар. Яго асоба абвяшчалася свяшчэннай і недатыкальнай. Ніжняя палата прадстаўнікоў знаходзілася пад кантролем урада, які нёс адказнасць толькі перад імператарам.

У цэлым Японія ўзяла курс на мадэрнізацыю і пераход да новага, буржуазнага ладу, запазычыўшы ў Захаду многія яго дасягненні. Капіталістычная эканоміка стала паступова выціскаць феадальны ўклад.

Як у Германіі і Італіі, у Японіі дзяржава выступіла вядучай сілай у ажыццяўленні мадэрнізацыі. Чыгункі, прамысловыя прадпрыемствы будаваліся за кошт дзяржавы. Затым частка гэтых прадпрыемстваў здавалася ў арэнду альбо прадавалася на льготных умовах прыватным банкаўска-гандлёвым фірмам і блізкім да двара прадстаўнікам зямельнай арыстакратыі. Дзяржава арганізоўвала таксама падрыхтоўку неабходных кадраў ва ўніверсітэтах Еўропы і Амерыкі.

Неўзабаве Японія пачала праводзіць агрэсіўную палітыку каланіяльных захопаў. Такая палітыка шмат у чым падсілкоўвалася адсутнасцю рэсурсаў для эканомікі, якая актыўна развівалася. Гэтая краіна перамагла Кітай у вайне 1894—1895 гг. і атрымала ад яго востраў Тайвань. Затым нанесла паражэнне Расіі ў руска-японскай вайне 1904—1905 гг. Згодна з Портсмуцкім мірным дагаворам Японія замацавала за сабой Карэю, атрымала ад Расіі Паўднёвы Сахалін і права на арэнду кітайскіх портаў Порт-Артур і Дальні (цяпер — Люй-шунь і Далянь). Пасля гэтага Японія заняла месца ў шэрагу буйных каланіяльных дзяржаў і ператварылася ў самую магутную прамысловую і ваенную краіну Далёкага Усходу.

6. Мусульманскі свет і Еўропа

У другой палове XIX ст. узмацнілася эканамічная, палітычная і культурная экспансія еўрапейскіх дзяржаў у краіны мусульманскага свету. Супраціўленне традыцыйнага грамадства прымала не толькі ўзброеныя, але і мірныя формы. Апошняе найбольш ярка праявілася ў рэформах, якія праводзіліся ў асобных краінах з мэтай іх умацавання перад еўрапейскай пагрозай. Гэтыя рэформы мелі супярэчлівы характар. З аднаго боку, яны былі накіраваны на ўмацаванне існуючых палітычных рэжымаў, з іншага — зводзіліся да запазычання заходніх узораў і аб’ектыўна вялі да ўзмацнення ўплыву еўрапейскіх дзяржаў. У сувязі з гэтым вельмі паказальныя рэформы ў Асманскай імперыі пасля Крымскай вайны, якія былі ініцыяваны Англіяй і Францыяй і ў канчатковым выніку садзейнічалі ўмацаванню еўрапейскіх пазіцый у гэтай краіне.

У канцы XIX ст. шэраг краін мусульманскага свету аказаўся ў прямой залежнасці ад еўрапейцаў. Егіпет перайшоў пад кантроль Вялікабрытаніі, а Алжыр быў заваяваны Францыяй яшчэ ў 1840-я гг. Афганістан па сутнасці ператварыўся ў пратэктарат Англіі.

У пачатку ХХ ст. Англія і Францыя ўзмацнілі свой эканамічны і палітычны ціск на краіны рэгіёну. Брытанскія інтарэсы замыкаліся на Суэцкім канале ў Егіпце, які брытанцы кантралявалі з 1882 г. Акрамя таго, яны ўмацавалі свае пазіцыі ў Іране пасля стварэння Англа-іранскай нафтавай кампаніі ў 1909 г. і задушэння сумесна з Расіяй рэвалюцыі 1905—1911 гг. Францыя разглядала ў якасці сферы сваіх інтарэсаў Левант — тэрыторыі сучасных Сірыі і Лівана. Версальская сістэма міжнародных дагавораў канчаткова замацавала пазіцыі дзвюх каланіяльных дзяржаў на Блізкім Усходзе. Па выніках вайны і ў выніку распаду Асманскай імперыі арабы, насуперак абяцанням Англіі, так і не дабіліся стварэння адзінай арабскай дзяржавы.

Вельмі негатыўна мусульманскія народы ўспрымалі агрэсіўную культурную экспансію Захаду, разглядаючы яе як пагрозу традіцыйнаму ладу жыцця, асвячонаму ісламскай рэлігіяй. На гэтай глебе ў ісламе ўзнік рэформатарскі рух. Ён імкнуўся прыстасаваць рэлігію да новых умоў і выкарыстаць яе як інструмент для барацьбы супраць еўрапейскага пранікнення.

Пытанні

1. Назавіце характэрныя рысы ўсходніх традыцыйных грамадстваў.

2. Параўнайце каланіяльную экспансію еўрапейскіх дзяржаў у XVI—XVIII стст. з каланіяльнай экспансіяй у XIX — пачатку ХХ ст. Чаму краіны Усходу не змаглі ёй супрацьстаяць?

3. Чаму Японія змагла прыйсці да мадэрнізацыі, ператварыцца ў адну з найбольш развітых дзяржаў свету і стаць у канцы XIX — пачатку ХХ ст. на шлях каланіяльнай экспансіі?

4. Што прадпрымалі кіруючыя колы краін Усходу ў першай палове XIX ст., каб супрацьстаяць еўрапейскай экспансіі? Якія змены адбыліся ў другой палове XIX ст.? Чым яны былі абумоўлены?

5. Растлумачце, чаму краіны Азіі і Афрыкі, якія дасягнулі ў мінулым высокага ўзроўню развіцця, у пачатку ХХ ст. альбо страцілі незалежнасць, альбо трапілі пад кантроль еўрапейскіх дзяржаў.

6. Як успрымалі каланіяльную сістэму краіны Усходу, як разглядалі яе краіны-каланізатары?

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне