§ 9. Крызіс традыцыйнага грамадства ў краінах Усходу
5. Японскі вопыт мадэрнізацыі
Важнейшай падзеяй у гісторыі Японіі стала Рэстаўрацыя Мэйдзі, вядомая таксама як Рэвалюцыя Мэйдзі 1868—1873 гг., у выніку якой была звергнута ўлада феадальнага дома Такугава і адноўлена імператарская ўлада. Пагроза з боку заходніх дзяржаў, якія спрабавалі падпарадкаваць Японію, прымусіла кіруючыя класы стаць на шлях умераных буржуазных рэформ Мэйдзі («асвечанае кіраванне»). Рэфарматары скасавалі феадальную ўласнасць на зямлю, ліквідавалі раздробленасць краіны на княствы і ўвялі прэфектуры, выдалі дэкрэт аб усеагульнай воінскай павіннасці, які пазбавіў самураяў іх манапольных прывілей. Была ўведзена адзіная судовая сістэма, адмяняліся абмежаванні для прадпрымальніцтва і гандлю. Па дзяржаўнай ініцыятыве пачалася індустрыялізацыя краіны, хутка ішоў працэс канцэнтрацыі капіталу і вытворчасці.
У 1889 г. у Японіі была прынята канстытуцыя, якая праіснавала ў нязменным выглядзе да 1947 г. У краіне быў уведзены двухпалатны парламент з вельмі абмежаванымі функцыямі. Усёй паўнатой улады валодаў імператар. Яго асоба абвяшчалася свяшчэннай і недатыкальнай. Ніжняя палата прадстаўнікоў знаходзілася пад кантролем урада, які нёс адказнасць толькі перад імператарам.
У цэлым Японія ўзяла курс на мадэрнізацыю і пераход да новага, буржуазнага ладу, запазычыўшы ў Захаду многія яго дасягненні. Капіталістычная эканоміка стала паступова выціскаць феадальны ўклад.
Як у Германіі і Італіі, у Японіі дзяржава выступіла вядучай сілай у ажыццяўленні мадэрнізацыі. Чыгункі, прамысловыя прадпрыемствы будаваліся за кошт дзяржавы. Затым частка гэтых прадпрыемстваў здавалася ў арэнду альбо прадавалася на льготных умовах прыватным банкаўска-гандлёвым фірмам і блізкім да двара прадстаўнікам зямельнай арыстакратыі. Дзяржава арганізоўвала таксама падрыхтоўку неабходных кадраў ва ўніверсітэтах Еўропы і Амерыкі.
Неўзабаве Японія пачала праводзіць агрэсіўную палітыку каланіяльных захопаў. Такая палітыка шмат у чым падсілкоўвалася адсутнасцю рэсурсаў для эканомікі, якая актыўна развівалася. Гэтая краіна перамагла Кітай у вайне 1894—1895 гг. і атрымала ад яго востраў Тайвань. Затым нанесла паражэнне Расіі ў руска-японскай вайне 1904—1905 гг. Згодна з Портсмуцкім мірным дагаворам Японія замацавала за сабой Карэю, атрымала ад Расіі Паўднёвы Сахалін і права на арэнду кітайскіх портаў Порт-Артур і Дальні (цяпер — Люй-шунь і Далянь). Пасля гэтага Японія заняла месца ў шэрагу буйных каланіяльных дзяржаў і ператварылася ў самую магутную прамысловую і ваенную краіну Далёкага Усходу.