§ 2. Прамысловая рэвалюцыя
5. Сацыяльныя праблемы
Прамысловая рэвалюцыя суправаджалася ўзнікненнем новых сацыяльных праблем і супярэчнасцей. Пераход да фабрычнай вытворчасці прывёў да з’яўлення прамысловага рабочага класа. Пачалося выкарыстанне таннай працы жанчын і дзяцей. У пачатковы перыяд індустрыялізацыі яны зазналі жорсткую эксплуатацыю. Гэта прывяло да абвастрэння супярэчнасцей паміж прадпрымальнікамі і рабочымі, якія дамагаліся скарачэння працоўнага дня, павелічэння заработнай платы і паляпшэння жыццёвых умоў.
Да прыкладу, у Лондане, сталіцы адной з самых багатых краін свету, існавалі самыя ўбогія халупы Еўропы XIX ст., заселеныя працоўным людам. Урадавая камісія, якая абследавала ў 1842 г. умовы жыцця англійскіх рабочых, прыйшла да несуцяшальнай высновы. Смяротнасць сярод рабочых, выкліканая кепскім харчаваннем, хваробамі і антысанітарнымі ўмовамі жыцця, перавышала чалавечыя страты ў любой з войнаў, якія вяла Англія ў Новы час. І толькі напрыканцы XIX ст. умовы жыцця рабочых значна палепшыліся.
Не дзіва, што ўсё XIX ст. у Заходняй Еўропе прайшло пад знакам класавай барацьбы рабочых за паляпшэнне сваіх жыццёвых умоў. Ад лудзізму, стыхійнага пратэсту супраць укаранення машын, да арганізаванага руху са сваімі прафсаюзамі і палітычнымі партыямі — такі шлях прайшоў еўрапейскі пралетарыят да пачатку XX ст.
Важным вынікам індустрыялізацыі быў рост прадукцыйнасці працы. У асобных галінах прамысловасці яна ўзрасла ў сотні і нават тысячы разоў. Фабрыкі выпускалі столькі тавараў, што іх нельга было рэалізаваць на нацыянальных рынках з выгадай для прадпрымальнікаў. Еўрапейскай эканоміцы востра былі патрэбныя не толькі рынкі збыту, але і новыя крыніцы сыравіны. Вось чаму ў XIX ст. пачалося актыўнае пранікненне Еўропы ў краіны Азіі і Афрыкі. У выніку вялізныя тэрыторыі гэтых двух кантынентаў перайшлі пад эканамічны і палітычны кантроль еўрапейскіх дзяржаў. Глыбокія супярэчнасці і сутыкненні паміж імі ў барацьбе за знешнія рынкі і сферы ўплыву прывялі да Першай сусветнай вайны.