Печатать книгуПечатать книгу

§ 2. Прамысловая рэвалюцыя

Ключавая ідэя: у выніку прамысловай рэвалюцыі адбыўся пераход ад аграрна-рамеснай цывілізацыі да індустрыяльнай.

Прамысловая рэвалюцыя — адна з найвялікшых з’яў сусветнай гісторыі. Значэнне прамысловай рэвалюцыі настолькі вялікае, што яе параўноўваюць з неалітычнай рэвалюцыяй, якая ператварыла паляўнічых і збіральнікаў у земляробаў і рамеснікаў і прывяла да стварэння старажытных цывілізацый. Прамысловая рэвалюцыя змяніла аблічча Еўропы, а затым і ўсяго свету. У той жа час яна нанесла непапраўную шкоду прыродзе і абумовіла комплекс глабальных праблем, ад вырашэння якіх залежыць лёс чалавецтва.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 2. Прамысловая рэвалюцыя
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 5 Июль 2025, 18:44

1. Сутнасць і асноўныя этапы прамысловай рэвалюцыі

Прамысловая рэвалюцыягэта працяглы і складаны працэс пераходу ад рамесна-мануфактурнай ступені матэрыяльнай вытворчасці да машыннай з усімі сацыяльнымі і эканамічнымі вынікамі. Прамысловая рэвалюцыя, альбо прамысловы пераварот, — гэта паўсюднае ўкараненне машын, новых тэхналогій, змяненне арганізацыі вытворчасці і стварэнне фабрычна-заводскай сістэмы.

Прамысловая рэвалюцыя садзейнічала не толькі ўдасканаленню прамысловасці, транспарту, фінансаў і з’яўленню новых сацыяльных груп (буржуазіі, пралетарыяту і тэхнічнай інтэлігенцыі), але і стварэнню шэрагу новых палітычных і сацыяльных інстытутаў. Яна прывяла да фарміравання дзяржаўнай і прыватнай сістэм сацыяльнага страхавання, прафсаюзаў, да рэформы адукацыі, умацавання ліберальна-кансерватыўнай палітычнай мадэлі, пашырэння выбарчага права, барацьбы рабочых, жанчын, нацыянальных меншасцей за свае правы, уздыму ўзроўню і якасці жыцця ў еўрапейскіх краінах і інш.

2. Эканамічны рост і індустрыялізацыя ў Еўропе

Індустрыялізацыя — працэс ператварэння Еўропы аграрнай у Еўропу прамысловую, альбо індустрыяльную, — мела рэвалюцыйны характар, паколькі суправаджалася радыкальнымі зменамі ў жыцці людзей і грамадства.

Прамысловы пераварот пачаўся ў Англіі ў 60-я гг. XVIII ст. Дзякуючы буржуазнай рэвалюцыі XVII ст. у гэтай краіне склаліся найбольш спрыяльныя эканамічныя і палітычныя ўмовы для прадпрымальніцкай дзейнасці. Важнай умовай прамысловай рэвалюцыі ў Англіі было выкарыстанне рэсурсаў каланіяльных уладанняў. Вялізны прыбытак ад эксплуатацыі народаў Паўночнай Амерыкі і Індыі паступаў у англійскую эканоміку. Яшчэ адным важным фактарам эканамічнага росту стала ўкараненне ў вытворчасць новых машын і механізмаў. У другой палове XVIII ст. Англія стала вядучай гандлёвай і фінансавай дзяржавай свету.

Сапраўдны прарыў у англійскай эканоміцы здзейсніла паравая машына. Яна шырока выкарыстоўвалася ў самых розных сферах прамысловасці і на транспарце. Вытворчасць машын паслужыла магутным стымулам для развіцця металургічнай і вугальнай прамысловасці. Паралельна з гэтым удасканальваліся фінансавая і банкаўская сістэмы, развіваўся транспарт, вялося будаўніцтва дарог, пракладваліся каналы.

Піку эканамічнай магутнасці Вялікабрытанія дасягнула ў 50—60-я гг. XIX ст. Палова жалеза і вугалю, якія здабываліся ў свеце, прыпадала на долю гэтай краіны, насельніцтва якой складала ўсяго 2 % ад агульнай колькасці жыхароў Зямлі. Больш чым адна трэць гандлёвага флоту свету належала Вялікабрытаніі.

У 1820—1830-я гг. на шлях прамысловай рэвалюцыі стала Бельгія. Гэтая невялікая еўрапейская краіна валодала буйнымі запасамі каменнага вугалю і жалезнай руды. У 1823 г. у Льежскім каменнавугальным басейне была ўзведзена першая доменная печ, пачалося інтэнсіўнае развіццё сталеліцейнай, а затым і хімічнай вытворчасці. У першай палове ХIХ ст. па шчыльнасці чыгуначнага будаўніцтва Бельгія выйшла на першае месца ў Еўропе.

У Францыі індустрыяльны прагрэс быў менш імклівым. Развіццё цяжкай прамысловасці (вытворчасць машын) ішло з адставаннем. Здабыча вугалю расла, але яго ўсё роўна не хапала, таму вугаль даводзілася ўвозіць з-за мяжы. Затое тэкстыльная прамысловасць квітнела. У першай палове XIX ст. Францыя абагнала ўсе астатнія еўрапейскія краіны па вытворчасці шаўковых тканін. Больш інтэнсіўна эканоміка стала развівацца ў перыяд Другой імперыі (1852—1870 гг.). Здабыча вугалю і вытворчасць сталі за гэты час узраслі ў тры разы, а колькасць рабочых на заводах падвоілася.

Германія пазней за Англію і Францыю выйшла на шлях капіталістычнага развіцця. Прамысловая рэвалюцыя тут пачалася ў 1830-я гг. Працэс індустрыялізацыі на германскіх землях стрымліваўся існуючымі феадальнымі парадкамі ў сельскай гаспадарцы, захаваннем цэхаў у прамысловасці. Сур’ёзнай перашкодай з’яўлялася таксама палітычная раздробленасць краіны. Яе аб’яднанне ў 1871 г. дало магутны штуршок эканамічнаму развіццю. Прамысловы пераварот у Германіі адбываўся на аснове ўласных інжынерна-тэхнічных дасягненняў і машынабудавання. Асаблівае значэнне надавалася чыгуначнаму будаўніцтву. Стваралася ваенна-прамысловая база, у якой вялікую ролю адыгрывалі сталеліцейныя і артылерыйскія заводы Крупа (Рэйнская вобласць). Яшчэ адной асаблівасцю прамысловай рэвалюцыі ў Германіі было тое, што яна абапіралася на ўнутраныя рэсурсы, а не на каланіяльныя ўладанні, якіх у яе, у адрозненне ад Вялікабрытаніі, не было.

У 70-я гг. XIX ст. Бельгія, Германія, Францыя і Швейцарыя дагналі ў сваім прамысловым развіцці Англію. Праз два дзесяцігоддзі Германія ўжо займала вядучае месца ў свеце па вытворчасці электратэхнікі, а таксама ў хімічнай прамысловасці. На шлях стварэння ўласнай металургіі і вытворчасці тэхнічнага абсталявання стала Швецыя, а Нарвегія актыўна пераабсталёўвала сваю тэкстыльную прамысловасць на аснове англійскіх тэхналогій. У пачатку ХХ ст. сур’ёзнымі канкурэнтамі капіталістычных краін Еўропы сталі Злучаныя Штаты Амерыкі і Японія.

Прамысловая рэвалюцыя ў розных краінах характарызавалася па-свойму. Павольнымі тэмпамі развівалася прамысловасць у Італіі, Партугаліі, Іспаніі, Аўстра-Венгрыі і Расіі. Гэтыя краіны ў ХIХ ст. заставаліся пераважна аграрнымі.

3. Аграрная рэвалюцыя

Прамысловы пераварот істотна паўплываў на развіццё сельскай гаспадаркі. Змены, якія адбываліся ў гэтай галіне, атрымалі назву аграрнай рэвалюцыі.

Гарадское насельніцтва, якое пастаянна расло, патрабавала ўсё большай колькасці прадуктаў харчавання. У Еўропе павялічылася плошча апрацаваных зямель, значна ўзрасла прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Высяканне лясоў і ўзворванне цаліны альбо закінутых зямель былі настолькі інтэнсіўнымі, што ў Францыі ўжо ў сярэдзіне стагоддзя лясныя масівы пакрывалі не больш за 15 % тэрыторыі. У Нідэрландах, Германіі і Вялікабрытаніі немалыя ўчасткі зямлі былі адваяваныя ў мора. Паўсюдна асушваліся балоты, паляпшаліся непрыдатныя і закінутыя землі. Адначасова скарачаліся пасевы малаўраджайных сельскагаспадарчых культур (лён, каноплі, алейныя расліны, жыта). І наадварот, з кожным годам павялічвалася вытворчасць пшаніцы, бульбы, аўса і цукровых буракоў, а таксама мяса-малочных прадуктаў. Паўсюль паглыблялася рэгіянальная спецыялізацыя.

У развіцці сельскай гаспадаркі ўсё большую ролю сталі адыгрываць навука і тэхніка. Пачалася механізацыя сельскагаспадарчай працы. У развітых краінах укараняліся тэхнічныя навіны: сеялкі, жняяркі, касілкі, сенаразбівалкі. У другой палове XIX ст. шырокае распаўсюджанне атрымалі ўдасканаленыя металічны плуг і паравая малатарня. У адной толькі Францыі малатарняў налічвалася больш за 200 тыс.

Аднак механізацыя сельскай гаспадаркі праходзіла павольна. У асобных рэгіёнах Еўропы састарэлая тэхніка захавалася да сярэдзіны XX ст. Для большасці еўрапейскіх краін XIX ст. было эпохай пераходу ад сярпа да касы. Пры малацьбе сяляне па-ранейшаму выкарыстоўвалі звыклы цэп і свойскую жывёлу. Трактар, які з’явіўся ў канцы стагоддзя, істотна не змяніў становішча. Шырокая механізацыя сельскай гаспадаркі адбылася толькі ў XX ст.

У XIX ст. стала прывычным ужыванне ў сельскай гаспадарцы прыродных вапнавых угнаенняў. Наяўнасць новых відаў транспарту дазваляла перавозіць іх на далёкія адлегласці ад месца здабычы. Але ўжо з 1840 г. пачалася прамысловая вытворчасць штучных угнаенняў — суперфасфатаў. У Францыі была здзейснена навуковая селекцыя цукровых буракоў і выведзены шэраг іх каштоўных гатункаў, упершыню прыменены метад штучнага скрыжавання пшаніцы і іншых злакаў. Французскі навуковец Л. Пастэр распрацаваў метад прафілактычнай вакцынацыі супраць курынай халеры (1879), сібірскай язвы (1881), шаленства (1885). Эксперыменты дацкіх вучоных завяршыліся вывядзеннем больш прадукцыйнай пароды буйной рагатай жывёлы.

У другой палове XIX ст. узрасло значэнне міжнароднага гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй. У Еўропу паступалі па адносна невысокіх цэнах збожжа з ЗША і Канады, мяса з Аргенціны, воўна з Аўстраліі, шоўк з Японіі, алейныя культуры і экзатычныя прадукты з краін трапічнай Азіі і Афрыкі.

Рост ураджайнасці ў самой Еўропе, развіццё транспарту і звязанага з ім міжнароднага гандлю сельскагаспадарчымі прадуктамі садзейнічалі паляпшэнню харчавання еўрапейскага насельніцтва. Недахоп прадуктаў адчуваўся ўсё радзей і радзей. Апошні голад у гісторыі Заходняй Еўропы назіраўся ў 1846—1847 гг. у Ірландыі ў сувязі з неўраджаем бульбы, якая з’яўлялася асноўным прадуктам харчавання для большасці ірландцаў.

Неад’емнымі складальнікамі аграрнай рэвалюцыі былі таксама ператварэнне сялян у свабодных вытворцаў, а зямлі — у тавар, даступны для свабоднай куплі-продажу, узнікненне аграрнага пралетарыяту, пераход у прыватныя рукі зямельных уладанняў абшчыннага калектыўнага карыстання і зямель духавенства. Усе гэтыя працэсы шмат у чым былі вынікам канчатковага скасавання прыгоннага права ў Еўропе. Ліквідацыя рэшткаў феадалізму садзейнічала з’яўленню свабоднай рабочай сілы ў вёсцы і горадзе, паскоранаму развіццю капіталістычных адносін.

4. Прамысловая рэвалюцыя і навука.

Прамысловая рэвалюцыя была цесна звязана з развіццём навукі і новых тэхналогій. Навуковыя адкрыцці еўрапейцаў у сферах энергетыкі і металургіі прывялі да з’яўлення электратэхнічнай і аўтамабільнай прамысловасці.

Многія навукова-тэхнічныя дасягненні (радыё, тэлефон, кінематограф і інш.) даволі хутка змянілі лад жыцця людзей. Першы ў свеце кінатэатр адкрыўся ў Парыжы ў 1896 г., а праз сем гадоў новым еўрапейскім цудам захапляліся ўжо ў Японіі.

5. Сацыяльныя праблемы

Прамысловая рэвалюцыя суправаджалася ўзнікненнем новых сацыяльных праблем і супярэчнасцей. Пераход да фабрычнай вытворчасці прывёў да з’яўлення прамысловага рабочага класа. Пачалося выкарыстанне таннай працы жанчын і дзяцей. У пачатковы перыяд індустрыялізацыі яны зазналі жорсткую эксплуатацыю. Гэта прывяло да абвастрэння супярэчнасцей паміж прадпрымальнікамі і рабочымі, якія дамагаліся скарачэння працоўнага дня, павелічэння заработнай платы і паляпшэння жыццёвых умоў.

Да прыкладу, у Лондане, сталіцы адной з самых багатых краін свету, існавалі самыя ўбогія халупы Еўропы XIX ст., заселеныя працоўным людам. Урадавая камісія, якая абследавала ў 1842 г. умовы жыцця англійскіх рабочых, прыйшла да несуцяшальнай высновы. Смяротнасць сярод рабочых, выкліканая кепскім харчаваннем, хваробамі і антысанітарнымі ўмовамі жыцця, перавышала чалавечыя страты ў любой з войнаў, якія вяла Англія ў Новы час. І толькі напрыканцы XIX ст. умовы жыцця рабочых значна палепшыліся.

Не дзіва, што ўсё XIX ст. у Заходняй Еўропе прайшло пад знакам класавай барацьбы рабочых за паляпшэнне сваіх жыццёвых умоў. Ад лудзізму, стыхійнага пратэсту супраць укаранення машын, да арганізаванага руху са сваімі прафсаюзамі і палітычнымі партыямі — такі шлях прайшоў еўрапейскі пралетарыят да пачатку XX ст.

Важным вынікам індустрыялізацыі быў рост прадукцыйнасці працы. У асобных галінах прамысловасці яна ўзрасла ў сотні і нават тысячы разоў. Фабрыкі выпускалі столькі тавараў, што іх нельга было рэалізаваць на нацыянальных рынках з выгадай для прадпрымальнікаў. Еўрапейскай эканоміцы востра былі патрэбныя не толькі рынкі збыту, але і новыя крыніцы сыравіны. Вось чаму ў XIX ст. пачалося актыўнае пранікненне Еўропы ў краіны Азіі і Афрыкі. У выніку вялізныя тэрыторыі гэтых двух кантынентаў перайшлі пад эканамічны і палітычны кантроль еўрапейскіх дзяржаў. Глыбокія супярэчнасці і сутыкненні паміж імі ў барацьбе за знешнія рынкі і сферы ўплыву прывялі да Першай сусветнай вайны.

Пытанні

1. У чым сутнасць прамысловага перавароту? Да якіх змен у тэхніцы і сацыяльнай структуры грамадства прывёў прамысловы пераварот?

2. Што абазначае паняцце «індустрыялізацыя»? Чаму індустрыялізацыя суправаджалася паскораным ростам гарадскога насельніцтва і гарадоў?

3. Як змянілася роля навукі ў эпоху прамысловай рэвалюцыі? Запоўніце табліцу «Навуковыя адкрыцці эпохі прамысловай рэвалюцыі». Выкарыстайце дадатковыя крыніцы інфармацыі.

4. У 1895 г. шведскі інжынер Альфрэд Нобель заснаваў прэмію «тым, хто на працягу папярэдняга года прынёс найбольшую карысць чалавецтву». Аб чым сведчыць заснаванне Нобелеўскай прэміі? Назавіце першых нобелеўскіх лаўрэатаў.

5. Як паўплывала прамысловая рэвалюцыя на развіццё сельскай гаспадаркі?

6. Вызначце сацыяльныя вынікі, якія мела прамысловая рэвалюцыя. Як яна змяніла жыццё людзей?

7. Чаму барацьба пралетарыяту мела масавы характар, у той час як гісторыя практычна не зведала масавых выступленняў рамеснікаў? Пацвердзіце свой адказ гістарычнымі фактамі.

8. Параўнайце аграрнае і індустрыяльнае грамадства. Аформіце свой адказ у выглядзе табліцы.

Прапануем абмеркаваць

Лабараторыя гісторыка

Асаблівае меркаванне