§ 2. Прамысловая рэвалюцыя

3. Аграрная рэвалюцыя

Прамысловы пераварот істотна паўплываў на развіццё сельскай гаспадаркі. Змены, якія адбываліся ў гэтай галіне, атрымалі назву аграрнай рэвалюцыі.

Гарадское насельніцтва, якое пастаянна расло, патрабавала ўсё большай колькасці прадуктаў харчавання. У Еўропе павялічылася плошча апрацаваных зямель, значна ўзрасла прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Высяканне лясоў і ўзворванне цаліны альбо закінутых зямель былі настолькі інтэнсіўнымі, што ў Францыі ўжо ў сярэдзіне стагоддзя лясныя масівы пакрывалі не больш за 15 % тэрыторыі. У Нідэрландах, Германіі і Вялікабрытаніі немалыя ўчасткі зямлі былі адваяваныя ў мора. Паўсюдна асушваліся балоты, паляпшаліся непрыдатныя і закінутыя землі. Адначасова скарачаліся пасевы малаўраджайных сельскагаспадарчых культур (лён, каноплі, алейныя расліны, жыта). І наадварот, з кожным годам павялічвалася вытворчасць пшаніцы, бульбы, аўса і цукровых буракоў, а таксама мяса-малочных прадуктаў. Паўсюль паглыблялася рэгіянальная спецыялізацыя.

У развіцці сельскай гаспадаркі ўсё большую ролю сталі адыгрываць навука і тэхніка. Пачалася механізацыя сельскагаспадарчай працы. У развітых краінах укараняліся тэхнічныя навіны: сеялкі, жняяркі, касілкі, сенаразбівалкі. У другой палове XIX ст. шырокае распаўсюджанне атрымалі ўдасканаленыя металічны плуг і паравая малатарня. У адной толькі Францыі малатарняў налічвалася больш за 200 тыс.

Аднак механізацыя сельскай гаспадаркі праходзіла павольна. У асобных рэгіёнах Еўропы састарэлая тэхніка захавалася да сярэдзіны XX ст. Для большасці еўрапейскіх краін XIX ст. было эпохай пераходу ад сярпа да касы. Пры малацьбе сяляне па-ранейшаму выкарыстоўвалі звыклы цэп і свойскую жывёлу. Трактар, які з’явіўся ў канцы стагоддзя, істотна не змяніў становішча. Шырокая механізацыя сельскай гаспадаркі адбылася толькі ў XX ст.

У XIX ст. стала прывычным ужыванне ў сельскай гаспадарцы прыродных вапнавых угнаенняў. Наяўнасць новых відаў транспарту дазваляла перавозіць іх на далёкія адлегласці ад месца здабычы. Але ўжо з 1840 г. пачалася прамысловая вытворчасць штучных угнаенняў — суперфасфатаў. У Францыі была здзейснена навуковая селекцыя цукровых буракоў і выведзены шэраг іх каштоўных гатункаў, упершыню прыменены метад штучнага скрыжавання пшаніцы і іншых злакаў. Французскі навуковец Л. Пастэр распрацаваў метад прафілактычнай вакцынацыі супраць курынай халеры (1879), сібірскай язвы (1881), шаленства (1885). Эксперыменты дацкіх вучоных завяршыліся вывядзеннем больш прадукцыйнай пароды буйной рагатай жывёлы.

У другой палове XIX ст. узрасло значэнне міжнароднага гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй. У Еўропу паступалі па адносна невысокіх цэнах збожжа з ЗША і Канады, мяса з Аргенціны, воўна з Аўстраліі, шоўк з Японіі, алейныя культуры і экзатычныя прадукты з краін трапічнай Азіі і Афрыкі.

Рост ураджайнасці ў самой Еўропе, развіццё транспарту і звязанага з ім міжнароднага гандлю сельскагаспадарчымі прадуктамі садзейнічалі паляпшэнню харчавання еўрапейскага насельніцтва. Недахоп прадуктаў адчуваўся ўсё радзей і радзей. Апошні голад у гісторыі Заходняй Еўропы назіраўся ў 1846—1847 гг. у Ірландыі ў сувязі з неўраджаем бульбы, якая з’яўлялася асноўным прадуктам харчавання для большасці ірландцаў.

Неад’емнымі складальнікамі аграрнай рэвалюцыі былі таксама ператварэнне сялян у свабодных вытворцаў, а зямлі — у тавар, даступны для свабоднай куплі-продажу, узнікненне аграрнага пралетарыяту, пераход у прыватныя рукі зямельных уладанняў абшчыннага калектыўнага карыстання і зямель духавенства. Усе гэтыя працэсы шмат у чым былі вынікам канчатковага скасавання прыгоннага права ў Еўропе. Ліквідацыя рэшткаў феадалізму садзейнічала з’яўленню свабоднай рабочай сілы ў вёсцы і горадзе, паскоранаму развіццю капіталістычных адносін.