§ 2. Прамысловая рэвалюцыя
2. Эканамічны рост і індустрыялізацыя ў Еўропе
Індустрыялізацыя — працэс ператварэння Еўропы аграрнай у Еўропу прамысловую, альбо індустрыяльную, — мела рэвалюцыйны характар, паколькі суправаджалася радыкальнымі зменамі ў жыцці людзей і грамадства.
Прамысловы пераварот пачаўся ў Англіі ў 60-я гг. XVIII ст. Дзякуючы буржуазнай рэвалюцыі XVII ст. у гэтай краіне склаліся найбольш спрыяльныя эканамічныя і палітычныя ўмовы для прадпрымальніцкай дзейнасці. Важнай умовай прамысловай рэвалюцыі ў Англіі было выкарыстанне рэсурсаў каланіяльных уладанняў. Вялізны прыбытак ад эксплуатацыі народаў Паўночнай Амерыкі і Індыі паступаў у англійскую эканоміку. Яшчэ адным важным фактарам эканамічнага росту стала ўкараненне ў вытворчасць новых машын і механізмаў. У другой палове XVIII ст. Англія стала вядучай гандлёвай і фінансавай дзяржавай свету.
Сапраўдны прарыў у англійскай эканоміцы здзейсніла паравая машына. Яна шырока выкарыстоўвалася ў самых розных сферах прамысловасці і на транспарце. Вытворчасць машын паслужыла магутным стымулам для развіцця металургічнай і вугальнай прамысловасці. Паралельна з гэтым удасканальваліся фінансавая і банкаўская сістэмы, развіваўся транспарт, вялося будаўніцтва дарог, пракладваліся каналы.
Піку эканамічнай магутнасці Вялікабрытанія дасягнула ў 50—60-я гг. XIX ст. Палова жалеза і вугалю, якія здабываліся ў свеце, прыпадала на долю гэтай краіны, насельніцтва якой складала ўсяго 2 % ад агульнай колькасці жыхароў Зямлі. Больш чым адна трэць гандлёвага флоту свету належала Вялікабрытаніі.
У 1820—1830-я гг. на шлях прамысловай рэвалюцыі стала Бельгія. Гэтая невялікая еўрапейская краіна валодала буйнымі запасамі каменнага вугалю і жалезнай руды. У 1823 г. у Льежскім каменнавугальным басейне была ўзведзена першая доменная печ, пачалося інтэнсіўнае развіццё сталеліцейнай, а затым і хімічнай вытворчасці. У першай палове ХIХ ст. па шчыльнасці чыгуначнага будаўніцтва Бельгія выйшла на першае месца ў Еўропе.
У Францыі індустрыяльны прагрэс быў менш імклівым. Развіццё цяжкай прамысловасці (вытворчасць машын) ішло з адставаннем. Здабыча вугалю расла, але яго ўсё роўна не хапала, таму вугаль даводзілася ўвозіць з-за мяжы. Затое тэкстыльная прамысловасць квітнела. У першай палове XIX ст. Францыя абагнала ўсе астатнія еўрапейскія краіны па вытворчасці шаўковых тканін. Больш інтэнсіўна эканоміка стала развівацца ў перыяд Другой імперыі (1852—1870 гг.). Здабыча вугалю і вытворчасць сталі за гэты час узраслі ў тры разы, а колькасць рабочых на заводах падвоілася.
Германія пазней за Англію і Францыю выйшла на шлях капіталістычнага развіцця. Прамысловая рэвалюцыя тут пачалася ў 1830-я гг. Працэс індустрыялізацыі на германскіх землях стрымліваўся існуючымі феадальнымі парадкамі ў сельскай гаспадарцы, захаваннем цэхаў у прамысловасці. Сур’ёзнай перашкодай з’яўлялася таксама палітычная раздробленасць краіны. Яе аб’яднанне ў 1871 г. дало магутны штуршок эканамічнаму развіццю. Прамысловы пераварот у Германіі адбываўся на аснове ўласных інжынерна-тэхнічных дасягненняў і машынабудавання. Асаблівае значэнне надавалася чыгуначнаму будаўніцтву. Стваралася ваенна-прамысловая база, у якой вялікую ролю адыгрывалі сталеліцейныя і артылерыйскія заводы Крупа (Рэйнская вобласць). Яшчэ адной асаблівасцю прамысловай рэвалюцыі ў Германіі было тое, што яна абапіралася на ўнутраныя рэсурсы, а не на каланіяльныя ўладанні, якіх у яе, у адрозненне ад Вялікабрытаніі, не было.
У 70-я гг. XIX ст. Бельгія, Германія, Францыя і Швейцарыя дагналі ў сваім прамысловым развіцці Англію. Праз два дзесяцігоддзі Германія ўжо займала вядучае месца ў свеце па вытворчасці электратэхнікі, а таксама ў хімічнай прамысловасці. На шлях стварэння ўласнай металургіі і вытворчасці тэхнічнага абсталявання стала Швецыя, а Нарвегія актыўна пераабсталёўвала сваю тэкстыльную прамысловасць на аснове англійскіх тэхналогій. У пачатку ХХ ст. сур’ёзнымі канкурэнтамі капіталістычных краін Еўропы сталі Злучаныя Штаты Амерыкі і Японія.
Прамысловая рэвалюцыя ў розных краінах характарызавалася па-свойму. Павольнымі тэмпамі развівалася прамысловасць у Італіі, Партугаліі, Іспаніі, Аўстра-Венгрыі і Расіі. Гэтыя краіны ў ХIХ ст. заставаліся пераважна аграрнымі.