§ 1. Уводзіны

2. Мадэрнізацыя грамадства і інтэграцыйныя працэсы ў сусветнай супольнасці

Мадэрнізацыя — гэта паступовы пераход ад традыцыйнага грамадства да сучаснага, гэта значыць індустрыяльнага. Першымі на шлях мадэрнізацыі сталі краіны Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Яны прайшлі праз прамысловы пераварот і шэраг рэвалюцый, у выніку якіх сфарміравалася сучаснае заходняе грамадства. Адкрыццё еўрапейцамі новых кантынентаў, уздым сусветнага гандлю, распаўсюджванне мадэрнізацыі па свеце — усё гэта садзейнічала эканамічнай, палітычнай і культурнай інтэграцыі чалавецтва.

Ужо ў ХIХ ст. у развітых краінах склаўся ўнікальны тып індустрыяльнай цывілізацыі, які на доўгі час вызначыў асноўны вектар руху сусветнай гісторыі. Развіццё капіталізму суправаджалася каланіяльнай экспансіяй, якая ажыццяўлялася еўрапейскімі дзяржавамі. Да пачатку ХХ ст. заходняя цывілізацыя стала агульнасусветнай. Упершыню ў гісторыі адна цывілізацыя фактычна ўсталявала кантроль над большасцю краін. Працэс развіцця асобных цывілізацый і рэгіёнаў набываў усё больш агульных рыс.

На рубяжы ХIХ—ХХ стст. развітыя краіны свету ўступілі ў эпоху імперыялізму. Гэтая стадыя ў развіцці капіталізму характарызуецца панаваннем буйных манаполій, барацьбой паміж вядучымі капіталістычнымі краінамі за крыніцы сыравіны і рынкі збыту, за чужыя тэрыторыі і эксплуатацыю іншых народаў , што часта прыводзіла да войнаў.

З прычыны гістарычных адрозненняў рэгіёны і краіны сталі на шлях мадэрнізацыі не адначасова. Часта яна ажыццяўлялася гвалтоўна, выклікала супраціўленне асноўнай часткі насельніцтва і, першапачаткова ў малой ступені, закранала масавы лад жыцця і мясцовыя традыцыі. У ХХ ст. былі прапанаваны дзве мадэлі мадэрнізацыі: заходняя (капіталістычная) і савецкая (сацыялістычная).

Савецкая мадэль мадэрнізацыі стала альтэрнатывай заходнім дэмакратыям і фашысцкім рэжымам. Індустрыялізацыя дазволіла СССР выйсці на адзін узровень з развітымі краінамі свету і выстаяць у самай кровапралітнай вайне супраць нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў.