§ 20-2. ГЕАГРАФІЯ МІНЕРАЛЬНЫХ РЭСУРСАЎ СУСВЕТНАГА АКІЯНА
Геаграфія запасаў мінеральных рэсурсаў Сусветнага акіяна.
Вуглевадароды. Актыўнае асваенне, якое ўносіць значны ўклад у сусветны баланс здабычы вуглевадародаў, пачалося з другой паловы XX ст. Да канца XX ст. у Сусветным акіяне было разведана 330 асадкавых басейнаў, перспектыўных у плане здабычы нафты і газу. Па некаторых ацэнках, агульная плошча такіх басейнаў у межах Сусветнага акіяна дасягае 60–80 млн км2 (табл. 14*, мал. 150-2).

Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце асноўныя нафтагазаносныя раёны ў Сусветным акіяне.
Табліца 14*. Асноўныя нафтагазаносныя раёны Сусветнага акіяна Атлантычны акіян
Атлантычны акіян | Самыя буйныя — на шэльфе каля берагоў Еўропы (Паўночнаморскі), Афрыкі (Гвінейскі), Цэнтральнай Амерыкі (Карыбскі); менш буйныя — ля берагоў Канады і ЗША, Бразіліі, у Міжземным і некаторых іншых морах |
Ціхі акіян | Каля берагоў Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі і Аўстраліі |
Індыйскі акіян | Персідскі заліў (вядучае месца па запасах), шэльф Індыі, Інданезіі, Аўстраліі |
Паўночны Ледавіты акіян | Каля берагоў Аляскі і Канады (мора Бафорта), каля берагоў Расіі (Баранцава і Карскае моры) |
Каспійскае мора | Запасы нафты і газу размешчаны ў акваторыях усіх прыкаспійскіх краін: Азербайджана, Ірана, Казахстана, Расіі, Туркменістана |
Клуб знаўцаў-географаў. Бурэнне першай свідравіны на беразе Каспійскага мора адносіцца да 1871 г., але здабычу нафты тут вялі задоўга да гэтага з дапамогай шурфаў, выкапаных рукамі чалавека. Прыкметы нафтаноснасці ў раёне Баку вядомыя з VI ст. да н. э. Факелы газу і нафты, якія тут вечна гараць, стварылі аснову культу вогнепаклоннікаў Заратустры. Яны прыцягвалі мноства паломнікаў, прычым многія прыходзілі з аддаленых куткоў Зямлі. Марка Пола, які вандраваў па гэтым рэгіёне ў канцы XIII ст., апісаў убачаны ім фантан, з якога біў моцны струмень нафты.
Сёння доля вуглевадародаў шэльфавых і глыбакаводных радовішч у сусветным аб’ёме здабычы складае, па розных ацэнках, 30–35 % (мал. 150-3).

Да 2050 г. гэты паказчык можа павялічыцца да 40–45 %, у тым ліку за кошт асваення патэнцыялу Арктычнага шэльфа і глыбакаводных радовішч (звыш 1500 м). Найбольш актыўна марскія нафтагазавыя праекты рэалізуюцца ў Паўночным моры і Мексіканскім заліве.
Развіццё тэхналогій дазваляе асвойваць новыя глыбіні. Дзеючы сусветны рэкорд па глыбіні вады належыць ТНК Total і складае 3400 м.