§ 19-1. БУДУЧЫНЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ І РАЗВІЦЦЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ
Альтэрнатыўныя сцэнарыі магчымай будучыні харчовай праблемы і развіцця сельскай гаспадаркі. У сельскай гаспадарцы найбольш востра стаіць пытанне: ці будзе сусветная сельская гаспадарка ўстойліва забяспечваць прадуктамі харчавання ўсіх жыхароў Зямлі да 2050 г. і ў наступныя гады?
У сувязі з гэтым экспертамі ААН адносна будучыні харчовай праблемы і развіцця сельскай гаспадаркі распрацаваны тры прагнозныя сцэнарыі пачынаючы з 2012 г., базавага, і да 2050 г.
Першы сцэнарый — сцэнарый «папярэдняга курсу» — прадугледжвае пераважнае захаванне ранейшых тэндэнцый вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, прадуктаў харчавання і іх спажывання.
Дадзены сцэнарый распрацоўваўся для таго, каб зразумець, як можа выглядаць свет у тым выпадку, калі не вырашыць мноства актуальных праблем харчовай бяспекі і развіцця сельскай гаспадаркі.
Згодна са сцэнарыем «папярэдняга курсу», глабальная сусветная гаспадарка развіваецца ўмеранымі тэмпамі. Насельніцтва эканамічна развітых краін аддае перавагу прадуктам харчавання жывёльнага паходжання. У краінах, якія развіваюцца, і краінах з пераходнай эканомікай адносна абмежаваны рост даходаў не спрыяе пераходу да больш здаровага харчавання, нягледзячы на некаторае набліжэнне па каларыйнасці харчавання да развітых краін. Таму выкіды парніковых газаў працягваюць павялічвацца, а наступствы змянення клімату змякчаюцца толькі часткова.
Паразважаем. Ці зможа першы сцэнарый, на ваш погляд, вырашыць праблему недахопу прадуктаў харчавання?
Дакладныя вынікі аналізу сцэнарыяў ФАО паказваюць, што, калі рост насельніцтва і развіццё сусветнай сельскай гаспадаркі будуць адбывацца па тых жа напрамках вытворчасці і спажывання, гэта прывядзе да 2050 г. да значных маштабаў недаядання (мал. 139-3), нават калі аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічыцца з 2012 па 2050 г. на 50 % (мал. 139-4).


Другі сцэнарый — «пераход да ўстойлівага развіцця». Ён быў распрацаваны для таго, каб зразумець, якія папярэднія змяненні неабходна правесці з мэтай больш устойлівага развіцця сельскай гаспадаркі і забеспячэння харчовай бяспекі.
Згодна з гэтым сцэнарыем, глабальная эканоміка расце ўмеранымі тэмпамі (як і ў рамках «папярэдняга курсу»). Рацыёны харчавання насельніцтва ў эканамічна развітых краінах змяняюцца ў бок павелічэння спажывання садавіны і гародніны і скарачэння спажывання прадуктаў жывёльнага паходжання. Больш збалансаваны рацыён харчавання ў развітых краінах будзе садзейнічаць вырашэнню праблемы залішняй вагі ў насельніцтва і зніжэнню колькасці звязаных з гэтым неінфекцыйных захворванняў.
Рост даходаў у краінах, якія развіваюцца, і краінах з пераходнай эканомікай спрыяе больш збалансаванаму харчаванню насельніцтва. Жыхары гэтых краін не толькі пераходзяць на больш устойлівыя рацыёны, але і прымаюць меры для скарачэння адходаў.
Пры сцэнарыі «пераход да устойлівага развіцця» маштабы недаядання радыкальна скарачаюцца нават пры росце сельскагаспадарчай вытворчасці ўсяго на 40 %.
Трэці сцэнарый — «расслаенне грамадства». Ён апісвае будучыню, якая характарызуецца ўзмацненнем няроўнасці з пункту гледжання даходаў, магчымасцей для заробку, доступу да жыццёва важных тавараў і паслуг паміж краінамі і рознымі слаямі грамадства.
Згодна з гэтым сцэнарыем, глабальная эканоміка расце хутчэй, чым у двух папярэдніх выпадках. Аднак асобныя рэгіёны (у прыватнасці, краіны Афрыкі на поўдзень ад Сахары) не атрымліваюць адчувальных выгод ад гэтага больш хуткага росту.
Паразважаем. Які з трох сцэнарыяў магчымай будучыні харчовай праблемы і развіцця сельскай гаспадаркі, на ваш погляд, з’яўляецца найбольш верагодным? Адказ абгрунтуйце.
Даход, магчымасці для заробку і доступ да тавараў і паслуг усё часцей становяцца здабыткам эліт, што прыводзіць да росту колькасці маргіналізаванага і галадаючага насельніцтва. Узрастаюць тэмпы вычэрпвання прыродных рэсурсаў. Таксама павялічваюцца выкіды парніковых газаў, што абумоўлівае істотнае змяненне клімату і сур’ёзныя наступствы для жыццядзейнасці чалавека і навакольнага асяроддзя.