Печатать книгуПечатать книгу

§ 19-1. БУДУЧЫНЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ І РАЗВІЦЦЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ

icon
Успамінаем. Якія падгаліны ўваходзяць у склад сельскай гаспадаркі? Якая заканамернасць развіцця геаграфічнай абалонкі ўплывае на развіццё сельскай гаспадаркі? Як адрозніваецца доля насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы развітых краін і краін, якія развіваюцца?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму ўзнікла харчовая праблема? Што перашкаджае вырашэнню харчовай праблемы? Як у далейшым будуць развівацца сельская гаспадарка і сцэнарый вырашэння харчовай праблемы?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 19-1. БУДУЧЫНЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ І РАЗВІЦЦЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 25 Апрель 2024, 03:02

Сусветныя выклікі ў забеспячэнні харчовай бяспекі і развіцці сельскай гаспадаркі. Чалавецтва сутыкаецца з чатырма асноўнымі выклікамі.

1. Рост насельніцтва, даходаў і паскораная ўрбанізацыя ў XXI ст. вядзе да павышэння попыту на прадукты харчавання і змянення харчовых густаў чалавека ў бок павелічэння спажывання прадуктаў жывёльнага паходжання.

Напрыклад, доля мяса і малочных прадуктаў у рацыёне харчавання людзей на фоне эканамічнага росту павялічваецца, а збожжавых прадуктаў — зніжаецца. Гэта выклікае занепакоенасць чалавецтва ўстойлівасцю і якасцю рацыёнаў харчавання. Асабліва гэта характэрна для краін з высокім узроўнем даходаў, дзе назіраецца рэзкі рост атлусцення не толькі сярод дарослых, але і сярод дзяцей (мал. 139-1).

img
Мал. 139-1. Распаўсюджанасць атлусцення сярод дзяцей і дарослых, 2018 г., па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, %

Заўвага. Рэгіёны разбітыя на групы па ўзроўні даходаў, згодна вызначэнні СААЗ. Дзеці і падлеткі — узроставая група ў дыяпазоне 5-18 гадоў, дарослыя — старэйшыя за 18 гадоў.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Непаўнавартаснае харчаванне ва ўсіх яго праяўленнях уключае недастатковае харчаванне (вядзе да знясілення, затрымкі росту і зніжанай маса цела), недахоп вітамінаў або мінералаў, залішнюю вагу, атлусценне і абумоўленыя харчаваннем неінфекцыйныя захворванні.
Ад залішняй вагі або атлусцення пакутуюць 1,9 млрд дарослых, пры гэтым у 462 млн чал. — паніжаная маса цела. 52 млн дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў пакутуюць ад знясілення, прычым 17 млн — ад цяжкай яго формы. У 155 млн выяўлена затрымка развіцця, а ад залішняй вагі або атлусцення пакутуе 41 млн дзяцей. Прыкладна 45 % выпадкаў смерці дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў звязаны з недастатковым харчаваннем. Такая карціна назіраецца ў асноўным у найменш развітых краінах.

2. Хранічная галеча, няроўнасць і беспрацоўе абмяжоўваюць доступ да харчавання і таксама перашкаджаюць дасягненню харчовай бяспекі. Нягледзячы на значны прагрэс у скарачэнні маштабаў голаду ў апошнія гады, больш за 821 млн людзей усё яшчэ хранічна галадаюць. Ацэнкі ФАО прагназуюць, што пастаяннае недаяданне захаваецца і ў будучыні.

Больш за 2 млрд людзей пакутуюць ад розных форм дэфіцыту пажыўных мікраэлементаў. Пацвярджэннем гэтаму выступаюць два факты.

Па-першае, больш за 600 млн жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту ўсё яшчэ пакутуюць ад анеміі, частай прычынай якой з’яўляецца недахоп жалеза ў арганізме. Па-другое, сотні тысяч дзяцей штогод слепнуць з-за дэфіцыту вітаміна A. Гэта павялічвае галечу і адсутнасць харчовай бяспекі.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Са школьнага курса біялогіі ўспомніце, да якіх захворванняў прыводзіць дэфіцыт вітамінаў і мінералаў у чалавека.

3. Пашырэнню вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі перашкаджаюць недахоп і зніжэнне якасці зямельных і водных рэсурсаў. Віды вырабленых прадуктаў і магчымасць задавальнення патрэб насельніцтва ў харчаванні, якія растуць і змяняюцца, будуць залежаць ад наяўнасці і прадукцыйнасці рэсурсаў, асабліва зямельных і водных.

Гэтыя рэсурсы ўжо цяпер адчуваюць павышаную нагрузку ў галіне спажывання (мал. 139-2).

img
Мал. 139-2. Выкарыстанне прэснай вады, па даных ФАО, 2017 г., у % ад агульнага аб’ёму аднаўляльных рэсурсаў

Заўвага. Краіны лічацца падвержанымі воднаму стрэсу, калі спажываюць больш за 25 % аднаўляльных рэсурсаў прэснай вады на сваёй тэрыторыі. Краіны набліжаюцца да фізічнага недахопу вады, калі спажываюць звыш 60 % сваёй вады, і сутыкаюцца з моцным фізічным дэфіцытам вады, калі спажываюць звыш 75 %.

4. Змяненне клімату ўсё мацней адбіваецца на ўраджайнасці і жыцці ў сельскіх раёнах, у той час як вытворчасць прадуктаў харчавання і прадукцыі сельскай гаспадаркі працягвае заставацца крыніцай выкідаў парніковых газаў.

Такім чынам, сельскую гаспадарку неабходна адаптаваць да змянення клімату, а змяненне клімату ў сваю чаргу неабходна змякчаць.

Альтэрнатыўныя сцэнарыі магчымай будучыні харчовай праблемы і развіцця сельскай гаспадаркі. У сельскай гаспадарцы найбольш востра стаіць пытанне: ці будзе сусветная сельская гаспадарка ўстойліва забяспечваць прадуктамі харчавання ўсіх жыхароў Зямлі да 2050 г. і ў наступныя гады?

У сувязі з гэтым экспертамі ААН адносна будучыні харчовай праблемы і развіцця сельскай гаспадаркі распрацаваны тры прагнозныя сцэнарыі пачынаючы з 2012 г., базавага, і да 2050 г.

Першы сцэнарый — сцэнарый «папярэдняга курсу» — прадугледжвае пераважнае захаванне ранейшых тэндэнцый вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, прадуктаў харчавання і іх спажывання.

Дадзены сцэнарый распрацоўваўся для таго, каб зразумець, як можа выглядаць свет у тым выпадку, калі не вырашыць мноства актуальных праблем харчовай бяспекі і развіцця сельскай гаспадаркі.

Згодна са сцэнарыем «папярэдняга курсу», глабальная сусветная гаспадарка развіваецца ўмеранымі тэмпамі. Насельніцтва эканамічна развітых краін аддае перавагу прадуктам харчавання жывёльнага паходжання. У краінах, якія развіваюцца, і краінах з пераходнай эканомікай адносна абмежаваны рост даходаў не спрыяе пераходу да больш здаровага харчавання, нягледзячы на некаторае набліжэнне па каларыйнасці харчавання да развітых краін. Таму выкіды парніковых газаў працягваюць павялічвацца, а наступствы змянення клімату змякчаюцца толькі часткова.

iconПаразважаем. Ці зможа першы сцэнарый, на ваш погляд, вырашыць праблему недахопу прадуктаў харчавання?

Дакладныя вынікі аналізу сцэнарыяў ФАО паказваюць, што, калі рост насельніцтва і развіццё сусветнай сельскай гаспадаркі будуць адбывацца па тых жа напрамках вытворчасці і спажывання, гэта прывядзе да 2050 г. да значных маштабаў недаядання (мал. 139-3), нават калі аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічыцца з 2012 па 2050 г. на 50 % (мал. 139-4).

img
Мал. 139-3. Распаўсюджанасць недаядання па трох сцэнарыях, оцэнка ФАО, %
img
Мал. 139-4. Валавая вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі па трох сцэнарыях, да базавага 2012 г., оцэнка ФАО

Другі сцэнарый — «пераход да ўстойлівага развіцця». Ён быў распрацаваны для таго, каб зразумець, якія папярэднія змяненні неабходна правесці з мэтай больш устойлівага развіцця сельскай гаспадаркі і забеспячэння харчовай бяспекі.

Згодна з гэтым сцэнарыем, глабальная эканоміка расце ўмеранымі тэмпамі (як і ў рамках «папярэдняга курсу»). Рацыёны харчавання насельніцтва ў эканамічна развітых краінах змяняюцца ў бок павелічэння спажывання садавіны і гародніны і скарачэння спажывання прадуктаў жывёльнага паходжання. Больш збалансаваны рацыён харчавання ў развітых краінах будзе садзейнічаць вырашэнню праблемы залішняй вагі ў насельніцтва і зніжэнню колькасці звязаных з гэтым неінфекцыйных захворванняў.

Рост даходаў у краінах, якія развіваюцца, і краінах з пераходнай эканомікай спрыяе больш збалансаванаму харчаванню насельніцтва. Жыхары гэтых краін не толькі пераходзяць на больш устойлівыя рацыёны, але і прымаюць меры для скарачэння адходаў.

Пры сцэнарыі «пераход да устойлівага развіцця» маштабы недаядання радыкальна скарачаюцца нават пры росце сельскагаспадарчай вытворчасці ўсяго на 40 %.

Трэці сцэнарый — «расслаенне грамадства». Ён апісвае будучыню, якая характарызуецца ўзмацненнем няроўнасці з пункту гледжання даходаў, магчымасцей для заробку, доступу да жыццёва важных тавараў і паслуг паміж краінамі і рознымі слаямі грамадства.

Згодна з гэтым сцэнарыем, глабальная эканоміка расце хутчэй, чым у двух папярэдніх выпадках. Аднак асобныя рэгіёны (у прыватнасці, краіны Афрыкі на поўдзень ад Сахары) не атрымліваюць адчувальных выгод ад гэтага больш хуткага росту.

iconПаразважаем. Які з трох сцэнарыяў магчымай будучыні харчовай праблемы і развіцця сельскай гаспадаркі, на ваш погляд, з’яўляецца найбольш верагодным? Адказ абгрунтуйце.

Даход, магчымасці для заробку і доступ да тавараў і паслуг усё часцей становяцца здабыткам эліт, што прыводзіць да росту колькасці маргіналізаванага і галадаючага насельніцтва. Узрастаюць тэмпы вычэрпвання прыродных рэсурсаў. Таксама павялічваюцца выкіды парніковых газаў, што абумоўлівае істотнае змяненне клімату і сур’ёзныя наступствы для жыццядзейнасці чалавека і навакольнага асяроддзя.

icon Падвядзём вынікі. Асноўнымі пагрозамі забеспячэння ўстойлівага развіцця ў галіне харчавання і сельскай гаспадаркі ў свеце выступаюць ..., ..., ..., … . Хранічная галеча, ... і ... абмяжоўваюць доступ да прадуктаў харчавання і перашкаджаюць дасягненню харчовай бяспекі. Экспертамі ААН адносна будучыні харчовай праблемы і развіцця сельскай гаспадаркі распрацаваны ... прагнозныя сцэнарыі.

icon Праверым свае веды. 1. Як узровень развіцця дзяржаў уплывае на вастрыню харчовай праблемы? 2. Як харчовая праблема адбіваецца на здароўі насельніцтва планеты? 3. Якія сцэнарыі распрацаваны экспертамі ААН для далейшага развіцця сельскай гаспадаркі і вырашэння харчовай праблемы?

icon Ад простага да складанага. 1. Ці змогуць дзяржавы з нізкім узроўнем эканамічнага развіцця вырашыць праблему харчавання? 2. У чым праяўляецца ўзаемаўплыў клімату і сельскай гаспадаркі? 3. Ці магчымы іншыя сцэнарыі для далейшага развіцця сельскай гаспадаркі і вырашэння харчовай праблемы?

icon Ад тэорыі да практыкі. Дапусцім, што вас запрасілі ў групу экспертаў па выбары аднаго з альтэрнатыўных сцэнарыяў магчымай будучыні харчовай праблемы і развіцця сельскай гаспадаркі. Якія перавагі другога сцэнарыя — «пераход да ўстойлівага развіцця» — для вырашэння харчовай праблемы вы вылучыце?

icon

Web-рэсурсы.
Сайт СААЗ. Непаўнавартаснае харчаванне.