§ 17-5. ГАРАДЫ І ПРЫРОДНЫЯ РЫЗЫКІ
Класіфікацыя прыродных рызык, глабальная і рэгіянальная структура прыродных рызык гарадоў.
Прыродная рызыка — гэта ўсвядомленая чалавекам небяспека прыроднага працэсу ў выглядзе магчымых страт за пэўны час пры яе наступленні ў навакольным прыродным асяроддзі.
Сацыяльна-эканамічная шкода ад магчымага праяўлення небяспечнага прыроднага працэсу або з’явы можа выражацца ў колькасці загінулых, кошце пацярпелых аб’ектаў асабістай уласнасці і гаспадарча-эканамічнай дзейнасці.
Да прыродных рызык адносяць шэсць працэсаў (мал. 116-36).

Папрацуем з атласам. Назавіце і пакажыце на карце раёны, дзе за апошняе дзесяцігоддзе праявіліся прыродныя рызыкі.
У сусветнай структуры найбольшая колькасць гарадоў мае рызыку паводак (мал. 116-37) і засух (мал. 116-38) — 39 і 34 %, у якіх сканцэнтравана 40 і 31 % насельніцтва адпаведна, або каля 2,5 млрд чал. Цыклоны (мал. 116-40) пагражаюць 15 % гарадоў свету, у якіх пражывае 16 % насельніцтва, якому пагражаюць прыродныя небяспекі. На рызыкі землетрасенняў (мал. 116-41), апоўзняў і вулканаў прыходзіцца 12 % гарадоў.




Каля 60 % усіх гарадоў з прыроднымі рызыкамі зʼяўляюцца кантынентальнымі па характары размяшчэння і 41 % — прыбярэжнымі (табл. 10*).
Табліца 10*. Глабальнае размеркаванне прыродных рызык па тыпах гарадоў у залежнасці ад размяшчэння
Тыпы прыродных рызык | Гарады | |||
прыбярэжныя | кантынентальныя | |||
колькасць | насельніцтва, млн чал | колькасць | насельніцтва, млн чал | |
Цыклоны | 115 | 371 | 82 | 167 |
Засухі | 156 | 436 | 280 | 593 |
Землетрасенні | 47 | 176 | 76 | 146 |
Паводкі | 198 | 649 | 307 | 685 |
Апоўзні | 10 | 26 | 26 | 71 |
Вывяржэнні вулканаў | 1 | 2 | 3 | 7 |
У сусветнай структуры прыродным рызыкам падвяргаюцца 456 гарадоў, у якіх пражываюць 1417 млн чал., або каля 50 % гарадоў звыш 500 тыс. чал. (20 % насельніцтва свету).
Еўропа, Афрыка і Паўночная Амерыка адносяцца да рэгіёнаў з найменшай доляй гарадоў з прыроднымі рызыкамі — 11 % ад колькасці гарадоў з рызыкамі. Сярод рэгіёнаў свету найбольшая колькасць гарадоў з прыроднымі рызыкамі знаходзіцца ў Азіі — 51 % ад іх агульнай колькасці.
Свет і Беларусь. Якім прыродным рызыкам найбольш падвержаны гарады Рэспублікі Беларусь?