§ 17-4. УРБАНІЗАЦЫЯ І ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ
Уплыў змянення клімату на гарады. Многія звязаныя з надвор’ем рызыкі носяць у цяперашні час гарадскі характар і будуць абвастрацца па меры далейшага змянення клімату. Такія прыродныя бедствы, як павышэнне тэмпературы паветра, больш жорсткія ўмовы надвор’я, павышэнне ўзроўню мора і больш інтэнсіўныя штормы, стануць паўсядзённай рэальнасцю для насельніцтва гарадскіх цэнтраў (мал. 116-34).

Заўвага. Гарады, паказаныя на малюнку, маюць насельніцтва больш за 1 млн чал. Рызыка пагроз уяўляе сабой сукупны паказчык на аснове рызыкі цыклонаў, затаплення, апоўзняў і засухі. Паказчык «0» азначае «нізкая рызыка», а «10» азначае «высокая рызыка».
У выніку змянення клімату гарады сутыкаюцца з цяжкасцямі ў забеспячэнні базавых паслуг для сваіх жыхароў. Змяненне клімату можа паўплываць на сістэму водазабеспячэння, энергетыку, прамысловасць ва ўсіх гарадах свету. Яно парушае эканамічную дзейнасць і пазбаўляе насельніцтва прывычнага ладу жыцця, а ў некаторых выпадках можа прывесці да масавай міграцыі.
Рызыкі для гарадскіх тэрыторый у сувязі са змяненнем клімату. На працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў у выніку дзейнасці чалавека назіраецца пацяпленне атмасферы і акіяна. Пры гэтым змяняюцца частата і інтэнсіўнасць выпадзення ападкаў, частата ўтварэння цыклонаў, хуткасць раставання льдоў і адбываецца павышэнне ўзроўню мора (табл. 9*).
Табліца 9*. Магчымы ўплыў змянення клімату і ўмоў надвор’я на гарадскія тэрыторыі
Кліматычны феномен | Асноўныя магчымыя наступствы |
Менш халодных дзён і начэй | Зніжэнне патрэбы ў энергіі для ацяплення |
Большая колькасць цёплых дзён і начэй і больш высокая тэмпература на большай частцы сушы | Павелічэнне патрэбы ў энергіі для ахалоджвання |
Больш высокая тэмпература | Меншая колькасць пашкоджанняў транспартнай сістэмы ад снегу і лёду, якія ўплываюць на зімовы турызм. Змяненне вобласці вечнай мерзлаты, шкода будынкам і інфраструктуры |
«Хвалі спякоты»: частата расце на большай частцы сушы | Зніжэнне якасці жыцця людзей у цёплых рэгіёнах без кандыцыянераў паветра; уплыў на пажылых, малалетніх і бедных жыхароў, у тым ліку значная колькасць смяротных выпадкаў. Павелічэнне энергіі, якая выкарыстоўваецца для кандыцыянавання |
Інтэнсіўныя ападкі: частата расце ў большасці рэгіёнаў | Разбурэнне паселішчаў, эканомікі, транспарту паводкамі. Значная колькасць смяротных выпадкаў і пацярпелых, шкода матэрыяльным актывам і інфраструктуры. Магчымасць выкарыстоўваць дажджавую ваду для вытворчасці электраэнергіі ў многіх рэгіёнах |
Тэрыторыі, якія пакутуюць ад засухі | Недахоп вады для людзей, прамысловасці і сферы паслуг; зніжэнне колькасці электраэнергіі, што выпрацоўваецца гідраэлектрастанцыямі. Магчымая міграцыя людзей |
Павелічэнне колькасці магутных трапічных цыклонаў | Разбурэнне паселішчаў паводкамі і ветрам. Разбурэнне сістэмы водазабеспячэння. Спыненне страхавой кампенсацыі на тэрыторыях з высокай ступенню рызыкі (прынамсі ў развітых краінах). Вялікая колькасць смяротных выпадкаў, пацярпелых, значная шкода ўласнасці. Магчымая міграцыя насельніцтва |
Больш частае рэзкае павышэнне ўзроўню мора (у тым ліку цунамі) | Зніжэнне колькасці прэснай вады з-за пранікнення ў яе марской. Вялікая колькасць смяротных выпадкаў, пацярпелых, значная шкода ўласнасці. Магчымая міграцыя насельніцтва |
У глабальным маштабе інтэнсіўнасць трапічных цыклонаў і моцных трапічных штормаў расце з 1970 г. Павялічваюцца паказчыкі хуткасці ветру і разбуральнай магутнасці гэтых з’яў. Мяркуецца, што ў сувязі з глабальным пацяпленнем іх патэнцыяльная інтэнсіўнасць будзе расці ў большасці рэгіёнаў, у якiх утвараюцца трапічныя цыклоны.
Колькасць выпадкаў выпадзення інтэнсіўных аднадзённых і шматдзённых ападкаў расла на працягу ўсяго XX ст. і павялічваецца ў ХХІ ст. Больш частае выпадзенне ападкаў мае эканамічныя і сацыяльныя наступствы для ўрбанізаванага асяроддзя.
Паводкі з’яўляюцца адным з найбольш разбуральных тыпаў катастроф. Іх частата і цяжар наступстваў павялічваліся на працягу апошніх 10 гадоў.
Навукоўцы мяркуюць, што ў выніку змянення клімату перыяды экстрэмальна гарачага надвор’я стануць больш частымі, інтэнсіўнымі і працяглымі ў большасці рэгіёнаў сушы. Экстрэмальна спякотнае надвор’е наносіць большую шкоду гарадам (так званы эфект «вострава спёкі») з-за таго, што гарады лепш захоўваюць цяпло, чым сельскія рэгіёны. У сярэднестатыстычнай развітой краіне у горадзе з насельніцтвам у 1 млн чал. тэмпература паветра на 1–3 °C вышэйшая, чым на навакольных тэрыторыях.
З 1970 г. у тропіках і субтропіках не толькі адзначана павелічэнне выпадкаў засухі, але і сабраны доказы ўплыву дзейнасці чалавека на дадзеную тэндэнцыю. У цяперашні час не менш за 1 % агульнай тэрыторыі сушы лічыцца экстрэмальна засушлівай тэрыторыяй. Да 2100 г. гэты паказчык можа дасягнуць 30 %.
Уплыў змянення клімату на гарадское асяроддзе характарызуецца праяўленнем многіх аспектаў (мал. 116-35).

Уплыў на матэрыяльную інфраструктуру. Значнае разбурэнне жылога і адміністрацыйнага фондаў будынкаў адбываецца ў выпадку павелічэння колькасці стыхійных бедстваў і катастроф, звязаных са змяненнем клімату. Эрозія берагавой лініі і пранікненне марской вады разбураюць будынкі.
Змяненне клімату часта разбурае транспартную сістэму, паколькі ўмовы надворʼя могуць парушаць сістэму сувязі. У прыбярэжных гарадах, у прыватнасці, павышэнне ўзроўню мора разбурае аўтамабільныя дарогі і размывае падушку дарожнага пакрыцця, а таксама апоры мастоў.
Паразважаем. Якія віды транспарту найменш залежныя ад кліматычных умоў?
Эканамічныя наступствы праяўляюцца ў выглядзе прычынення шкоды будынкам і інфраструктуры. Дадзеныя наступствы будуць асабліва цяжкія ў рэгіёнах, дзе прамысловыя аб’екты размешчаны на няўстойлівых тэрыторыях, напрыклад у прыбярэжных зонах і на раўнінах, якія церпяць ад паводак.
Наступствы для аховы здароўя. З ростам колькасці людзей, якія пераязджаюць у гарады, і павелічэннем тэмпературы паветра, а таксама хуткім старэннем грамадства ў будучыні пагроза павышэння ўзроўню смяротнасці ад спёкі стане рэальнай. Ужо цяпер паказчык смяротнасці насельніцтва ад спёкі пры рэгістрацыі прычын смерці становіцца відавочным. Наступствамі паводак і штормаў з’яўляюцца не толькі фактычная гібель людзей і шкода іх здароўю, але і працяглая шкода, што прычыняецца аб’ектам, якія забяспечваюць сістэму аховы здароўя. Адключэнне электраэнергіі можа парушыць працу бальніц. Забеспячэнне пітной вадой таксама можа быць ускладнена ў выпадку нанясення шкоды аб’ектам водазабеспячэння або пры недахопе электраэнергіі.