§ 17-4. УРБАНІЗАЦЫЯ І ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ
Уплыў гарадоў свету на змяненне клімату. Эканамічная дзейнасць і выкіды ПГ у гарадах залежаць ад агульнай эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай сітуацыі ў краіне. У глабальным маштабе назіраецца істотная розніца ўзроўню выкідаў ПГ у розных краінах і рэгіёнах.
18 % сусветнага насельніцтва, якое пражывае ў развітых краінах, ствараюць 47 % агульнай колькасці выкідаў CO2, у той час як 82 % сусветнага насельніцтва, што пражывае ў краінах, якія развіваюцца, вырабляюць 52 % выкідаў (мал. 116-33).

Глабальнае павелічэнне выкідаў ПГ размяркоўваецца нераўнамерна па ўсіх краінах. Акрамя таго, сярэдняя колькасць выкідаў у гарадах на чалавека можа быць значна ніжэйшай, чым сярэдняя колькасць выкідаў на чалавека ў цэлым па краіне (табл. 8*).
Табліца 8*. Выкіды парніковых газаў у буйных гарадах свету, 2018 г., т СО2-экв.
Горад | Выкіды ПГ на душу насельніцтва (гарадскі ўзровень), т экв. СО2 | Выкіды ПГ на душу насельніцтва (нацыянальны ўзровень), т экв. СО2 |
Вашынгтон (ЗША) | 19,7 | 23,9 |
Глазга (Вялікабрытанія) | 8,4 | 1,2 |
Таронта (Канада) | 8,2 | 23,7 |
Шанхай (Кітай) | 8,1 | 3,4 |
Нью-Ёрк (ЗША) | 7,1 | 23,9 |
Пекін (Кітай) | 6,9 | 3,4 |
Лондан (Вялікабрытанія) | 6,2 | 1,2 |
Токіа (Японія) | 4,8 | 0,6 |
Сеул (Рэспубліка Карэя) | 3,8 | 6,7 |
Барселона (Іспанія) | 3,4 | 0,0 |
Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія) | 2,3 | 8,2 |
Сан-Паўлу (Бразілія) | 1,5 | 8,2 |
Выкіды парніковых газаў у развітых краінах. Пачынаючы з сярэдзіны XX ст. узровень выкідаў у гарадах развітых краін адносна невысокі. У той жа час дадзеныя гарадскія тэрыторыі сталі цэнтрамі дабрабыту і спажывання. У параўнанні з гарадамі Паўночнай Амерыкі ўзровень уплыву гарадоў Еўропы на змяненне клімату адносна нізкі. Гэта абумоўлена некалькімі прычынамі: еўрапейскія гарадскія тэрыторыі звычайна больш кампактныя. У іх выкарыстоўваецца меншая колькасць асабістых аўтамабіляў, а таксама большая колькасць малалітражных аўтамабіляў, што прыводзіць да памяншэння выкідаў ад асабістага аўтатранспарту.
Клуб знаўцаў-географаў. Еўропу немагчыма ўявіць без веласіпедаў. Сёння «педалі круціць» уся Еўропа: людзі сталі больш клапаціцца пра экалогію і ўласнае здароўе. У офісах складана трымаць сябе ў форме. А штодзённыя паездкі расходуюць дастаткова вялікую колькасць калорый. Многія еўрапейскія гарады праводзяць палітыку падтрымкі веласіпедыстаў.
Гарадскія выкіды ў краінах, якія развіваюцца. У краінах, якія развіваюцца, толькі некаторыя гарады выкарыстоўваюць сістэму ўліку выкідаў. Гарады гэтых краін часта з’яўляюцца эканамічнымі цэнтрамі, што ўносяць значны ўклад у валавы нацыянальны прадукт. Яны таксама становяцца цэнтрамі спажывання і дабрабыту і маюць больш высокі ўзровень выкідаў ПГ на чалавека, чым іх навакольная тэрыторыя.
Бразілія, Кітай, Індыя, ПАР сталі новымі цэнтрамі сусветнай вытворчасці, тым самым значна павялічыўшы сваю долю ў сусветных выкідах ПГ. Кітай абагнаў ЗША па паказчыках колькасці выкідаў ПГ і цяпер лідзіруе ў свеце, нягледзячы на тое што ўзровень выкідаў на чалавека ў гэтай краіне значна ніжэйшы. Бразілія, Кітай, Індыя і ПАР, не ўступіўшы ў юрыдычна значныя пагадненні ў гэтай сферы, тым не менш стараюцца зменшыць выкіды.
Большая частка гарадскога насельніцтва ў найменш развітых і бедных краінах вырабляе вельмі нізкі ўзровень выкідаў ПГ у сувязі з абмежаваным выкарыстаннем выкапнёвага паліва і электрычнасці, а таксама з абмежаваным спажываннем тавараў і паслуг.