§ 17-1. ГЛАБАЛЬНЫЯ І РЭГІЯНАЛЬНЫЯ ТРЭНДЫ ЎРБАНІЗАЦЫІ
Прасторава-часавыя тэндэнцыі і заканамернасці тэмпаў сусветнага працэсу ўрбанізацыі і росту гарадскога насельніцтва свету ў ХХІ ст. Дынаміка колькасці і размеркаванне гарадскога насельніцтва свету. Пачынаючы з 1950-х гг. колькасць гарадскога насельніцтва імкліва павялічваецца (мал.116-2).
Свет перажывае перыяд вельмі хуткага росту колькасці гарадскога насельніцтва. Усяго за 40 гадоў яно павялічылася ў два разы: з 2,2 млрд чал. у 1990 г. да 4,2 млрд чал. на сёння.
Свет і Беларусь. У другой палове XX ст. урбанізацыя ў Беларусі зведала істотныя колькасныя і якасныя перамены. Высокія тэмпы развіцця прамысловасці ў пасляваенны перыяд спрыялі развіццю гарадскіх населеных пунктаў і росту долі гарадскога насельніцтва. Паралельна ішоў працэс канцэнтрацыі насельніцтва ў вялікіх гарадах. Назавіце гарады Беларусі, якія ўзніклі ў другой палове ХХ ст. Колькі насельніцтва Беларусі пражывае ў гарадах?
У свеце большасць гарадскога насельніцтва пражывае ў краінах, якія развіваюцца, — 3,2 млрд чал., у развітых — 0,97 млрд чал.
Гарадское насельніцтва свету ў ХХІ ст. характарызуецца надзвычай нераўнамерным геаграфічным размеркаваннем (мал. 116-3). У Азіі пражывае 2,3 млрд гарадскіх жыхароў, г. зн. практычна кожны другі гараджанін свету. У Афрыцы, Еўропе і Лацінскай Амерыцы ў гарадах жыве больш за 1,5 млрд чалавек.
Краінамі з найбольшай колькасцю гарадскога насельніцтва з’яўляюцца Кітай (873 млн чал.), Індыя (460 млн чал.) і Інданезія (147 млн чал.).
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з найбольшай колькасцю гарадскога насельніцтва.
Па прагнозах ААН, да 2030 г. колькасць гарадскога насельніцтва перавысіць 1 млрд чал. і складзе 1050 млн чал.
Дынаміка долі гарадскога насельніцтва свету і ўзроўню ўрбанізацыі. Доля гарадскога насельніцтва сведчыць аб узроўні ўрбанізацыі і стадыі праходжання «ўрбанізацыйнага пераходу».
Паразважаем. Якія стадыі характэрны для «ўрбанізацыйнага переходу»?
У параўнанні з 1990 г. доля гарадскога насельніцтва ўзрасла з 43 да 55 %, тым самым пацвердзіўшы ажыццяўленне «ўрбанізацыйнага пераходу» на глабальным узроўні (мал. 116-4).
Больш за 53 % сусветнага гарадскога насельніцтва сканцэнтравана ў Азіі (мал. 116-5). Доля рэгіёнаў, якія развіваюцца, павялічваецца ў сусветнай структуры гарадскога насельніцтва, доля развітых — памяншаецца.
У свеце назіраюцца значныя адрозненні паміж рэгіёнамі па ўзроўні ўрбанізацыі. Найбольш урбанізаваным рэгіёнам у цяперашні час з’яўляецца Паўночная Амерыка, далей ідуць — Лацінская Амерыка і Еўропа (мал. 116-6). У Азіі доля гарадскога насельніцтва складае 50 %. Найменш урбанізаваны рэгіён — гэта Афрыка.
Па прагнозах ААН, да 2030 г. доля гарадскога насельніцтва будзе складаць 60 % сусветнага насельніцтва.
Геаграфічная карціна ўрбанізацыі па краінах свету ў мінулым, сучаснасці і будучыні паказана на мал. 116-7.
Тэмпы росту гарадскога насельніцтва свету. У цяперашні час тэмпы росту гарадскога насельніцтва свету ў два разы перавышаюць тэмпы росту агульнай колькасці насельніцтва свету і складаюць 1,9 % у год. Пры гэтым у развітых краінах адбываецца іх запаволенне на ўзроўні 0,7 %. У краінах, якія развіваюцца, тэмпы росту застаюцца высокімі. Прычым найбольш высокімі тэмпамі гарадское насельніцтва расце ў найбольш адсталых краінах — 3,9 % у год.
Паразважаем. Да якіх праблем можа прывесці хуткі тэмп росту гарадскога насельніцтва?
Па краінах свету максімальныя значэнні штогадовага росту колькасці гарадскога насельніцтва характэрныя для найбольш адсталых у сацыяльна-эканамічных адносінах краін — Руанды, Бутана і Лаоса (мал. 116-8).
Адмоўная дынаміка адзначаецца ў трох групах краін: 1) у краінах з найбольш нізкім узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця (Барбадас); 2) у былых сацыялістычных краінах з сельскагаспадарчай спецыялізацыяй (Таджыкістан); 3) у еўрапейскіх высокаразвітых краінах (Ліхтэнштэйн).
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з максімальнымі штогадовымі тэмпамі росту колькасці гарадскога насельніцтва і адмоўнай дынамікай колькасці гарадскога насельніцтва.