§ 16. ПРАБЛЕМА СТАРЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА
Дынаміка ўзроставай структуры насельніцтва свету і рэгіёнаў. Перадумовы старэння аказалі моцны ўплыў на змяненне ўзроставай структуры насельніцтва свету. У выніку скарачэння нараджальнасці назіраецца зніжэнне долі насельніцтва ва ўзросце 0–14 гадоў (мал. 102). Пад уплывам росту працягласці жыцця насельніцтва, скарачэння смяротнасці і росту даходаў адбылося небывалае ў гісторыі чалавецтва павелічэнне колькасці і долі насельніцтва старэйшых узростаў ва ўзросце 60+ гадоў (мал. 103).


У сувязі з гэтым у свеце адбыліся: 1) змена тыпаў узнаўлення насельніцтва; 2) пераход ад прагрэсіўнага да стацыянарнага і рэгрэсіўнага тыпаў узроставай структуры; 3) незваротнае старэнне, якое эксперты ААН называюць «трыумфам развіцця чалавецтва».
Паразважаем. Растлумачце, чаму эксперты ААН назвалі старэнне насельніцтва «трыумфам развіцця чалавецтва».
Паміж рэгіёнамі існуюць вялікія адрозненні ў дынаміцы ўзроставай структуры насельніцтва. Так, у краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі ўжо ў 1950 г. назіраліся прыкметы дэмаграфічнага старэння. Тут доля насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў складала 12 %. Аднак і ў Еўропе, і ў Паўночнай Амерыцы яшчэ захоўвалася адносна высокая доля дзяцей у структуры насельніцтва — каля 30 %.
Паразважаем. Успомніце, якія існуюць шкалы старэння.
Аўстралія як эканамічна развітая краіна знаходзілася ў гэты час «на парозе старасці». Доля яе насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў дасягнула 11 %. Астатнія рэгіёны свету — Афрыка, Паўднёвая Амерыка і Азія — характарызаваліся маладой узроставай структурай, у якой больш за 40 % складалі дзеці, і старэння насельніцтва там не адбывалася.
Да 2020 г. узроставая структура насельніцтва свету істотна змянілася. Ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем Афрыкі, адбываецца старэнне. Самымі дэмаграфічна пастарэлымі з’яўляюцца краіны Еўропы і Паўночнай Амерыкі. У іх насельніцтва старэйшых узростаў складае 26 % і 23 % адпаведна. Афрыка ўяўляе ў ХХІ ст. той унікальны рэгіён свету, дзе ва ўзроставай структуры насельніцтва змяненняў практычна не адбылося. Доля дзяцей тут па-ранейшаму ў сярэднім складае 40 % (табл. 4).
Табліца 4. Дынаміка долі насельніцтва ўзроставых груп 0–14 гадоў і 60+ гадоў па рэгіёнах свету, %
Рэгіёны | 1950 | 2020 | ||
0–14 гадоў | 60+ гадоў | 0–14 гадоў | 60+ гадоў | |
Еўропа | 26 | 12 | 16 | 26 |
Азія | 36 | 7 | 23 | 26 |
Паўночная Амерыка | 27 | 12 | 18 | 23 |
Паўднёвая Амерыка | 40 | 6 | 24 | 13 |
Афрыка | 41 | 5 | 40 | 6 |
Аўстралія і Акіянія | 30 | 11 | 24 | 18 |
Адрозненні ў дынаміцы полаўзроставай структуры развітых краін і краін, якія развіваюцца, можна прасачыць на малюнку 104.

Паразважаем. Успомніце, якія існуюць тыпы полаўзроставых пірамід. Вызначыце тып піраміды рэгіёнаў свету ў 2020 г.
Свет і Беларусь. Які тып полаўзроставай структуры і піраміды характэрны для Рэспублікі Беларусь?