§ 15-2. ПРАБЛЕМА СЯМ’І Ў XXI СТАГОДДЗІ
Геаграфія шлюбнасці і разводнасці насельніцтва ў свеце. З канца ХХ ст. па цяперашні час для шлюбнасці насельніцтва свету характэрна яе зніжэнне. Гэта абумоўлена Другім дэмаграфічным пераходам.
Паразважаем. Успомніце асноўныя характарыстыкі Другога дэмаграфічнага пераходу.
Паводле даных за 2017 г., агульны каэфіцыент шлюбнасці насельніцтва свету складаў 4,8 ‰. За перыяд 1960-2017 гг. ён знізіўся ў два разы.
Клуб знаўцаў-географаў. Сямейнае права ў Расіі з’явілася ў часы праўлення Пятра I. Адзін з першых яго ўказаў абвяшчаў прынцып добраахвотнасці ўступлення ў шлюб: сваякі асоб, якія ўступалі ў шлюб, абавязаны былі прыносіць прысягу ў тым, што не прымушалі жаніха і нявесту да шлюбу. У 1714 г. Пётр І увёў адукацыйны цэнз для дваран, якія ўступалі ў шлюб, патрабуючы пры вянчанні даведкі аб веданні арыфметыкі і геаметрыі. А ў 1722 г. ён сфарміраваў статут, па якім забаранялася жаніць «дурняў, якія ні да навукі, ні да службы не прыдатныя».
Найбольш хуткімі тэмпамі шлюбнасць зніжаецца ў Еўропе. Менш развітыя рэгіёны Афрыкі і Азіі характарызуюцца процілеглай тэндэнцыяй — ростам колькасці шлюбаў, што абумоўлена значнай доляй маладога насельніцтва. Самы высокі ўзровень шлюбнасці адзначаецца ў цяперашні час у Азіі (8,1 ‰), самы нізкі — у Амерыцы (5,2 ‰) (мал.100-2).
У разрэзе краін самымі высокімі паказчыкамі шлюбнасці насельніцтва характарызуюцца краіны Паўночнай Афрыкі і некаторыя краіны Азіі. Напрыклад, у Фіджы агульны каэфіцыент шлюбнасці складае 9,8 ‰, Егіпце — 9,6 ‰, ва Узбекістане і на Багамах — па 9,5 ‰ (мал. 100-3).
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з максімальнымі паказчыкамі шлюбнасці.
Краіны свету адрозніваюцца па працягласці шлюбаў. Так, самымі доўгімі шлюбы лічацца ў Італіі, Канадзе, Францыі, ЗША і Аўстраліі (мал. 100-4).
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з мінімальнымі паказчыкамі разводнасці.
Разводнасць насельніцтва свету, паводле даных за 2017 г., складала 2,1 ‰ і характарызуецца ростам. За перыяд 1960-2017 гг. агульны каэфіцыент разводнасці, як і агульны каэфіцыент шлюбнасці, павялічыўся ў два разы.
Ва ўсіх рэгіёнах свету зафіксаваны рост разводнасці з максімальнымі тэмпамі ў Аўстраліі і Акіяніі (больш чым у 5 разоў, пераважна за кошт астраўных тэрыторый, якія належаць ЗША) і мінімальнымі — у Лацінскай Амерыцы (у 1,6 раза). Толькі ў Азіі агульны каэфіцыент разводнасці трымаецца на ўзроўні 1970-х гг. і складае 1,5 ‰ (мал. 100-5).
У разрэзе краін самымі высокімі паказчыкамі разводнасці насельніцтва характарызуюцца краіны Усходняй Еўропы — Расія (4,7 ‰), Малдова (3,7 ‰) і Беларусь (3,4 ‰) (мал. 100-6).
Самымі нізкімі паказчыкамі разводнасці насельніцтва характарызуюцца краіны некалькіх рэгіёнаў (Азіі, Лацінскай Амерыкі, Еўропы), дзе асноўнымі фактарамі дэмаграфічнага развіцця выступаюць рэлігійны і культурныя традыцыі. Напрыклад, у Катары і Гватэмале агульны каэфіцыент разводнасці складае 0,4 ‰, Перу — 0,5 ‰, Ірландыі — 0,6 ‰.
Рэлігійны фактар аказвае істотны ўплыў на разводнасць насельніцтва. Першае месца па ўзроўні разводнасці займае хрысціянства ў цэлым, другое асобна займае каталіцызм, трэцяе — будызм (мал. 100-7).
Цікавым з’яўляецца пытанне, з-за чаго ў свеце часцей за ўсё разводзяцца людзі. Паводле даных экспертаў ААН, асноўныя прычыны разводаў у свеце — несумяшчальнасць (44 %), нявернасць/здрада (18 %), алкагалізм/наркаманія (9 %) (мал. 100-8).