§ 15-1. ПРЫЧЫНЫ І ПРАБЛЕМА НЕРАЎНАМЕРНАСЦІ РАЗМЯШЧЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА
Прычыны нераўнамернасці размяшчэння насельніцтва. На працягу развіцця чалавечае грамадства паступова мяняла і ўскладняла характар заняткаў, якія абумоўлівалі месца размяшчэння чалавека. У выніку ў свеце сфарміравалася нераўнамерная карціна рассялення людзей.
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце рэгіёны з найбольшай і найменшай шчыльнасцю насельніцтва.
Паразважаем. Успомніце, якія фактары адыгралі рашаючую ролю ў размяшчэнні насельніцтва на планеце.
У аснове нераўнамернага размяшчэння насельніцтва ляжаць чатыры асноўныя прычыны. Па-першае, гэта ўплыў прыроднага фактару. Значныя тэрыторыі з вельмі неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі застаюцца незаселенымі і ў цяперашні час, нягледзячы на дасягненні НТП. Шчыльнасць насельніцтва свету, што пражывае ў нізінах і на ўзвышшах да 500 м, у XXI ст. працягвае павялічвацца. Да ліку краін, размешчаных у нізінах з найбольшай шчыльнасцю насельніцтва, адносяцца, напрыклад, Нідэрланды, Польшча, Францыя, Кітай, ЗША і інш.
Клуб знаўцаў-географаў. Плошча Нідэрландаў — 41,2 тыс. км2, з якой 1/7 — гэта адваяваныя ў мора землі. Пры гэтым 40 % тэрыторыі краіны знаходзіцца ніжэй за ўзровень мора. Нездарма адна з галандскіх прыказак сцвярджае: «Бог стварыў мора, а галандцы — берагі». Нідэрланды маюць самую працяглую гісторыю асушэння мораў. Першыя спробы асушэння рабіліся яшчэ ў XVI ст. Ян Андрыянзаон навучыўся з дапамогай ветраных рухавікоў — млыноў — асушаць забалочаныя ўчасткі зямлі. Ветраныя млыны галандцы выкарыстоўваюць і цяпер. Каб засцерагчы ад разбуральных прыліваў польдэры, на каналы ўстанавілі спецыяльныя паплаўкі, кожны з якіх злучаны з млыном. Як толькі ўзровень мора перавышае дапушчальную норму, млын пачынае працаваць і падаваць сігнал помпавым станцыям, якія пачынаюць адпампоўваць ваду.
Першыя даследаванні размяшчэння насельніцтва свету па вышынных паясах былі праведзеныя ў 1960-х гг. польскім географам Л. Сташэўскім. Больш за 55 % насельніцтва свету жыве на тэрыторыі, размешчанай на вышыні да 200 м над узроўнем мора, а 30 % — на вышыні 200–500 м над узроўнем мора (табл. 3*).
Табліца 3*. Размеркаванне насельніцтва свету па вышынных паясах, %
Рэгіён | Вышыня над узроўнем мора, м | Сярэдняя вышыня, м | |||||
ніжэй за 200 | 200-500 | 500-1000 | 1000-2000 | вышэй за 2000 | пражывання | тэрыторыі | |
Еўропа | 69 | 24 | 7 | — | — | 170 | 300 |
Азія | 56 | 24 | 12 | 7 | — | 320 | 950 |
Афрыка | 32 | 24 | 21 | 21 | 2 | 690 | 750 |
Паўночная Амерыка | 47 | 33 | 8 | 8 | 4 | 430 | 700 |
Паўднёвая Амерыка | 42 | 15 | 23 | 9 | 11 | 645 | 580 |
Аўстралія і Акіянія | 73 | 18 | 8 | 1 | — | 95 | 350 |
Уся суша (без Антарктыды і Грэнландыі) | 56 | 24 | 12 | 7 | 1 | 320 | — |
Па-другое, гэта ўздзеянне гістарычных асаблівасцей засялення зямлі. Працэс фарміравання людзей сучаснага віду, які пачаўся 40–30 тыс. гадоў назад, адбываўся ў Паўднёва-Заходняй Азіі, Паўночна-Усходняй Афрыцы і Паўднёвай Еўропе. Адсюль людзі затым распаўсюдзіліся па ўсім Старым Свеце. Паміж 13 і 10-м тысячагоддзямі да н. э. яны засялілі Паўночную і Паўднёвую Амерыку, а ў канцы гэтага перыяду — Аўстралію. Час асваення тэрыторыі не мог не адбіцца на колькасці насельніцтва на ёй.
Свет і Беларусь. Успомніце з курса гісторыі Беларусі, калі на тэрыторыі нашай дзяржавы з’явіліся першыя паселішчы людзей.
Па-трэцяе, гэта адрозненні ў сучаснай дэмаграфічнай сітуацыі. Шчыльнасць насельніцтва хутчэй павялічваецца ў тых краінах і рэгіёнах, дзе найбольш высокі яго натуральны прырост. Таму найбольшай шчыльнасцю і колькасцю насельніцтва ў ХХІ ст. характарызуюцца краіны Усходняй, Паўднёва-Усходняй, Паўднёвай Азіі, некаторыя краіны Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце дзяржавы з максімальным паказчыкам шчыльнасці насельніцтва.
Па-чацвёртае, гэты ўплыў узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця. Большасць развітых краін становяцца прывабнымі для жыцця мігрантаў з краін, якія развіваюцца. У выніку большасць эканамічна развітых краін Еўропы характарызуюцца высокімі паказчыкамі шчыльнасці насельніцтва, якія перавышаюць 100 чал. на км2.
Паразважаем. Успомніце, якая еўрапейская дзяржава вылучаецца найбольшай шчыльнасцю насельніцтва.
Клуб знаўцаў-географаў. У ранніх геаграфічных працах на першы план пры вывучэнні размяшчэння насельніцтва вылучаўся менавіта прыродны складнік. Размяшчэнне людзей прызнавалася вынікам узаемнай адаптацыі чалавека і прыроднага асяроддзя. Напрыклад, географ Э. Хангтынгтан прыпісваў чалавеку пасіўную ролю ў гэтым працэсе, а прыродзе — ролю вызначальнага фактару. Большасць географаў лічыла насельніцтва актыўным фактарам, які распаўсюджвае сваё панаванне над зямной прасторай.
Нераўнамернасць размяшчэння насельніцтва прыводзіць да наступстваў, якія носяць у тым ліку і негатыўны характар (мал. 92-1).
Паразважаем. Да якіх праблем можа прывесці нераўнамернае размяшчэнне насельніцтва дзяржавы? Прывядзіце прыклады дзяржаў з нераўнамерным размяшчэннем насельніцтва на іх тэрыторыі і праблем, звязаных з гэтай з’явай.