§ 15-1. ПРЫЧЫНЫ І ПРАБЛЕМА НЕРАЎНАМЕРНАСЦІ РАЗМЯШЧЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Книга: | § 15-1. ПРЫЧЫНЫ І ПРАБЛЕМА НЕРАЎНАМЕРНАСЦІ РАЗМЯШЧЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Среда, 15 Январь 2025, 21:03 |
Прычыны нераўнамернасці размяшчэння насельніцтва. На працягу развіцця чалавечае грамадства паступова мяняла і ўскладняла характар заняткаў, якія абумоўлівалі месца размяшчэння чалавека. У выніку ў свеце сфарміравалася нераўнамерная карціна рассялення людзей.
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце рэгіёны з найбольшай і найменшай шчыльнасцю насельніцтва.
Паразважаем. Успомніце, якія фактары адыгралі рашаючую ролю ў размяшчэнні насельніцтва на планеце.
У аснове нераўнамернага размяшчэння насельніцтва ляжаць чатыры асноўныя прычыны. Па-першае, гэта ўплыў прыроднага фактару. Значныя тэрыторыі з вельмі неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі застаюцца незаселенымі і ў цяперашні час, нягледзячы на дасягненні НТП. Шчыльнасць насельніцтва свету, што пражывае ў нізінах і на ўзвышшах да 500 м, у XXI ст. працягвае павялічвацца. Да ліку краін, размешчаных у нізінах з найбольшай шчыльнасцю насельніцтва, адносяцца, напрыклад, Нідэрланды, Польшча, Францыя, Кітай, ЗША і інш.
Клуб знаўцаў-географаў. Плошча Нідэрландаў — 41,2 тыс. км2, з якой 1/7 — гэта адваяваныя ў мора землі. Пры гэтым 40 % тэрыторыі краіны знаходзіцца ніжэй за ўзровень мора. Нездарма адна з галандскіх прыказак сцвярджае: «Бог стварыў мора, а галандцы — берагі». Нідэрланды маюць самую працяглую гісторыю асушэння мораў. Першыя спробы асушэння рабіліся яшчэ ў XVI ст. Ян Андрыянзаон навучыўся з дапамогай ветраных рухавікоў — млыноў — асушаць забалочаныя ўчасткі зямлі. Ветраныя млыны галандцы выкарыстоўваюць і цяпер. Каб засцерагчы ад разбуральных прыліваў польдэры, на каналы ўстанавілі спецыяльныя паплаўкі, кожны з якіх злучаны з млыном. Як толькі ўзровень мора перавышае дапушчальную норму, млын пачынае працаваць і падаваць сігнал помпавым станцыям, якія пачынаюць адпампоўваць ваду.
Першыя даследаванні размяшчэння насельніцтва свету па вышынных паясах былі праведзеныя ў 1960-х гг. польскім географам Л. Сташэўскім. Больш за 55 % насельніцтва свету жыве на тэрыторыі, размешчанай на вышыні да 200 м над узроўнем мора, а 30 % — на вышыні 200–500 м над узроўнем мора (табл. 3*).
Табліца 3*. Размеркаванне насельніцтва свету па вышынных паясах, %
Рэгіён | Вышыня над узроўнем мора, м | Сярэдняя вышыня, м | |||||
ніжэй за 200 | 200-500 | 500-1000 | 1000-2000 | вышэй за 2000 | пражывання | тэрыторыі | |
Еўропа | 69 | 24 | 7 | — | — | 170 | 300 |
Азія | 56 | 24 | 12 | 7 | — | 320 | 950 |
Афрыка | 32 | 24 | 21 | 21 | 2 | 690 | 750 |
Паўночная Амерыка | 47 | 33 | 8 | 8 | 4 | 430 | 700 |
Паўднёвая Амерыка | 42 | 15 | 23 | 9 | 11 | 645 | 580 |
Аўстралія і Акіянія | 73 | 18 | 8 | 1 | — | 95 | 350 |
Уся суша (без Антарктыды і Грэнландыі) | 56 | 24 | 12 | 7 | 1 | 320 | — |
Па-другое, гэта ўздзеянне гістарычных асаблівасцей засялення зямлі. Працэс фарміравання людзей сучаснага віду, які пачаўся 40–30 тыс. гадоў назад, адбываўся ў Паўднёва-Заходняй Азіі, Паўночна-Усходняй Афрыцы і Паўднёвай Еўропе. Адсюль людзі затым распаўсюдзіліся па ўсім Старым Свеце. Паміж 13 і 10-м тысячагоддзямі да н. э. яны засялілі Паўночную і Паўднёвую Амерыку, а ў канцы гэтага перыяду — Аўстралію. Час асваення тэрыторыі не мог не адбіцца на колькасці насельніцтва на ёй.
Свет і Беларусь. Успомніце з курса гісторыі Беларусі, калі на тэрыторыі нашай дзяржавы з’явіліся першыя паселішчы людзей.
Па-трэцяе, гэта адрозненні ў сучаснай дэмаграфічнай сітуацыі. Шчыльнасць насельніцтва хутчэй павялічваецца ў тых краінах і рэгіёнах, дзе найбольш высокі яго натуральны прырост. Таму найбольшай шчыльнасцю і колькасцю насельніцтва ў ХХІ ст. характарызуюцца краіны Усходняй, Паўднёва-Усходняй, Паўднёвай Азіі, некаторыя краіны Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце дзяржавы з максімальным паказчыкам шчыльнасці насельніцтва.
Па-чацвёртае, гэты ўплыў узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця. Большасць развітых краін становяцца прывабнымі для жыцця мігрантаў з краін, якія развіваюцца. У выніку большасць эканамічна развітых краін Еўропы характарызуюцца высокімі паказчыкамі шчыльнасці насельніцтва, якія перавышаюць 100 чал. на км2.
Паразважаем. Успомніце, якая еўрапейская дзяржава вылучаецца найбольшай шчыльнасцю насельніцтва.
Клуб знаўцаў-географаў. У ранніх геаграфічных працах на першы план пры вывучэнні размяшчэння насельніцтва вылучаўся менавіта прыродны складнік. Размяшчэнне людзей прызнавалася вынікам узаемнай адаптацыі чалавека і прыроднага асяроддзя. Напрыклад, географ Э. Хангтынгтан прыпісваў чалавеку пасіўную ролю ў гэтым працэсе, а прыродзе — ролю вызначальнага фактару. Большасць географаў лічыла насельніцтва актыўным фактарам, які распаўсюджвае сваё панаванне над зямной прасторай.
Нераўнамернасць размяшчэння насельніцтва прыводзіць да наступстваў, якія носяць у тым ліку і негатыўны характар (мал. 92-1).
Паразважаем. Да якіх праблем можа прывесці нераўнамернае размяшчэнне насельніцтва дзяржавы? Прывядзіце прыклады дзяржаў з нераўнамерным размяшчэннем насельніцтва на іх тэрыторыі і праблем, звязаных з гэтай з’явай.
Прыбярэжны характар сучаснага рассялення насельніцтва. Для перыяду 1850–1950 гг. у свеце быў характэрны зрух размяшчэння насельніцтва да ўзбярэжжаў.
Клуб знаўцаў-географаў. Вывучэнне ўплыву блізкасці мора на канцэнтрацыю эканомікі і насельніцтва пачата даўно — у сярэдзіне XIX ст. У Расіі такія працы атрымалі распаўсюджанне ў другой палове XX ст., хоць вядомы рускі вучоны Л. І. Мечнікаў (які пражываў у Швейцарыі) апублікаваў сваю знакамітую кнігу «Цывілізацыя і вялікія гістарычныя рэкі» яшчэ ў 1889 г. Падкрэсліваючы ролю марскіх прастораў у гісторыі чалавецтва, ён абгрунтаваў наступную паслядоўнасць змен цывілізацый: «рачная — марская — акіянічная».
Берагавыя зоны буйных гарадоў свету ў гісторыі развіцця сусветнай гаспадаркі характарызуюцца выкананнем шматлікіх функцый:
- • гандлёвая функцыя, якая пераважала ў берагавой зоне шэрагу гарадоў у перыяд з XVI па XIX ст., у цяперашні час аказалася на 60 % выцесненай наступнымі функцыямі: прамысловая, жылая, грамадская;
- • прамысловая функцыя, якая пераважала ў берагавой зоне шэрагу гарадоў у перыяд з XIX па XX ст., у цяперашні час аказалася на 80 % замешчанай наступнымі функцыямі: жылая і грамадская;
- • бар’ерная функцыя натуральных масіваў зеляніны, якая пераважала ў берагавой зоне шэрагу гарадоў у перыяд з IX па XVIII ст., у цяперашні час аказалася практычна выцесненай жылой функцыяй.
Зрух насельніцтва да марскіх узбярэжжаў атрымаў назву «марынізацыя размяшчэння насельніцтва». У 1960 г. каля 50 % насельніцтва свету пражывала ў межах 200-кіламетровай паласы сушы, якая акружала моры. А, напрыклад, з 1950 па 2000 г. насельніцтва прыбярэжных гарадоў Паўднёвай Еўропы павялічылася ў 1,8 раза.
Самы высокі ўзровень марынізацыі размяшчэння насельніцтва адзначаецца ў Аўстраліі (80 %), самы нізкі — у Афрыцы (каля 18 %). Каля 30 % насельніцтва свету жыве на адлегласці да 50 км ад марскога ўзбярэжжа.
Паводле ацэнак навукоўцаў, 70–85 % гарадоў свету з насельніцтвам больш за 10 млн чалавек, у тым ліку сталіцы краін Бангладэш, Бразілія, Індыя, Нігерыя, Японія, знаходзяцца ў межах 100-кіламетровай прыморскай зоны.
У канцы XX — пачатку XXI ст. размяшчэнне насельніцтва свету характарызуецца яшчэ больш значнымі зрухамі да ўзбярэжжаў. Эканамічная і дзелавая актыўнасць перамяшчаюцца да берагавых зон мораў і акіянаў. Такі працэс атрымаў назву «прыбярэжны ажыятаж».
Найбольшай шчыльнасцю насельніцтва ў прыбярэжных раёнах адрозніваюцца рэгіёны Паўднёва-Усходняй Азіі (больш за 200 чал./км2), а таксама рэгіёны кантынентальнай Індыі, Пакістана, Мальдывы і Шры-Ланка.
Высокая шчыльнасць насельніцтва адзначаецца на прыбярэжных тэрыторыях краін Еўропы (мал. 92-2) і Блізкага Усходу, а таксама ў рэгіёне Карыбскага басейна. Для ЗША высокая шчыльнасць насельніцтва характэрная для паўночных штатаў атлантычнага ўзбярэжжа (мал. 92-3).
Паразважаем. Узгадайце, як размешчаны адносна ўзбярэжжаў асноўныя глабальныя гарады.
Паводле прагнозу ЮНЕСКА, на працягу бліжэйшых 20 гадоў доля насельніцтва, якое пражывае на адлегласці менш за 50 км ад берагавой лініі, узрасце да 70–75 %. Таму рашэнні Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і ўстойлівым развіцці (Рыа-дэ-Жанейра, 1992 г.) падкрэсліваюць узрастаючы ўплыў прыморскіх дзяржаў на сусветную эканоміку.
Перанасяленне як вынік нераўнамернасці размяшчэння насельніцтва. Нераўнамернасць размяшчэння стварае праблему перанасялення, якая характарызуецца апераджальным ростам насельніцтва ў адносінах да попыту на працоўную сілу.
Перанасяленне праяўляецца ў сацыяльна-эканамічных супярэчнасцях і канфліктах. Напрыклад, гэта з’ява прыводзіць да падзення ўзроўню жыцця большасці людзей, высокага ўзроўню беспрацоўя, голаду, войнаў і інш.
У залежнасці ад фактараў, якія выклікаюць недахоп сродкаў існавання, вылучаюць два віды перанасялення (мал. 92-4).
Вылучаюць чатыры асноўныя прычыны перанасялення, якія не звязаны з узроўнем развіцця тэхналогій або з наяўнасцю сельскагаспадарчых рэсурсаў (мал. 92-5).
Праблема перанасялення мае шмат аспектаў і, у сваю чаргу, выклікае шматлікія праблемы. Напрыклад, перанасяленне прыводзіць да недахопу прэснай вады, абмежаванасці харчавання і забяспечанасці паліўна-сыравіннымі рэсурсамі, забруджвання навакольнага асяроддзя і змянення клімату, лішку працоўнай сілы і збяднення насельніцтва (мал. 92-6, 92-7).
Наконт вырашэння праблемы перанасялення навуковы свет падзяліўся на дзве групы. Першую складаюць навукоўцы з аптымістычнымі прагнозамі, на думку якіх у перспектыве ў свеце адбудзецца стабілізацыя колькасці насельніцтва, скароціцца колькасць галадаючых, знізяцца цэны на прадукты харчавання, паменшыцца забруджванне навакольнага асяроддзя і інш.
Паразважаем. Прывядзіце аргументы, якія пацвярджаюць аптымістычны прагноз па стабілізацыі колькасці насельніцтва ў свеце.
Другую групу ўтвараюць навукоўцы з песімістычнымі поглядамі на праблему перанасялення. Па разліках амерыканскага прафесара Д. Медоўза, аўтара даклада «Межы росту» аб вычарпанні рэсурсаў, пры разумным і ўзгодненым вядзенні сусветнай гаспадаркі, жорсткай эканоміі рэсурсаў і планаванні сям’і на дзяржаўным узроўні тэарэтычна магчыма стабілізацыя насельніцтва Зямлі на ўзроўні 8 млрд чал.
Падвядзём вынікі. У працэсе гістарычнага развіцця склалася нераўнамерная сістэма рассялення насельніцтва. У аснове нераўнамернага размяшчэння насельніцтва ляжаць чатыры асноўныя прычыны: ..., ..., ..., ... . З другой паловы XIX ст. характэрны зрух насельніцтва да ... . Нераўнамернасць размяшчэння стварае праблему ... .
Праверым свае веды. 1. Чаму насельніцтва нераўнамерна размешчана на планеце? 2. Што такое марынізацыя размяшчэння насельніцтва? 3. Назавіце наступствы перанасялення для асобнай дзяржавы.
Ад простага да складанага. 1. Якія праблемы выклікае марынізацыя? 2. Якія шляхі вырашэння праблемы перанасялення існуюць у свеце?
Ад тэорыі да практыкі. Уявіце, што перад вамі стаіць задача распрацаваць праект па пераадоленні праблемы перанасялення планеты. Якія ключавыя напрамкі вашай дзейнасці?