§ 10-1. РЭГІЯНАЛЬНЫЯ І ЛАКАЛЬНЫЯ ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

Геаэкалагічныя аспекты выкарыстання прыродных рэсурсаў Сусветнага акіяна. Для рацыянальнага выкарыстання, абгрунтавання парадку першачарговасці распрацоўкі прыродных рэсурсаў неабходная іх комплексная ацэнка. Выкарыстанне марскіх рэсурсаў эканамічна абгрунтавана, калі затраты на вытворчасць параўнальнай прадукцыі меншыя, чым на сушы. Але пры абсалютным дэфіцыце таго ці іншага рэсурсу на сушы яго прамысловае асваенне ў акіяне можа быць мэтазгодным, нават калі затраты будуць большыя, чым на сушы. Ацэнка марскіх рэсурсаў неабходная для вызначэння эфектыўнасці буйных мерапрыемстваў па іх асваенні і пераўтварэнні прыроднага асяроддзя. Бо іх рэалізацыя звязана з непазбежнымі стратамі часткі прыродных багаццяў і пагаршэннем умоў жыцця людзей.

iconПаразважаем. Ці можа чалавек выкарыстоўваць рэсурсы Сусветнага акіяна, не наносячы шкоду яго прыроднаму асяроддзю?