§ 8-2. CУСВЕТНЫ АКІЯН
Прасторава-часавыя асаблівасці марфаметрычных і гідралагічных характарыстык Сусветнага акіяна. На дне Сусветнага акіяна вылучаюцца планетарныя марфаструктуры (мал. 38-4). Яны адрозніваюцца будовай зямной кары і рэльефам.
Падводныя ўскраіны мацерыкоў (займаюць 22,5 % плошчы дна Сусветнага акіяна) складаюцца з шэльфа (8,6 %), мацерыковага схілу (6,8 %) і падножжа (7,1 %). Шэльфам называюць адносна выраўнаваную і мелкаводную частка акіянічнага (марскога) дна, прылеглую да берага акіяна або мора.
Мацерыковы схіл — абмежаваная броўкай шэльфа частка акіянічнага дна з рэзкім павелічэннем стромкасці ў бок адкрытага акіяна, у межах глыбінь ад 100–200 м да 3000-3500 м. Ён адрозніваецца складанай будовай, часта раздзелены падводнымі каньёнамі, часам мае ступенчатую структуру. Мацерыковае падножжа — паласа хвалістай нахіленай раўніны паміж мацерыковым схілам і ложам акіяна. Гэта буйная акумуляцыйная форма рэльефу дна акіяна, утвораная ў асноўным у выніку назапашвання ападкавага матэрыялу, які паступае з сушы.
Пераходныя зоны (8,4 %) дзеляцца на пераходныя вобласці, кожная з якіх прадстаўлена: катлавінай ускраіннага (або міжземнага) мора (1,6 %), астраўной дугой (5,4 %) і глыбакаводным жолабам (1,4 %). Пераходныя вобласці адрозніваюцца па наборы і канфігурацыі структурных элементаў. Яны маюць мазаічную будову зямной кары, характарызуюцца значнай сейсмічнасцю і актыўнай вулканічнай дзейнасцю.
Ложа акіяна (53,8 %) утворана карой акіянічнага тыпу, складаецца з катлавін (44,1 %) і падняццяў (9,7 %). У катлавінах пераважае ўзгорысты рэльеф, які перамяжоўваецца з хвалістымі, часам плоскімі, абісальнымі раўнінамі. Падняцці прадстаўлены падводнымі гарамі, плато і ўзвышшамі. Характэрнай рысай рэльефу і тэктонікі ложа акіяна з’яўляюцца зоны акіянічных разломаў.
Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты (15,3 %) падзяляюцца на рыфтавыя і флангавыя зоны. Для іх характэрны рыфтагенальны тып зямной кары, які адрозніваецца павышанай шчыльнасцю. Сярэдзінна-акіянічным хрыбтам уласцівы велізарныя папярочныя разломы і зрухі, інтэнсіўны вулканізм і высокая сейсмічнасць.
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце вобласці фарміравання маладой зямной кары.
На дне Сусветнага акіяна фарміруецца тоўшча ападкавых адкладаў з цвёрдых мінеральных часціц рознага паходжання. Яны называюцца доннымі адкладамі і класіфікуюцца па генезісе, механічным і рэчыўным складзе (мал. 38-5).
Паразважаем. Ці ёсць заканамернасці ў размяшчэнні ападкавых адкладаў Сусветнага акіяна?
Сярэдняя тэмпература паверхневых вод Сусветнага акіяна 17,5 °С. Сутачныя змены тэмпературы вады на большай частцы акіяна складаюць 0,5–1 °С, гадавая амплітуда, у залежнасці ад шыраты, узрастае да 5–10 °С. З глыбінёй тэмпература вады паніжаецца.
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, вызначце самы цёплы акіян.
Паверхневая цыркуляцыя вод Сусветнага акіяна ў асноўным прадвызначана агульнымі законамі цыркуляцыі атмасферы. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць сістэму цыкланальных і антыцыкланальных кругаваротаў, заканамерна змяняюць адзін аднаго з поўначы на поўдзень.
Сярэдняя салёнасць вод Сусветнага акіяна 32–37 % на паверхні і 34–35 % у прыдонных слаях. Салёнасць і тэмпература вады вызначаюць яе шчыльнасць. Сярэдняя шчыльнасць марской вады больш за 1 г/см3. Максімальнай шчыльнасцю адрозніваюцца паверхневыя вады ў тропіках і прыдонных водах на вялікіх глыбінях.
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, вызначце самы салёны акіян.
Воды Сусветнага акіяна з’яўляюцца ідэальным асяроддзем для пражывання і развіцця арганічнага жыцця. У акіяне жыве каля 150 тыс. відаў жывёл і больш за 15 тыс. відаў раслін. Асабліва шмат аднаклетачных арганізмаў, у прыватнасці аднаклетачных водарасцей. Яны складаюць да 80 % усёй фітамасы акіяна. На долю акіяна прыпадае каля 40 % першаснай прадукцыі і каля 0,5 % біямасы Зямлі. Па ўмовах пасялення ўсе марскія арганізмы падзяляюцца на планктон, нектон і бентас.
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце акіян, самы багаты біялагічнымі рэсурсамі.