Печатать книгуПечатать книгу

§ 8-2. CУСВЕТНЫ АКІЯН

icon
Успамінаем. Што такое Сусветны акіян? Якія прыродныя аб’екты вылучаюць у Сусветным акіяне? Як называўся самы старажытны акіян на Зямлі?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Навошта трэба ведаць структурныя кампаненты Сусветнага акіяна? Як узаемазвязаны морфаметрычныя і гідралагічныя характарыстыкі Сусветнага акіяна? Для чаго трэба вывучаць прыродныя рэсурсы Сусветнага акіяна?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 8-2. CУСВЕТНЫ АКІЯН
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 20 Апрель 2024, 18:04

Асноўныя структурныя кампаненты Сусветнага акіяна. Па сукупнасці ўсіх прыкмет Сусветны акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны. Яны маюць пэўную канфігурацыю, памеры, малюнак берагавой лініі. Для кожнага з іх характэрная ўласная сістэма цячэнняў, прыліваў і адліваў, асаблівы гідралагічны рэжым, рэльеф дна і г. д. Акіяны ўключаюць у сябе больш дробныя часткі: мора, залівы і пралівы.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце найбуйнейшыя моры, залівы і пралівы ўсіх акіянаў.

Прасторава-часавыя асаблівасці марфаметрычных і гідралагічных характарыстык Сусветнага акіяна. На дне Сусветнага акіяна вылучаюцца планетарныя марфаструктуры (мал. 38-4). Яны адрозніваюцца будовай зямной кары і рэльефам.

img
Мал. 38-4. Планетарныя марфаструктуры Сусветнага акіяна

Падводныя ўскраіны мацерыкоў (займаюць 22,5 % плошчы дна Сусветнага акіяна) складаюцца з шэльфа (8,6 %), мацерыковага схілу (6,8 %) і падножжа (7,1 %). Шэльфам называюць адносна выраўнаваную і мелкаводную частка акіянічнага (марскога) дна, прылеглую да берага акіяна або мора.

Мацерыковы схіл — абмежаваная броўкай шэльфа частка акіянічнага дна з рэзкім павелічэннем стромкасці ў бок адкрытага акіяна, у межах глыбінь ад 100–200 м да 3000-3500 м. Ён адрозніваецца складанай будовай, часта раздзелены падводнымі каньёнамі, часам мае ступенчатую структуру. Мацерыковае падножжа — паласа хвалістай нахіленай раўніны паміж мацерыковым схілам і ложам акіяна. Гэта буйная акумуляцыйная форма рэльефу дна акіяна, утвораная ў асноўным у выніку назапашвання ападкавага матэрыялу, які паступае з сушы.

Пераходныя зоны (8,4 %) дзеляцца на пераходныя вобласці, кожная з якіх прадстаўлена: катлавінай ускраіннага (або міжземнага) мора (1,6 %), астраўной дугой (5,4 %) і глыбакаводным жолабам (1,4 %). Пераходныя вобласці адрозніваюцца па наборы і канфігурацыі структурных элементаў. Яны маюць мазаічную будову зямной кары, характарызуюцца значнай сейсмічнасцю і актыўнай вулканічнай дзейнасцю.

Ложа акіяна (53,8 %) утворана карой акіянічнага тыпу, складаецца з катлавін (44,1 %) і падняццяў (9,7 %). У катлавінах пераважае ўзгорысты рэльеф, які перамяжоўваецца з хвалістымі, часам плоскімі, абісальнымі раўнінамі. Падняцці прадстаўлены падводнымі гарамі, плато і ўзвышшамі. Характэрнай рысай рэльефу і тэктонікі ложа акіяна з’яўляюцца зоны акіянічных разломаў.

Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты (15,3 %) падзяляюцца на рыфтавыя і флангавыя зоны. Для іх характэрны рыфтагенальны тып зямной кары, які адрозніваецца павышанай шчыльнасцю. Сярэдзінна-акіянічным хрыбтам уласцівы велізарныя папярочныя разломы і зрухі, інтэнсіўны вулканізм і высокая сейсмічнасць.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце вобласці фарміравання маладой зямной кары.

На дне Сусветнага акіяна фарміруецца тоўшча ападкавых адкладаў з цвёрдых мінеральных часціц рознага паходжання. Яны называюцца доннымі адкладамі і класіфікуюцца па генезісе, механічным і рэчыўным складзе (мал. 38-5).

img
Мал. 38-5. Класіфікацыя донных адкладаў Сусветнага акіяна па паходжанні

iconПаразважаем. Ці ёсць заканамернасці ў размяшчэнні ападкавых адкладаў Сусветнага акіяна?

Сярэдняя тэмпература паверхневых вод Сусветнага акіяна 17,5 °С. Сутачныя змены тэмпературы вады на большай частцы акіяна складаюць 0,5–1 °С, гадавая амплітуда, у залежнасці ад шыраты, узрастае да 5–10 °С. З глыбінёй тэмпература вады паніжаецца.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, вызначце самы цёплы акіян.

Паверхневая цыркуляцыя вод Сусветнага акіяна ў асноўным прадвызначана агульнымі законамі цыркуляцыі атмасферы. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць сістэму цыкланальных і антыцыкланальных кругаваротаў, заканамерна змяняюць адзін аднаго з поўначы на поўдзень.

Сярэдняя салёнасць вод Сусветнага акіяна 32–37 % на паверхні і 34–35 % у прыдонных слаях. Салёнасць і тэмпература вады вызначаюць яе шчыльнасць. Сярэдняя шчыльнасць марской вады больш за 1 г/см3. Максімальнай шчыльнасцю адрозніваюцца паверхневыя вады ў тропіках і прыдонных водах на вялікіх глыбінях.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, вызначце самы салёны акіян.

Воды Сусветнага акіяна з’яўляюцца ідэальным асяроддзем для пражывання і развіцця арганічнага жыцця. У акіяне жыве каля 150 тыс. відаў жывёл і больш за 15 тыс. відаў раслін. Асабліва шмат аднаклетачных арганізмаў, у прыватнасці аднаклетачных водарасцей. Яны складаюць да 80 % усёй фітамасы акіяна. На долю акіяна прыпадае каля 40 % першаснай прадукцыі і каля 0,5 % біямасы Зямлі. Па ўмовах пасялення ўсе марскія арганізмы падзяляюцца на планктон, нектон і бентас.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце акіян, самы багаты біялагічнымі рэсурсамі.

Прыродныя рэсурсы Сусветнага акіяна. У паняцце «прыродныя рэсурсы Сусветнага акіяна» ўключаюцца ўсе яго элементы, якія выкарыстоўваюцца або могуць быць выкарыстаны ў гаспадарчай дзейнасці (мал. 38-6).

img
Мал. 38-6. Тыпы прыродных рэсурсаў Сусветнага акіяна па спосабе іх выкарыстання ў гаспадарчай дзейнасці

Сусветны акіян — складаная дынамічная сістэма, у якую уваходзяць акіянічная літасфера, гідрасфера, атмасфера і біясфера. Кожная з іх з’яўляецца крыніцай рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца або патэнцына могуць быць выкарыстаны.

Аб’ектамі асваення літасферы з’яўляюцца паверхневы слой і нетры марскога дна. Тут здабываюцца карысныя выкапні, узводзяць інжынерныя збудаванні.

У акіянічнай гідрасферы рэсурсамі выступаюць яе дынамічныя ўласцівасці і працэсы, якія дазваляюць вырабляць энергію, забяспечваць перавозку грузаў і пасажыраў, развіваць марыкультуру і рэкрэацыю. Рэсурсам з’яўляецца марская вада, што выкарыстоўваецца ў прамысловай вытворчасці, сельскай гаспадарцы і побыце. З яе здабываюць розныя хімічныя элементы і прэсную ваду. Адной з асаблівасцей водных рэсурсаў акіяна як прыроднага элемента з’яўляецца тое, што яны не могуць быць выкарыстаныя цалкам. Вада павінна ўдзельнічаць у прыродным кругавароце рэчываў як абавязковая ўмова падтрымання жыцця на Зямлі.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У марской вадзе ўтрымліваецца 76 элементаў табліцы Мендзялеева. На 11 з іх прыпадае 99,98 % масы ўсіх солей, раствораных у акіяне. Гэта перш за ўсё хлор (19 г/л), яго больш за ўсё ў выглядзе хларыдаў, далей натрый (11 г/л), сера ў розных спалучэннях (3 г/л), магній (1,3 г/л), кальцый (0,4 г/л), калій (0,4 г/л), злучэнні вугляроду, стронцыю, брому, фтору і бору. Акрамя таго, у марской вадзе раствораны арганічныя і біягенныя рэчывы, а таксама газы (кісларод, азот, серавадарод, аргон і інш.). Кошт усіх рэчываў, якія змяшчаюцца ў 1 км3вады, перавышае 1 млрд долараў. У марской вадзе ўтрымліваецца каля 4 млрд т урану. У ёй растворана 10 млн т золата (запасы на сушы 35 тыс. т) і 600 млн т срэбра (запасы на сушы 130 тыс. т). Таму марскую ваду часта называюць «рудой будучыні». Здабываць з марской вады мінеральную сыравіну пры яе канцэнтрацыі ніжэйшай за канцэнтрацыю бору (4,6 мг/л) пры сучаснай тэхналогіі нявыгадна. Ідзе пошук новых спосабаў здабывання каштоўных мікраэлементаў, у тым ліку біяхімічнымі метадамі.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, вызначце акіян, дзе больш за ўсё выкарыстоўваецца марскі транспарт.

Акіянічная атмасфера ўзаемадзейнічае з гідрасферай, шмат у чым вызначаючы характар геафізічных, геахімічных і біялагічных працэсаў, што адбываюцца ў ёй. Акрамя таго, энергія ветру здаўна выкарыстоўваецца ў парусным мараплаванні.

Акіянічная біясфера забяспечвае чалавека жывёламі і расліннымі арганізмамі, неабходнымі ў прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, медыцынскай практыцы і г. д. Біялагічныя рэсурсы акіяна, гэтак жа як і вада, належаць да аднаўляльных рэсурсаў, але гэта не азначае іх вечнага існавання. Пад уздзеяннем чалавека адбываецца не толькі скарачэнне аднаўлення, але і знішчэнне асобных біялагічных відаў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Штогод у акіяне вылоўліваецца каля 80–90 млн т морапрадуктаў. З іх 30–35 млн т перапрацоўваецца на кармавую муку для жывёл, а астатнія складаюць каля 1 % харчавання, вырабленага на планеце. Зараз прадукты харчавання, якія атрымліваюць з воднага асяроддзя, у свеце складаюць 24 % бялку жывёльнага паходжання, значна саступаючы малочным (43 %) і мясным (35 %) прадуктам. У той жа час толькі некаторыя жывёлы ў акіяне кожны год прадукуюць да 40 млн т бялку, 8 млн т тлушчаў (у 2 разы больш, чым дае сусветная жывёлагадоўля) і 2 млн т вугляводаў.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія прыродныя фактары вызначаюць біялагічную прадуктыўнасць Сусветнага акіяна?

Асаблівае значэнне ў сістэме марской гаспадаркі мае бераг, або берагавая зона, пад якой разумеецца адзінства тэрыторыі і акваторыі.

img
Мал. 38-7. Аэрафотаздымак пляжа ў Канкуне, Мексіка

Рэсурсаўтваральным фактарам у дадзеным выпадку выступае працягласць ўзбярэжжа, а параметрамі і ўласцівасцямі берагавой зоны — наяўнасць пляжаў, звілістасць лініі зрэзу вады, асаблівасці ўзаемадзеяння сушы і вады, шырыня берагавой зоны і г. д. Выкарыстоўваюць гэтыя рэсурсы многія галіны марской гаспадаркі, у тым ліку і рэкрэацыя (мал. 38-7).

iconКлуб географаў-знаўцаў. У Еўропе найбольш прывабнымі месцамі для адпачывальнікаў і турыстаў з’яўляюцца берагі Міжземнага, Чорнага, Паўночнага і Балтыйскага мораў. У Паўночнай Амерыцы вылучаецца сваёй прыцягальнасцю ўзбярэжжы Фларыды і Каліфорніі. Буйныя курорты на беразе Ціхага акіяна мае Мексіка. Знакамітыя курорты Антыльскіх і Бермудскіх астравоў, Бразіліі, Перу, Калумбіі, Венесуэлы і г. д. У Афрыцы вялікімі рэкрэацыйнымі рэсурсамі валодаюць паўночныя ўзбярэжжа Марока, Алжыра, Туніса, Лівіі і Егіпта. Спрыяльныя ўмовы для развіцця прыбярэжнага адпачынку маюцца ў Індыі, Японіі, В’етнаме, Аўстраліі і іншых рэгіёнах.

iconСвет і Беларусь. Як Беларусь можа выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы Сусветнага акіяна?

icon Падвядзём вынікі. Акіяны маюць пэўную ..., ..., малюнак ... лініі. На дне Сусветнага акіяна вылучаюцца планетарныя марфаструктуры: падводныя ... мацерыкоў, ... зоны, ... акіяна і ... - ... хрыбты. На дне Сусветнага акіяна фарміруецца тоўшча ... ... з цвёрдых мінеральных часціц рознага паходжання. Прыродныя рэсурсы Сусветнага акіяна ў дачыненні да выкарыстання ў гаспадарчай дзейнасці чалавека падзяляюцца на наступныя тыпы: ..., ..., ... і рэкрэацыйныя.

icon Праверым свае веды. 1. Якія асноўныя марфаметрычныя характарыстыкі Сусветнага акіяна? 2. Якія асноўныя гідралагічныя характарыстыкі Сусветнага акіяна? 3. Якімі прыроднымі рэсурсамі валодае Сусветны акіян?

icon Ад простага да складанага. 1. Чаму сярэдзінна-акіянічныя хрыбты з’яўляюцца зонай фарміравання маладой зямной кары? 2. Чаму найбольшая салёнасць вод Сусветнага акіяна характэрная для трапічных шырот? 3. Якія віды гаспадарчай дзейнасці чалавека, звязаныя з выкарыстаннем рэсурсаў Сусветнага акіяна, могуць паўстаць у найбліжэйшай будучыні?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Падрыхтуйце паведамленне пра навукоўцаў, якія зрабілі значны ўклад у вывучэнне Сусветнага акіяна. 2. Падрыхтуйце прэзентацыю «Багацці Сусветнага акіяна».

icon

Web-рэсурсы.
Сусветны фонд прыроды. Акіяны.

Міжнародны саюз аховы прыроды. Марскі і палярны.