§ 7. МАГЧЫМЫЯ ПРЫЧЫНЫ І НАСТУПСТВЫ ЗМЯНЕННЯ КЛІМАТУ
Cусветны акіян. Змяненне клімату можа таксама ўздзейнічаць на цыркуляцыю вод акіяна. Гэта прывядзе да змянення біялагічнай прадукцыйнасці, структуры і функцыі марскіх экасістэм.
Пачынаючы з ХХ ст. адбывалася пастаяннае павелічэнне сярэдняга ўзроўню Сусветнага акіяна. Рост склаў 10–25 см. Гэты працэс будзе працягвацца і далей за кошт талых вод Грэнландскага, а затым і Антарктычнага ледніковых шчытоў (мал. 37). Пры павышэнні тэмпературы прыземнага слоя паветра на 1 і 3,5 °С узровень Сусветнага акіяна да 2100 г. паднімецца адпаведна на 0,3 і 1,1 м. Узровень акіяна будзе працягваць расці на працягу некалькіх стагоддзяў пасля 2100 г., нават калі канцэнтрацыя парніковых газаў стабілізуецца.
Рост узроўню акіяна прывядзе да затаплення нізкаразмешчаных тэрыторый, разбурэння берагоў і збудаванняў, якія знаходзяцца на іх; павелічэння салёнасці падземных вод і вады ў вусцях рэк; змене ўмоў перамяшчэння наносаў і раствораных рэчываў і інш. Наступствы змянення клімату ўзмоцняць наяўныя геаэкалагічныя праблемы прыбярэжнай зоны, дзе жыве больш за палову чалавецтва. Могуць узнікнуць значныя міграцыі насельніцтва, што выкліча сур’ёзныя эканамічныя і палітычныя наступствы.
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны, якія больш за ўсё пацерпяць ад змены ўзроўню Сусветнага акіяна.