Печатать книгуПечатать книгу

§ 7. МАГЧЫМЫЯ ПРЫЧЫНЫ І НАСТУПСТВЫ ЗМЯНЕННЯ КЛІМАТУ

icon
Успамінаем. Назавіце асноўныя кліматаўтваральныя працэсы. Якія геаграфічныя фактары ўплываюць на клімат? Якое значэнне Сусветнага акіяна для фарміравання надвор’я і клімату?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму праблеме змянення клімату на Зямлі надаецца вялікая ўвага? Як змяняўся клімат на Зямлі да і пасля з’яўлення чалавека? Якія глабальныя і рэгіянальныя змяненні клімату могуць адбыцца ў XXI ст.?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 7. МАГЧЫМЫЯ ПРЫЧЫНЫ І НАСТУПСТВЫ ЗМЯНЕННЯ КЛІМАТУ
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 23:46

Асноўныя прычыны змянення клімату. Клімат Зямлі змяняецца на працягу дзесяцігоддзяў, стагоддзяў і тысячагоддзяў. Гэта абумоўлена зменамі палажэння і руху Зямлі ў Сонечнай сістэме, свяцільнасці Сонца, параметраў арбіты і хуткасці кручэння Зямлі вакол восі, памераў і ўзаемнага размяшчэння мацерыкоў і акіянаў, уплывам вулканічнай актыўнасці на празрыстасць атмасферы, яе склад і ўздзеяннем іншых прыродных фактараў.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як на клімат можа паўплываць змена параметраў арбіты Зямлі і хуткасці яе кручэння вакол восі?

icon Змяненне клімату — доўгатэрміновыя змены сярэдніх шматгадовых паказчыкаў клімату Зямлі ў цэлым або яе асобных рэгіёнаў, выкліканыя прыроднымі працэсамі і дзейнасцю чалавека.

icon

Клуб географаў-знаўцаў. Вывяржэнні вулканаў — нерэгулярны, але істотны фактар утварэння высокай канцэнтрацыі аэразольных часціц, якія выклікаюць рассейванне сонечнай радыяцыі, што прыводзіць да пахаладання. Катастрафічны выбух вулкана Тамбора ў 1815 г. у Інданезіі прывёў да зніжэння тэмпературы паветра ва ўсім свеце на працягу трох наступных гадоў. Вывяржэнне вулкана Пінатуба на Філіпінах у 1991 г., якое суправаджалася значным аб’ёмам выкідаў попелу, з кліматалагічнага пункту гледжання — найважнейшае вывяржэнне стагоддзя (мал. 35). Пасля гэтага вывяржэння на працягу двух гадоў тэмпература паветра паніжалася і адхіленне сярэдняй сусветнай глабальнай тэмпературы ў 1992 г. складала мінус 0,4–0,6 °С. Такім чынам, уздзеянне толькі аднаго вывяржэння было параўнальна з глабальным парніковым эфектам за бягучае стагоддзе.

img
Мал. 35. Выкід попелу пры вывяржэнні вулкана Пінатуба, Філіпіны

Уплыў антрапагеннага ўздзеяння на змяненне клімату. Асабліва хуткія змяненні клімату адбываюцца з сярэдзіны мінулага стагоддзя. У значнай ступені яны выкліканы гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Забруджванне атмасферы ў выніку спальвання выкапнёвага арганічнага паліва, прамысловай і сельскагаспадарчай дзейнасці прыводзяць да ўзмацнення парніковага эфекту. Пераўтварэнне натуральных ландшафтаў, знішчэнне лясоў, узворванне велізарных масіваў выклікаюць змяненне адбівальнай здольнасці Зямлі і газавага складу атмасфернага паветра.

icon Паразважаем. Як вы лічыце, што аказвае большы ўплыў на змяненне клімату: прыродныя фактары або гаспадарчая дзейнасць чалавека?

Геаэкалагічныя наступствы магчымага змянення клімату. Чаканыя змяненні клімату звычайна ацэньваюцца на аснове глабальных мадэлей цыркуляцыі атмасферы. Якасць ацэнкі пастаянна паляпшаецца па меры ўдасканалення тэхнічных магчымасцей камп’ютараў і назапашвання новых даных назіранняў за надвор’ем. Аднак дакладнасць мадэлей усё яшчэ не высокая нават для разлікаў на глабальным узроўні. Акрамя таго, неабходна мець на ўвазе магчымыя змены ў гаспадарчай дзейнасці чалавека. Усе гэтыя абставіны ўлічваюцца пры складанні розных сцэнарыяў.

Існуюць два сцэнарыі павышэння сярэдняй сусветнай тэмпературы прыземнага слоя паветра за перыяд з 1990 да 2100 г. Першы прадугледжвае значнае скарачэнне выкідаў парніковых газаў і павышэнне тэмпературы ўсяго на 1 °С. Другі сцэнарый арыентуецца на павелічэнне ўзроўню выкідаў парніковых газаў і прадугледжвае павышэнне тэмпературы на 3,5 °С. У любым варыянце пацяпленне будзе больш значным, чым усе ваганні клімату на працягу апошніх 10 000 гадоў (мал. 36).

img
Мал. 36. Прычыны і наступствы змянення клімату

icon Свет і Беларусь. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у Беларусі назіраецца ўстойлівае пацяпленне клімату. Колькасць атмасферных ападкаў істотна не змянілася. Вырасла колькасць неспрыяльных з’яў надвор’я. 2019 г. быў самым цёплым за ўвесь папярэдні перыяд метэаназіранняў. У 2020 г. сярэдняя тэмпература студзеня і лютага перавысіла норму на 7 °C. Кліматычная зіма ў Беларусі ў сезоне 2019–2020 г. не надышла. Гэтая зіма ўвойдзе ў гісторыю краіны як зіма, якой не было.

Рост тэмпературы паветра будзе суправаджацца павелічэннем колькасці ападкаў. Ваганні ўзроўню ападкаў будуць знаходзіцца ў межах ад –35 % да +50 %. Пры гэтым адносна невялікія змены сярэдніх паказчыкаў клімату будуць суправаджацца павелічэннем частаты рэдкіх катастрафічных з’яў, такіх як трапічныя цыклоны, штормы, засухі, экстрэмальныя тэмпературы паветра і інш.

Павышаны ўзровень П1

icon Экстрэмальныя кліматычныя з’явы — сукупнасць кліматычных з’яў, якія ствараюць праблемы для гаспадарчай дзейнасці і жыцця чалавека.

Паводле даных Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату (IРСС), можна чакаць наступныя вынікі змянення клімату.

Экстрэмальныя кліматычныя з’явы адбываюцца ва ўсіх частках свету, але некаторыя рэгіёны найбольш падпадаюць пад уздзеянне пэўных небяспечных з’яў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Асаблівая ўвага аддаецца зніжэнню рызыкі бедстваў: адзін долар, укладзены ў забеспячэнне гатоўнасці да бедстваў, можа прадухіліць эканамічную шкоду, звязаны з бедствам, на суму ў сем долараў. Гэта значная аддача ад гэтай інвестыцыі.

iconПаразважаем. Як можна зменшыць негатыўныя з’явы для гаспадарчай дзейнасці і жыцця чалавека, звязаныя з уздзеяннем экстрэмальных метэаралагічных і кліматычных з’яў?

img
Мал. 36-1. Наступствы засухі

Характарыстыка асноўных экстрэмальных метэаралагічных і кліматычныя з’яў. Засуха — гэта працяглы засушлівы перыяд у прыродным кліматычным цыкле, які можа адбыцца ў любой кропцы свету. Галоўнай прычынай любой засухі з’яўляецца дэфіцыт атмасферных ападкаў. Засуха адрозніваецца ад іншых небяспечных з’яў павольным развіццём, якое часам можа адбывацца на працягу некалькіх гадоў. У выніку засухі перасыхаюць крыніцы вады, перастаюць расці сельскагаспадарчыя культуры, гінуць жывёлы, адбываецца недастатковае харчаванне і пагаршаецца здароўе людзей (мал. 36-1). У залежнасці ад пары года вылучаюць засухі: вясновыя (небяспечныя для ранніх збожжавых культур); летнія (шкодзяць адналетнім культурам, пладовым раслінам); восеньскія (небяспечныя для ўсходаў азімых). Найбольшую небяспеку ўяўляюць вяснова-летнія і летне-восеньскія засухі.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму засухі ў сярэдніх шыротах часцей за ўсё назіраюцца ў стэпавай зоне, у лесастэпавай бываюць радзей, у лясной зоне — 2–3 разы на стагоддзе?

iconКлуб географаў-знаўцаў. У 2019 г. засуха закранула многія раёны Паўднёва-Усходняй Азіі. Выключна сухія ўмовы пераважалі з сярэдзіны года ў Інданезіі і суседніх краінах. Доўгатэрміновыя засушлівыя ўмовы, якія закранулі многія раёны ўсходняй частцы Аўстраліі ў 2017 і 2018 гг., пашырыліся і ўзмацніліся ў 2019 г. У сярэднім па ўсёй Аўстраліі перыяд са студзеня па кастрычнік быў самым сухім з 1902 г. Ад засухі пацярпелі многія раёны Цэнтральнай Амерыкі. У цэнтральнай частцы Чылі гэты год таксама быў выключна засушлівым — у Сант’яга да 20 лістапада выпала толькі 82 мм ападкаў, што складае менш за 25 % ад сярэднегадавога ўзроўню.

Цеплавыя экстрэмальныя з’явы. Хвалі цяпла найбольш небяспечныя ў цёплыя месяцы года ў рэгіёнах, размешчаных у сярэдніх шыротах. Для іх характэрна значнае перавышэнне тэмператур адносна доўгатэрміновых сярэдніх значэнняў у дзённы і начны час на працягу некалькіх дзён запар. Душныя паветраныя масы ва ўмовах гарадскога асяроддзя могуць стаць прычынай павышанай смяротнасці, асабліва сярод пажылых і хворых.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У канцы чэрвеня і канцы ліпеня 2019 г. у Еўропе назіраліся дзве моцныя цеплавыя хвалі. У Францыі 28 чэрвеня быў устаноўлены нацыянальны рэкорд у 46,0 °C (на 1,9 °C вышэй папярэдняга рэкорду). Нацыянальныя рэкорды былі таксама ўстаноўлены ў Германіі (42,6 °C), Нідэрландах (40,7 °C), Бельгіі (41,8 °C), Люксембургу (40,8 °C) і Злучаным Каралеўстве (38,7 °C ), прычым спёка распаўсюдзілася і на краіны Паўночнай Еўропы, дзе ў Хельсінкі была зафіксавана рэкордная тэмпература за ўвесь час назіранняў (33,2 °C 28 ліпеня).

Экстрэмальнае пахаладанне таксама небяспечнае, яно выклікае пераахаладжэнне, пагаршаючы хваробы кровазвароту і рэспіраторныя захворванні. У час замаразкаў у слоі паветра над глебай днём назіраецца тэмпература вышэй за 0 ºС, а ўначы яна апускаецца ніжэй за нуль. Для ўзнікнення замаразкаў неабходна, каб ноч была ясная і ціхая. Гэта ўскладняе перамешванне астуджанага над глебай паветра з размешчаным вышэй больш цёплым паветрам. Такое надвор’е характэрнае для антыцыклонаў. Замаразкі ўласцівы для адмоўных форм рэльефу, бо ў іх застойваецца халоднае паветра.

Навальніцы, маланкі і тарнада. Навальніцы спараджаюць раптоўныя электрычныя разрады ў форме маланкі. Яны суправаджаюцца парывістым ветрам, дажджом і градам, а ў некаторых выпадках тарнада ці снегам, альбо спалучэннем гэтых з’яў. Тарнада часта назіраюцца на Вялікіх раўнінах Паўночнай Амерыкі. Іх ураганныя віхравыя вятры могуць прычыняць сур’ёзную шкоду. З’яўленне маланак у засушлівыя перыяды — важны фактар узнікнення лясных і лугавых пажараў у любой частцы свету. Акрамя знішчэння лясоў, лугоў і сельскагаспадарчых культур яны прыводзяць да гібелі жывёлы (свойскай і дзікай), наносяць шкоду населеным пунктам, пагражаюць жыццю людзей.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце рэгіёны, якія найбольш падпадаюць пад уздзеянне экстрэмальным кліматычных з’яў.

Ліўні і снегапады, моцныя вятры ўяўляюць небяспеку для насельніцтва. Яны могуць ускладняць правядзенне выратавальных і аднаўленчых аперацый пасля буйных бедстваў, такіх як землетрасенні. Яны перашкаджаюць працы транспарту і сетак сувязі. Вялікая колькасць снегу можа прыводзіць да абвальвання дахаў будынкаў. Моцныя вятры ўяўляюць пагрозу для авіяцыі, маракоў і рыбакоў, а таксама для вышынных канструкцый (вышкі, мачты і пад’ёмныя краны). Снежныя буры — гэта моцныя штормы, падчас якіх спалучаюцца тэмпература паветра ніжэй за 0 °С, моцны вецер і снежная завея. Яны ўяўляюць небяспеку для людзей і жывёлы, парушаюць авіязносіны і рух аўтамабіляў і цягнікоў.

iconСвет і Беларусь. Якія экстрэмальныя метэаралагічныя і кліматычныя з’явы могуць адбывацца на Беларусі?

img
Мал. 36-2. Наступствы тайфуна Хаян, Філіпіны (лістапад 2013 г.)

Трапічныя цыклоны — гэта вобласці вельмі нізкага атмасфернага ціску над трапічнымі і субтрапічным водамі акіянаў. У іх утвараюцца сістэмы вятроў разбуральнай сілы дыяметрам ў сотні кіламетраў. Хуткасць прыземнага ветру можа перавышаць 300 км/г. Яны часта суправаджаюцца моцнымі дажджамі, якія могуць прыводзіць да вялікіх затапленняў. Спалучэнне абумоўленых ветрам хваль і нізкага ціску ў зоне трапічнага цыклона можа выклікаць прыбярэжны штармавы нагон — вялізны аб’ём вады, які выкідаецца на бераг з высокай хуткасцю і вялікай сілай. Ён можа змываць дамы, дарогі, розныя тэхнічныя збудаванні і наносіць істотныя страты прыбярэжнаму навакольнаму асяроддзю (мал. 36-2).

iconКлуб географаў-знаўцаў. Штогод утвараецца каля 80 трапічных цыклонаў. Іх назвы залежаць ад таго месца, дзе яны зараджаюцца: на захадзе паўночнай часткі Ціхага акіяна і ў Паўднёва-Кітайскім моры іх называюць тайфунамі; у Атлантыцы, Карыбскім басейне і Мексіканскім заліве, а таксама на ўсходзе паўночнай і цэнтральнай частак Ціхага акіяна — ураганамі, а ў Індыйскім акіяне і ў паўднёвай частцы Ціхаакіянскага рэгіёну — трапічнымі цыклонамі. У 2018 г. ураганы «Флорэнс» і «Майкл» прычынілі шкоду на суму каля 49 млрд дол. і адабралі больш за 100 жыццяў. Падчас супертайфуна «Мангхут» загінулі 134 чалавекі, галоўным чынам на Філіпінах. Трапічны цыклон «Ідай» — адзін з самых магутных у гісторыі назіранняў на ўсходнім узбярэжжы Афрыкі, ён абрынуўся на Мазамбік 15 сакавіка 2019 г. і прывёў да шматлікіх ахвяр і шырокамаштабных разбурэнняў. Было цалкам знішчана каля 780 тыс. га пасеваў у Малаві, Зімбабве і Мазамбіку. У выніку цыклону ў Зімбабве 50 905 чалавек сталі перамешчанымі асобамі, 53 237 — у паўднёвай частцы Малаві і 77 019 — у Мазамбіку.

Змены ландшафтаў сушы. У сярэдніх шыротах павышэнне тэмпературы на 1–3,5 °С будзе эквівалентна зрушэнню ізатэрм на 150–550 км па шыраце ў бок полюсаў або на 150–550 м па вышыні. Адпаведна пачнецца перамяшчэнне раслін і жывёл. Хуткасць змянення клімату будзе вышэйшая за здольнасць некаторых відаў прыстасоўвацца да новых умоў. Шэраг відаў можа быць страчаны. Могуць знікнуць некаторыя тыпы лясоў. Лясы ўмеранага пояса страцяць частку дрэў. Экасістэмы не будуць перасоўвацца ўслед за кліматычнымі ўмовамі як адзінае цэлае. Іх кампаненты будуць перамяшчацца з рознай хуткасцю. У выніку гэтага сфарміруюцца новыя спалучэнні вiдаў, узнікнуць новыя экасістэмы.

Прыстасаванне экасістэм да новых кліматычных умоў, звязанае з міграцыяй відаў, будзе ўскладняцца антрапагеннымі перашкодамі. Такімі як сельскагаспадарчыя ўгоддзі, населеныя пункты, дарогі і інш. Найбольшыя змены адбудуцца ў арктычным і субарктычным паясах. Скароціцца плошча марскіх ільдоў, горных і невялікіх покрыўных леднікоў. Зменшацца глыбіня і распаўсюджванне шматгадовай мерзлаты, плошча і працягласць залягання сезоннага снежнага покрыва.

icon Свет і Беларусь. Якія з чаканых змен клімату на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца найбольш неспрыяльнымі для развіцця лясной гаспадаркі краіны? Якія меры неабходна прыняць, каб захаваць лясы, разнастайнасць іх флоры і фаўны?

Частковая дэградацыя шматгадовай і сезоннай мерзлаты паўплывае на павелічэнне выкідаў вуглякіслага газу і метану ў атмасферу. Ад трэці да паловы масы горных леднікоў Зямлі растане. Ледніковыя пакровы Антарктыкі і Грэнландыі ў бліжэйшыя сто гадоў істотна не зменяцца. Пустыні стануць больш сухімі, бо значна павысіцца тэмпература паветра.

icon Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце асноўныя рэгіёны распаўсюджвання шматгадовай мерзлаты і горнага абледзянення.

Cусветны акіян. Змяненне клімату можа таксама ўздзейнічаць на цыркуляцыю вод акіяна. Гэта прывядзе да змянення біялагічнай прадукцыйнасці, структуры і функцыі марскіх экасістэм.

img
Мал. 37. Раставанне льдоў у Антарктыдзе

Пачынаючы з ХХ ст. адбывалася пастаяннае павелічэнне сярэдняга ўзроўню Сусветнага акіяна. Рост склаў 10–25 см. Гэты працэс будзе працягвацца і далей за кошт талых вод Грэнландскага, а затым і Антарктычнага ледніковых шчытоў (мал. 37). Пры павышэнні тэмпературы прыземнага слоя паветра на 1 і 3,5 °С узровень Сусветнага акіяна да 2100 г. паднімецца адпаведна на 0,3 і 1,1 м. Узровень акіяна будзе працягваць расці на працягу некалькіх стагоддзяў пасля 2100 г., нават калі канцэнтрацыя парніковых газаў стабілізуецца.

Рост узроўню акіяна прывядзе да затаплення нізкаразмешчаных тэрыторый, разбурэння берагоў і збудаванняў, якія знаходзяцца на іх; павелічэння салёнасці падземных вод і вады ў вусцях рэк; змене ўмоў перамяшчэння наносаў і раствораных рэчываў і інш. Наступствы змянення клімату ўзмоцняць наяўныя геаэкалагічныя праблемы прыбярэжнай зоны, дзе жыве больш за палову чалавецтва. Могуць узнікнуць значныя міграцыі насельніцтва, што выкліча сур’ёзныя эканамічныя і палітычныя наступствы.

icon Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны, якія больш за ўсё пацерпяць ад змены ўзроўню Сусветнага акіяна.

Водныя рэсурсы сушы. Клімат і яго змяненне аказваюць уплыў на гідралагічны рэжым водных аб’ектаў, выкарыстанне, лакальнае і глабальнае пераразмеркаванне водных рэсурсаў; працу водагаспадарчых сістэм; пошук новых водных рэсурсаў і абгрунтаванне будаўніцтва гідратэхнічных збудаванняў.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Льды ў Гімалаях растаюць з хуткасцю 10–15 м у год. Пры такой жа хуткасці гэтага працэсу дзве трэці леднікоў знікнуць да 2060 г., а да 2100 г. усе леднікі растануць канчаткова. Паскоранае раставанне леднікоў на Зямлі стварае непасрэдную пагрозу развіццю чалавецтва. Для густанаселеных горных і перадгорных тэрыторый асаблівую небяспеку ўяўляюць лавіны, затапленне або, наадварот, зніжэнне паўнаводнасці рэк і, як вынік, скарачэнне запасаў прэснай вады.

Змяненне клімату прывядзе да паскарэння глабальнага кругавароту вады, заўважным рэгіянальным пераменам і магчымага памяншэння гадавога сцёку на 40–70 %. Спатрэбяцца значныя капіталаўкладанні для прыстасавання водагаспадарчых сістэм да новых умоў. Асабліва сур’ёзныя праблемы паўстануць там, дзе цяпер вялікае водаспажыванне або вада моцна забруджана.

icon Свет і Беларусь. Як змяненне клімату можа паўплываць на гідралагічны рэжым рэк у Беларусі?

Сельская гаспадарка. Змяненне клімату неадназначна паўплывае на сельскую гаспадарку. Залежнасць прадукцыйнасці сельскагаспадарчых культур ад кліматычных змен вызначаецца геаграфічным раёнам. З павелічэннем канцэнтрацыі вуглякіслага газу павышаецца эфектыўнасць фотасінтэзу сельскагаспадарчых культур. У раёнах, дзе земляробства лімітуецца прытокам цяпла, можна чакаць павышэння ўраджаю. У арыдных раёнах, дзе мала даступнай для раслін вільгаці, змяненне клімату адаб’ецца неспрыяльным чынам. Спажыўцы вады для арашэння будуць сур’ёзна канкурыраваць з іншымі спажыўцамі водных рэсурсаў — прамысловасцю і камунальным водазабеспячэннем. Больш высокія тэмпературы паветра будуць спрыяць паскарэнню натуральнага раскладання арганічнага рэчыва глебы і зніжаць яе ўрадлівасць. Павялічыцца верагоднасць распаўсюджвання шкоднікаў і хвароб раслін.

Пацяпленне клімату паўплывае на жывёлагадоўлю. Вытворчасць мяса і малака павялічыцца ў цёплыя зімовыя сезоны і паменшыцца ў цёплыя летнія сезоны.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. У сувязі з пацяпленнем клімату ў сельскай гаспадарцы Беларусі павялічваюцца плошчы пад вырошчванне кукурузы. Магчыма пашырэнне пасеваў сланечніку, фасолі і соі. Плануецца нават вырошчванне кавуноў, дынь і вінаграду. Адмоўныя наступствы пацяплення выяўляюцца ў павелічэнні летам колькасці засушлівых перыядаў, што зніжае ўраджайнасць некаторых сельскагаспадарчых культур.

У цэлым чакаецца, што агульнасусветны ўзровень вытворчасці прадуктаў сельскай гаспадаркі можа быць захаваны, але яго рэгіянальныя значэнні будуць значна вагацца. У краінах, што развіваюцца, узрасце рызыка голаду. Агульная карціна сусветнага гандлю прадуктамі сельскай гаспадаркі можа істотна змяніцца.

icon Свет і Беларусь. Якія са змяненняў клімату будуць найбольш негатыўнымі для развіцця сельскай гаспадаркі на тэрыторыі Беларусі?

img
Мал. 38. Сонечныя панэлі і ветраэнергетычныя ўстаноўкі

Энергетыка. Змяненне клімату ў большай ступені адаб’ецца на гідраэнергетыцы і выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі (мал. 38). Аднаўляльныя энергарэсурсы залежаць ад кліматычных умоў нават пры самым спрыяльным развіцці тэхналогіі іх атрымання. У цяперашні час роля аднаўляльных крыніц у агульным энергетычным балансе невялікая, але мае тэндэнцыю да павелічэння.

icon

Клуб географаў-знаўцаў. У Францыі ў 2015 г. адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная кліматычным зменам. Вынікам яе работы стала адабрэнне 195 краінамі і Еўрапейскім саюзам Парыжскага пагаднення. У якасці глабальнай мэты пагадненне прадугледжвае ўтрыманне росту глабальнай тэмпературы ў межах 1,5 °С да канца стагоддзя.

icon Свет і Беларусь. Назавіце плюсы і мінусы развіцця атамнай энергетыкі ў Беларусі і свеце ў сувязі з глабальным змяненнем клімату.

Акрамя разгледжаных вышэй, чакаюцца таксама значныя змяненні, якія тычацца праблем здароўя людзей, транспарту, прамысловасці і многіх іншых аспектаў. Змяненне клімату і яго наступствы — гэта найбуйнейшая праблема выжывання чалавецтва, якая патрабуе міжнароднага супрацоўніцтва для каардынацыі дзеянняў кожнай краіны. Стратэгія супрацоўніцтва ўключае два асноўных кампаненты: кіраванне і прыстасаванне. Пры стратэгіі кіравання асноўныя намаганні накіраваны на зніжэнне выкідаў парніковых газаў, перш за ўсё вуглякіслага газу. Пры рэалізацыі стратэгіі прыстасавання распрацоўваюцца, напрыклад, комплексныя праекты аховы канкрэтных прыбярэжных зон ад павышэння ўзроўню мора. Асноўны дакумент, які рэгулюе супрацоўніцтва ў галіне змянення клімату, — Канвенцыя ААН па змяненні клімату, прынятая ў чэрвені 1992 г. у Рыа-дэ-Жанейра на Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і развіцці. У адпаведнасці з Канвенцыяй, краіны-ўдзельніцы павінны ўзяць на сябе абавязацельства скараціць выкід парніковых газаў.

Павышаны ўзровень П2

Асноўныя напрамкі аховы атмасферы (мал. 38-1).

img
Мал. 38-1. Асноўныя напрамкі аховы атмасферы

iconКлуб географаў-знаўцаў. Гранічна дапушчальная канцэнтрацыя (ГДК) зацверджаны ў заканадаўчым парадку санітарна-гігіенічны нарматыў. Пад ГДК разумеецца максімальная канцэнтрацыя хімічных элементаў і іх злучэнняў ў навакольным асяроддзі, якая пры паўсядзённым уплыве на працягу доўгага часу не выклікае ў чалавека дрэннага самаадчування ці захворванняў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Санітарна-ахоўная зона — гэта паласа, якая аддзяляе крыніцы прамысловага забруджвання ад жылых ці грамадскіх будынкаў, для абароны насельніцтва ад уплыву шкодных фактараў вытворчасці. Шырыня гэтых зон складае ад 50 да 1000 м у залежнасці ад віду вытворчасці, ступені шкоднасці і колькасці рэчываў, што выдзяляюцца ў атмасферу.

iconСвет і Беларусь. У законе Рэспублікі Беларусь «Аб ахове атмасфернага паветра» ад 16 снежня 2008 г. пазначаны асноўныя прынцыпы аховы атмасфернага паветра ў нашай краіне.

Метады і спосабы зніжэння антрапагеннага забруджвання атмасферы. Сістэма аховы атмасфернага паветра ад забруджвання ўключае комплекс узаемазвязаных метадаў. Найважнейшым элементам гэтай сістэмы з’яўляецца санітарны нагляд за чысцінёй паветра і нармаванне забруджванняў.

iconПаразважаем. Чаму сістэма аховы атмасфернага паветра ад забруджвання павінна ўключаць комплекс узаемазвязаных метадаў?

iconКлуб географаў-знаўцаў. Гранічна дапушчальны выкід (ГДВ) — нарматыў гранічна дапушчальнага выкіду забруджвальнага рэчыва ў атмасфернае паветра для стацыянарнай крыніцы забруджвання атмасфернага паветра. Ён устанаўліваецца з улікам тэхнічных нарматываў выкідаў, фонавага забруджвання атмасфернага паветра і экалагічных нарматываў.

Сродкі абароны атмасферы павінны абмяжоўваць наяўнасць шкодных рэчываў у паветры асяроддзя пражывання чалавека на ўзроўні не вышэй за ГДК.

На практыцы рэалізуюцца наступныя варыянты абароны атмасфернага паветра (мал. 38-2).

img
Мал. 38-2. Мерапрыемствы па абароне атмасфернага паветра

Мерапрыемствы па барацьбе з забруджваннем атмасферы выкідамі аўтатранспарту ўключаюць ацэнку аўтамабіляў па таксічнасці выхлапаў. Пры спраўным рухавіку ў выхлапныя газы ўтрымліваюць не больш за дапушчальную норму вокісу вугляроду.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Адзін легкавы аўтамабіль штогод паглынае з атмасферы ў сярэднім больш за 4 т кіслароду, выкідваючы з выхлапнымі газамі прыкладна 800 кг вокісу вугляроду, каля 40 кг вокіслаў азоту і амаль 200 кг розных вуглевадародаў.

Удасканаленне рухавікоў унутранага згарання з улікам патрабаванняў экалогіі — адна з сур’ёзных задач, якая стаяць сёння перад канструктарамі. Перавод аўтатранспарту на газавае паліва паменшыць выкід у атмасферу шкодных рэчываў. Сумарны выкід таксічных рэчываў аўтамабіляў, якія працуюць на звадкаваным газе, значна меншы, чым у машын з бензінавымі рухавікамі. Акрамя таго, звадкаваны газ таннейшы за бензін.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У параўнанні з традыцыйным транспартам аўтамабілі, якія выкарыстоўваюць звадкаваны прыродны газ, на 90–97 % выдзяляюць менш вуглякіслага газу, дыяксіду вугляроду — на 25 %, аксідаў азоту на 35–60 %, іншых неметанавых вуглевадародных выкідаў — на 50–75 %. Акрамя таго, адбываецца меншы выкід таксічных, канцэрагенных рэчываў і практычна адсутнічаюць выкіды цвёрдых часціц.

Спецыялісты ўсё часцей звяртаюцца да ідэі стварэння «чыстага» аўтамабіля — электрамабіля. У інтарэсах абароны навакольнага асяроддзя лічыцца мэтазгодным перавод аўтатранспарту на электрацягу, асабліва ў буйных гарадах.

iconПаразважаем. Ці можа чалавецтва адмовіцца ад аўтамабільнага транспарту? Ці ёсць віды транспарту, якія не забруджваюць навакольнае асяроддзе? Якія віды транспарту ў буйных гарадах з’яўляюцца больш экалагічнымі?

Распрацаваны новыя сістэмы кіравання гарадскім транспартам, якія зводзяць да мінімуму ўтварэнне затораў. Пабудаваныя аўтамагістралі ў абход гарадоў. Па іх рухаецца транзітны транспарт, які раней праязджаў па гарадскіх вуліцах. Гэта дазволіла знізіць інтэнсіўнасць руху, паменшыць шум, зрабіць паветра ў гарадах чысцейшым.

iconСвет і Беларусь. У Мінску на долю аўтатранспарту прыпадае каля 87 % выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра і толькі 13 % — на прамысловыя прадпрыемствы.

У буйных гарадах для зніжэння шкоднага ўплыву забруджвання паветра на чалавека выкарыстоўваюць спецыяльныя горадабудаўнічыя мерапрыемствы: занальную забудову жылых масіваў, калі блізка да дарогі размяшчаюць нізкія будынка, потым — высокія і пад іх абаронай дзіцячыя і лячэбныя ўстановы; транспартныя развязкі без перасячэнняў, азеляненне.

icon Падвядзём вынікі. Клімат Зямлі змяняецца на працягу .…, … і … . У значнай ступені змяненні клімату выкліканыя … … чалавека. Змяненне клімату будзе суправаджацца павелічэннем частоты … … з’яў. Частковая дэградацыя … і … мерзлаты паўплывае на павелічэнне выкідаў … газу і … у атмасферу. Рост узроўню акіяна прывядзе да … нізкаразмешчаных тэрыторый, … берагоў і збудаванняў, якія знаходзяцца на іх; павелічэнню … падземных вод і вады ў вусцях рэк.

icon Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя прычыны змянення клімату. 2. Як магчымае змяненне клімату паўплывае на біёту Зямлі? 3. Як змяненне клімату паўплывае на Сусветны акіян?

icon Ад простага да складанага. 1. Якія змяненні клімату варта чакаць у Беларусі ў XXI ст.? 2. У чым сутнасць стратэгіі міжнароднага супрацоўніцтва ў вырашэнні праблем, звязаных са змяненнем клімату?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Вызначыце, якія змяненні клімату характэрныя для вашай мясцовасці. Як яны могуць паўплываць на развіццё сельскай гаспадаркі? 2. Некаторыя навукоўцы лічаць, што ў выніку глабальнага пацяплення за палярным кругам стане магчымым займацца земляробствам. Прывядзіце аргументы «за» і «супраць» гэтых поглядаў.

icon

Web-ресурсы.
Інстытут сусветных рэсурсаў. Клімат.

Сайт ААН. Меры барацьбы са змяненнем клімату.

Сайт ААН. Канвенцыі і пагадненні па клімаце.

Еўрапейскае агенцтва навакольнага асяроддзя. Змякчэнне наступстваў змянення клімату.

Міжнародны саюз аховы прыроды. Змяненне клімату.

Сайт ФАО. Змяненне клімату і харчовая бяспека: рызыкі і меры ў адказ.

Сайт Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі.