*§ 3-3. Сінаніміка словазлучэнняў, яе роля ў стварэнні тэкстаў рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці
Практыкаванне 34-25
Прачытайце. Выпішыце прыклады словазлучэнняў, уласцівых мове розных стыляў. Складзіце з гэтымі словазлучэннямі сказы, характэрныя для розных стыляў мовы.
Сінанімічныя формы выказнікаў браць удзел — удзельнічаць, аказваць дапамогу — дапамагаць, весці барацьбу — змагацца і да т. п. дыферэнцыруюцца стылістычна: першыя формы супастаўляльных пар маюць кніжны характар, выкарыстоўваюцца пераважна ў афіцыйным і навуковым стылях, другія — у гутарковым стылі і стылі мастацкай літаратуры.
У сінанімічныя адносіны, як вядома, уступаюць прыназоўнікавыя канструкцыі: пайсці ў грыбы і пайсці па грыбы, з мэтай і ў мэтах, лекі ад кашлю і лекі супраць кашлю і г. д. У такіх сінтаксічных канструкцыях фіксуюцца адрозныя семантычныя і стылістычныя адценні. Так, выраз у грыбы абазначае дзеянне ’ісці ў лес збіраць грыбы’, а па грыбы — ’ісці ў магазін, на базар і г. д. купляць грыбы’. Сінтаксічная канструкцыя з мэтай патрабуе інфінітыва, а ў мэтах — аддзеяслоўнага назоўніка (параўн.: з мэтай дасягнуць вынікаў і ў мэтах дасягнення вынікаў). Выраз лекі супраць кашлю мае кніжны характар, лекі ад кашлю ўжываецца ў гутарковым стылі.
Стылістычна адрозніваюцца паміж сабой сінанімічныя сінтаксічныя канструкцыі з прыназоўнікам аб (параўн.: успомніць аб адпачынку, забыцца аб папярэджанні і г. д.) і суадносныя з імі спалучэнні з іншымі прыназоўнікамі (параўн.: успомніць пра адпачынак, забыцца на папярэджанне і г. д.): канструкцыі з прыназоўнікам аб належаць да афіцыйна-дзелавога і навуковага стыляў (Б. Плотнікаў).
•Выпішыце просты сказ, ускладнены пабочнай канструкцыяй, і зрабіце яго сінтаксічны разбор.