*§ 3-3. Сінаніміка словазлучэнняў, яе роля ў стварэнні тэкстаў рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці

Практыкаванне 34-21

Прачытайце тэкст пра сінаніміку канструкцый з прыназоўнікамі ў і на.
Складзіце і запішыце сказы, што раскрываюць спецыфіку ўжывання прыназоўнікаў.

Ёсць сэнсавая розніца паміж канструкцыямі з прыназоўнікамі ў і на, якія ўжываюцца для ўказання на месца дзеяння. Калі трэба абазначыць месца ўнутры чаго-небудзь, то ўжываецца прыназоўнік у, калі маецца на ўвазе месца на паверхні чаго-небудзь — прыназоўнік на. Звычайна прыназоўнік на ўжываецца і ў тых выпадках, калі гутарка ідзе пра тое, што адбываецца ў тым ці іншым месцы: быў на вечары, на нарадзе, на лекцыі, на семінары.
Часта ўжыванне прыназоўнікаў у і на тлумачыцца толькі традыцыяй або захоўваецца па аналогіі. Правільна будзе сказаць: вучыцца на 5-м курсе, на філалагічным факультэце, працаваць на заводзе, паехаць на Украіну і вучыцца ў 5-м класе, ва ўніверсітэце, працаваць у рэдакцыі, прыехаць у Беларусь (у паэтычнай мове ўжываецца таксама на Беларусь). Пры назоўніках — назвах дзяржаў, абласцей, гарадоў, сёл — ужываецца прыназоўнік у: у Германіі, у Кітаі, у Мінску, у Сібіры, у Гомельскай вобласці (але: на Гомельшчыне), у Данбасе (але: на Палессі) і г. д. Пры назвах горнай мясцовасці ўжываецца прыназоўнік на: на Каўказе, на Урале, на Паміры. Аднак пры тых назвах, якія маюць формы множнага ліку, выкарыстоўваецца прыназоўнік у: у Альпах, у Гімалаях, у Татрах (параўн. таксама: у гарах Паміра, у гарах Цянь-Шаня).
Назвы ўстаноў і аддзелаў спалучаюцца, як правіла, з прыназоўнікам у: іду ў міністэрства, у касу, у навуковы аддзел. Назвы прадпрыемстваў ужываюцца з прыназоўнікам на: на фабрыцы, на заводзе, на шахце, але: у майстэрні, у цэху. Некаторыя спалучэнні з прыназоўнікам на харатэрны для гутаркова-прафесійнага ўжывання: служу на флоце, працуе на радыё, на кінастудыі (М. Цікоцкі).