*§ 1-3. Свабодныя і несвабодныя словазлучэнні, іх сінтаксічная роля і стылістычныя магчымасці

Практыкаванне 16

Прачытайце тэкст. Выпішыце з трэцяга абзаца словазлучэнні, якія, па выніках апытання інтэрнэт-аўдыторыі, могуць выступаць асноўнымі элементамі іміджу Беларусі, напрыклад: архітэктурная Беларусь. Раскажыце пра сваё бачанне іміджу краіны.

У свеце расце разуменне таго, што пазітыўны імідж краіны з’яўляецца найважнейшым рэсурсам нацыянальнага і рэгіянальнага* развіцця.
Сутнасць брэнда краіны, рэгіёна заключаецца ў сукупнасці ўнікальных каштоўнасцей, якія перадаюць выключнасць, непаўторнасць пэўнай тэрыторыі і ўключаюць у сябем мноства элементаў, паняццяў, атрыбутаў*: гісторыя, турызм, тавары, палітыка, бізнес, культура, людзі, перамогі на спартыўных спаборніцтвах і інш. Брэнд краіны — вялікі адзіны пазл з мноства малых брэндаў.
Якімі павінны быць асноўныя элементы іміджу, брэнда краіны? Апытанне інтэрнэт-аўдыторыі, праведзенае агенцтвам Інтэрфакс (3308 апытаных), паказвае, што 3 % рэспандэнтаў* лічаць іміджам архітэктурную Беларусь, 10 % — агратурыстычную, 15 % — гасцінную, 5 % — духоўную, 7 % — жывапісную, 6 % — інвестыцыйную*, 6 % — індустрыяльную, 11 % — інавацыйную, 6 % — транзітную*, 6 % — сельскагаспадарчую, 4 % — сацыяльную, 4 % — спартыўную, 13 % — партызанскую Беларусь.
Інтэрнэт-партал marketing.by у рамках праекта «Заўтра тваёй краіны» правёў апытанне экспертаў па гэтай праблеме. На думку апытаных, нацыянальнымі брэндамі могуць стаць: Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, «Паланэз Агінскага», беларуская мова, нацыянальны гумар, характар беларусаў з яго талерантнасцю, гасціннасцю, нашы дасягненні ў спорце (А. Айзенштат).

Выпішыце сказ, ускладнены пабочным словазлучэннем, зрабіце яго сінтаксічны разбор.
Выпішыце словы, што ілюструюць правіла «Правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах».
Растлумачце, якая розніца паміж словамі імідж і брэнд.
Як даўно вы былі ў тэатры? Якія спектаклі паглядзелі? Раскажыце пра свае ўражанні ад прагляду спектакля. Якія пастаноўкі вы хацелі б паглядзець? Для змястоўнага адказу зайдзіце на сайты тэатраў, каб пазнаёміцца з рэпертуарам.