§ 16. Ужыванне складаных сінтаксічных канструкцый у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў
Практыкаванне 219
Прачытайце тэкст. Сфармулюйце яго тэму. У якой ступені яна актуальная для Беларусі? Чаму кожная краіна стараецца прывабліваць турыстаў? Прапануйце свой варыянт вырашэння гэтай праблемы.
Брэнд для Беларусі
Беларусь адкрытая свету. Мы хочам, каб да нас прыязджалі, каб пра нас гаварылі, каб сюды вярталіся. Як гэтага дамагчыся? Спецыялісты прапануюць ствараць і папулярызаваць брэнды Беларусі, якія раскажуць пра яе замежнікам.Заўважана: выбіраючы маршрут для падарожжа, турысты часта задаюць у пошукавіках не канкрэтную краіну, а вядучыя атракцыі*, напрыклад, актыўны адпачынак, лепшыя пляжы, старажытная архітэктура і г. д.
У Беларусі ёсць што паглядзець: цудоўная прырода, багатая культурная спадчына, развітая спартыўная інфраструктура. Аднак усё гэта павінна быць аб’яднана нейкім адным паняццем або слоганам.
Стварэнне брэнда — малая частка вялікай работы ў плане развіцця турыстычнага патоку. Важна выбраць правільны шлях для яго папулярызацыі. І стандартныя метады ў гэтым выпадку не падыдуць. Білборды, плакаты ў аэрапорце і нават рэклама па тэлебачанні — усё гэта мінулы век. Краіны з вялікім патокам турыстаў займаюцца ў першую чаргу анлайн-маркетынгам, выкарыстоўваючы папулярныя платформы.
Зрэшты, пэўнымі поспехамі беларусы могуць пахваліцца. У нас паспяхова дзейнічае свой аналаг booking.com — партал VETLIVA, які дае магчымасць не толькі даведацца пра нашу краіну, але і браніраваць турыстычныя паслугі ў любы час і з любога пункта свету.
Вялікая роля ў папулярызацыі брэнда сёння належыць таксама сацыяльным сеткам. Многія краіны для папулярызацыі нацыянальнага брэнда звяртаюцца да знакамітых людзей. Дарэчы, у нас ёсць добры прыклад — брэндзіраванне самалёта «Белавія» беларускай кампаніяй Wargaming, якая з‘яўляецца распрацоўшчыкам сусветна вядомай гульні World of Тanks (Паводле Л. Мінаковай).
Назавіце сказы з пабочнымі словамі.
Зрабіце вусны сінтаксічны разбор простых ускладненых сказаў.
Пабудуйце схемы складаных сказаў з тэксту.
Растлумачце пастаноўку працяжніка ў чацвёртым абзацы тэксту.
Вызначце марфалагічную ролю слова і ў тэксце.
Назавіце правілы, паводле якіх напісаны выдзеленыя словы.
Растлумачце сэнс лагатыпа партала Vetliva.