«Дом без гаспадара»

Сэнс назвы рамана

Сэнс назвы рамана ў тым, што «Дом без гаспадара» — гэта Германія пасля Другой сусветнай вайны, якая прынесла вялікае няшчасце нямецкаму народу. Пасляваенная Германія апынулася перад выбарам новага шляху ў будучыню, які быў звязаны з маладым пакаленнем немцаў, што і ўвасоблена ў вобразах Генрыха і Марціна. Гэта таксама і дамы абодвух хлопчыкаў, дзе няма гаспадароў, бо яны не вярнуліся з вайны. Ні «дзядзькі» Вільмы, ні паклоннікі Нэлы так і не зрабіліся «гаспадарамі ў доме». Назва сімвалізуе і няўпэўненасць у палітычным жыцці Германіі, дзе аўтар заўважаў новыя праявы шавінізму і мілітарызму. 

Яшчэ ў ранніх аповесцях Г. Бёля высвечвалася важная рыса апавядальнай манеры пісьменніка, якая выявіла сутнасць яго маральнай і грамадзянскай пазіцыі: дзеянне ў яго творах, як правіла, адбываецца ў двух часавых планах, у ваенныя і пасляваенныя гады. Тая ж кампазіцыйная двухпланавасць вызначае структуру і рамана «Дом без гаспадара». Злавесныя прыметы мінулага, якія жывуць у сучасным, — важны элемент мастацкага стылю Г. Бёля.