Эрнэст Хемінгуэй
Вобраз старога рыбака Санцьяга
Рыбак Санцьяга ў аповесці намаляваны ўжо зусім старым чалавекам. З часам адышло з яго жыцця ўсё мітуслівае, што калісьці ўзрушала, і засталіся толькі светлыя ўспаміны юнацтва. Пісьменніка хвалявала праблема паводзін чалавека на схіле дзён. Санцьяга пасля гераічных высілкаў — паядынку з рыбай і акуламі — «агіднымі, смярдзючымі ахвотніцамі да падлы і шчырымі забойцамі, здатнымі, калі галодныя, кусануць вясло або і стырно лодкі… акуламі, што перакусваюць лапы і плаўнікі чарапахам, калі тыя спяць на паверхні, а галодныя нападаюць у вадзе на чалавека» — пазбаўляецца вынікаў уласнай працы.
Стары рыбак паказаны ў экстрэмальнай сітуацыі. Яна, мабыць, адна з самых драматычных у жыцці героя, калі запатрабаваліся ўсе фізічныя і духоўныя сілы. Санцьяга прымае выклік лёсу, намагаецца максімальна рэалізаваць сябе, каб на грані жыцця і смерці адказаць самому сабе на пытанне: «Хто я і чаго я варты?» Забіўшы першую акулу, рыбак чакае наступных нападаў, ён не збіраецца здавацца, нават калі тыя прыплывуць уначы: «Што ж ты можаш рабіць? Змагацца з імі, — адказаў ён. — Пакуль не сканаю». Стары прамаўляе тыя словы, што раскрываюць галоўную думку твора: «Чалавек не створаны для паразы… Чалавек можа быць знішчаны, але не пераможаны». Так вуснамі героя Хемінгуэй абвяшчае філасофскую выснову, якая стала вынікам і яго ўласнага жыццёвага і творчага шляху.
У Санцьяга памерла жонка, ён сябруе толькі з хлопчыкам, але не ўсведамляе сябе зусім адзінокім. Герой адчувае сябе часткай велізарнага і прыгожага свету. Стары рыбак наіўны, непасрэдны, прастадушны і разам з тым мудры. Санцьяга імкнецца да гармоніі і згоды з морам і яго насельнікамі, любіць неба, сонца, месяц, зоры, успрымае іх як родных. Ён — неад’емная частка навакольнай прыроды — размаўляе з птушкамі і рыбамі, параўноўвае сябе з зорамі: «Але галава ў мяне ясная, — падумаў ён. — Дужа ясная. Я такі ж ясны, як зоркі, а мы — радня. І ўсё ж я павінен паспаць. Зоркі спяць, і месяц, і сонца спіць, і нават акіян спіць часам, у пэўныя дні, калі плынь замірае, калі ягоная паверхня гладзюсенькая».
Асабліва моцныя сувязі старога рыбака з морам, якому ён аддае ўсе сілы і час, якое ён ведае больш за ўсё іншае. Непарушнасць і трываласць сувязей падкрэсліваецца назвай твора. Яны відавочныя і з паводзін, маналогаў Санцьяга, які застаецца сам-насам з воднай стыхіяй і яе насельнікамі, а таксама з партрэтнай характарыстыкі героя. Гэты дужы стары мае незвычайныя зморшчыны на твары: «Яны нагадвалі старыя распоквіны ў пустыні, якая некалі была морам». Вочы рыбака мелі колер мора. Адзенне Санцьяга, латанае-пералатанае, як ветразь, выгарала пад марскім сонцам. Толькі на моры можна было мець і такога колеру адзенне, і такі незвычайны загар, і «карычневыя плямы няшкоднага скурнага захворвання, што ўзнікае ад сонечнага адлюстравання ў трапічным моры». Кульмінацыяй адносін Санцьяга і воднай стыхіі стаў марскі падарунак старому — рыбацкая ўдача, вялізная рыбіна. Мора зноў, як і ўсё жыццё, выпрабоўвае чалавека на мужнасць, сілу і вытрымку, на тое, ці варты ён атрымаць такі выключны падарунак.
Рыбак узрушаны надзвычай шчодрым уловам. Але ён хоча быць вартым гэтай прыгожай, разумнай, бясстрашнай рыбы, якая паводзіць сябе «з такім пачуццём годнасці», кіруе «той пуцявінай, якую выбрала». Санцьяга выкарыстоўвае ўсе свае ўменні, волю, сілу, спрыт і змагаецца за сваю ўдачу — уступае ў напружаны паядынак з рыбай, разлічваючы толькі на сябе. Чалавек імкнецца забіць рыбу, рыба намагаецца перамагчы роўнага саперніка — чалавека. Але гэта не барацьба двух заклятых ворагаў («Досыць таго, што мы жывімся морам і вымаем дух з нашых праўдзівых сяброў»). Стары чалавек і рыба — гэта незвычайнае, велічнае адзінства. Аўтар прасачыў зменлівасць адносін старога да рыбы, якую ён успрымае як частку светабудовы і, значыць, самога сябе. Гледзячы на сваю здранцвелую руку, стары разважае: «Гэта тры браты: рыба і абедзве мае рукі».
Санцьяга, які нагадвае міфічнага асілка, перамагае не толькі незвычайную рыбу, але і ўласную знямогласць і даказвае, што чалавека нельга перамагчы. «І ўсё ж ты спусціш дух, — сказаў стары чалавек. — Ва ўсёй сваёй велічы і бляску. “Хоць гэта і несправядліва, — падумаў ён. — Але я пакажу яму, на што здатны чалавек і што чалавек можа вытрываць”». У цяжкім паядынку стары рыбак паводзіць сябе так, як павінен паводзіць сябе чалавек у самых складаных умовах і трагічных сітуацыях: не здавацца перад выпрабаваннямі жыцця, захоўваць стойкасць, аптымізм, высокае пачуццё чалавечай годнасці, не апускацца да нянавісці нават у самыя цяжкія хвіліны, а спачуваць жывой прыродзе, цаніць годнае жыццё.
Герой Э. Хемінгуэя нешматслоўны, сціплы, разважлівы і мужны. У ім гарманічна паяднаны гордасць і ціхмянасць, пад якой разумеецца ўменне жыць у суладдзі са светам. Стары рыбак — працаўнік, які імкнецца спраўдзіць сваё прызначэнне («Мажліва, не варта было мне ісці ў рыбакі... Але дзеля гэтага я нарадзіўся...», «Ты нарадзіўся мараком, як рыба нарадзілася рыбай»). Ён ганарыцца сваёй прафесіяй — «Святы Пётр быў рыбак» таксама — і верыць у свае сілы і ўменні, у тое, што можа найлепшым чынам рэалізаваць свой патэнцыял і дасягнуць мэты жыцця: «Я мусіў дабрацца сюды і адшукаць яго (для старога чалавека рыбіна, з якой ён змагаецца, — сапернік, істота мужчынскага роду. — Аўт.), і ў гэтым пераўзысці ўсіх людзей. Усіх людзей на зямлі». «Я — незвычайны стары», — гаворыць ён хлопчыку. І Маналін падтрымлівае ў ім гэту веру: «А найлепшы рыбак — ты».
Аповесць — гімн не толькі мужнасці, але і працы, і трываласці. Менавіта ў штодзённай барацьбе за існаванне склаліся тыя рысы характару героя, якія яго ўзвышаюць. Санцьяга — у пэўнай ступені ідэал Э. Хемінгуэя. Напрыканцы жыцця амерыканскі пісьменнік прыйшоў да пераканання, што сапраўдны чалавек — гэта той, хто жыве па маральных прынцыпах, сціплы ў сваіх запатрабаваннях, хто не шукае кароткага шляху да шчасця, не сузірае пасіўна, а дзейнічае, каб з годнасцю прайсці самыя цяжкія выпрабаванні лёсу. Санцьяга — прыгожы не толькі сваёй дабрынёй, прастадушнасцю і сціпласцю. Яму ўласцівы сапраўдны гераізм. Ён вядзе тытанічную барацьбу з небывалай рыбай, а потым з акуламі сам-насам. У першую з напаўшых акул стары заганяе гарпун «без надзеі, але з рашучасцю і шчырай злазычнасцю». Толькі ў такой барацьбе ў героя з’яўляецца магчымасць раскрыцца цалкам, выявіць сапраўдныя мужнасць, адвагу, уменне, стойкасць, рашучасць: «Рыба, — лагодна вымавіў ён услых, — я застануся з табою аж да майго канца».
У аповесці, акрамя знешняга, падзейнага, ёсць другі, унутраны, філасофскі, план. Даследчыкі гэту аповесць разглядаюць як прыпавесць, іншасказанне або міф, дзе супрацьстаяць сіла прыроды і сіла чалавека. Апавяданне разгортваецца ў двух часавых планах: сёння і заўсёды.