«Сотнікаў»

Мастацкая дасканаласць твора. Сюжэт і кампазіцыя. Прыёмы псіхалагізму

Многія даследчыкі творчасці В. Быкава называюць гэту аповесць прыпавесцю аб гераізме і здрадніцтве, параўноўваюць з матывамі біблейскай легенды аб Авелі і Каіне, аб новым узыходжанні чалавека-пакутніка на Галгофу (А. Адамовіч, I. Дзядкоў). Адметная асаблівасць кампазіцыі аповесці ў тым, што аўтар падаваў падзеі праз успрыманне то Сотнікава, то Рыбака. Такі прыём паглыбляе дакладнасць, выразнасць мастацкага даследавання ўнутранага свету герояў. Выбраная аўтарам філасофска-маральная праблематыка патрабавала менавіта «ўнутранага», псіхалагічнага даследавання і выяўлення. 

Такая кампазіцыя аповесці — пачарговая змена апавядальніка — важная для разумення філасофскай і маральнай асновы твора, бо нам аднолькава важныя і цікавыя лініі паводзін Сотнікава і Рыбака. Дыялагічнай формай пабудовы твора пісьменнік «даў» героям аднолькавыя магчымасці для самараскрыцця. I высвятляецца, што Сотнікаў увесь час судзіць сябе ў складаных сітуацыях; Рыбак жа ў аналагічных умовах шукае сабе і сваім учынкам апраўданне. Гэты кампазіцыйны прыём дазваляе ўбачыць адухоўленасць і гераізм Сотнікава і трагедыю маральнага падзення яго былога таварыша.

Кампазіцыйную адметнасць гэтага твора адзначалі даследчыкі творчасці В. Быкава. Расійскі літаратуразнавец Л. Лазараў пісаў: «Такая пабудова аповесці дае магчымасць супастаўляць і параўноўваць не толькі паводзіны герояў, але і іх матывы, якімі яны кіраваліся, робячы так або іначай; адкрываецца тое, што яны думаюць пра падзеі, пра сябе, адзін пра другога, рух іх душы; відаць, як адна і тая ж падзея можа ўспрымацца і ацэньвацца імі па-рознаму». 

Беларускі даследчык творчасці В. Быкава Д. Бугаёў трапна заўважыў: «Унутры кожнага з “сотнікаўскіх” і “рыбакоўскіх” раздзелаў аўтарскае апавяданне ўскладняецца і ўзбагачаецца. Гэта ўзмацняе ёмістасць і пераканальнасць псіхалагічнага аналізу, дакладнасць і глыбіня якога складаюць найважнейшы клопат пісьменніка». Сапраўды, гэты твор — адзін з самых псіхалагічна заглыбленых у спадчыне В. Быкава. Характары галоўных герояў тут дакладна распрацаваны і пераканаўча прадстаўлены чытачу. Аўтар змог паказаць нават тое, што ўзнікае і падымаецца з глыбіні псіхічнага жыцця герояў пад уплывам незвычайных абставін. Так, напрыклад, пісьменнікам выразна паказана, як у свядомасці Рыбака ўсё часцей змешваецца міжвольнае шкадаванне хворага, а затым і параненага Сотнікава з няпэўнай спачатку прыкрасцю: як бы праз Сотнікава не трапіць у бяду… Гэта думка ў другой палове твора ўсё часцей турбуе і непакоіць героя, а ў канцы аповеду трывога за ўласнае жыццё заглушае ўсе астатнія думкі і адчуванні Рыбака.

Псіхалагічнае майстэрства В. Быкава ў гэтым творы поліфанічнае, шматаспектнае: ад выбару лексічных сродкаў да сюжэтна-кампазіцыйнай структуры. Напрыклад, мы заўважаем і адчуваем раздражненне і паступовую адчужанасць Рыбака ад сябра праз яго думкі, калі з’яўляецца выраз «гэты Сотнікаў», з-за якога баіцца загінуць Рыбак. Унутраны стан і псіхалогію Рыбака аўтар ёміста ахарактарызаваў дзеясловамі, калі гэты герой пачынае думаць, як «вывернуцца», «выбрацца», «выкруціцца», зноў «вывернуцца», зноў «выкруціцца», «выкарабкацца». Іх ужываннем пісьменнік падкрэсліў, што Рыбак гатовы на ўсё, каб толькі выжыць.

Самым ужывальным і важным прыёмам перадачы ўнутранага свету герояў з’яўляюцца ўнутраныя маналогі. Праз іх аўтар-псіхолаг выявіў маральную сутнасць кожнага героя, перадаў матывацыю іх паводзін. Вось як, напрыклад, перадаецца стан Рыбака, калі ён валачэ параненага Сотнікава: «Тут была такая магчымасць уратавацца… і ён бы выкарыстаў яе, каб не Сотнікаў. Але з Сотнікавым далёка не ўцячэш. <…> У адчуваннях Рыбака перамешваліся розныя пачуцці да яго: і ціхі жаль, што столькі дасталося аднаму (мала прастуды, дык яшчэ і падстрэлілі), і ў той жа час пачала з’яўляцца няпэўная яшчэ прыкрасць: як бы гэты Сотнікаў не наклікаў бяды на абодвух. Сярод усяго патаемна трымцела, часам заглушаючы іншае, страхавітая трывога за сваё жыццё». Гэтымі радкамі добра перадаюцца маральныя ваганні Рыбака, у якіх прачытваецца і яго спачуванне да зняможанага таварыша, і думкі пра ўласнае выратаванне.

З вялікім псіхалагічным майстэрствам, выкарыстоўваючы ўнутраны маналог героя, апісаў В. Быкаў апошні бой Сотнікава і стан героя: «Ён адчуваў, што наўрад ці яны [паліцаі] пакінуць яго тут — пастараюцца ўзяць жывога ці хоць бы мёртвага. І ён падумаў, што, можа, яны да яго паўзуць. А можа, ён ужо кепска бачыць — ад слабасці ў вачах пачалі лётаць нейкія матылі, стала млосна. І ён спалохаўся, што можа страціць прытомнасць, і тады здарыцца самае горшае, чаго ён найбольш баяўся на гэтай вайне. Значыць, апошняе, на што ён павінен намагчыся, хоць цераз сілу, хоць самаю апошняй рэшткай свае здольнасці — не здацца жывым. <…> І ён парадаваўся ціхай злой радасцю, што ўсё ж выходзіла не па іх — па яго. Але ў яго былі яшчэ дзве абоймы патронаў — імі ён дасць свой апошні бой». Унутраныя маналогі герояў складаюць аснову апавядальнай плыні быкаўскага твора.

Сярод разнастайных прыёмаў псіхалагічнага майстэрства пісьменніка вылучаюцца кампазіцыйныя прыёмы сну і ўспамінаў герояў. Праз рэтраспектыўныя звароты да мінулага абодвух герояў аўтар паведаміў нам іх гісторыі: у якіх сем’ях яны выхоўваліся, што перажылі, што ўплывала на фарміраванне іх перакананняў, якімі яны былі да вайны і г. д. Дзіўны сон з глыбокім падтэкстам, у якім заключаюцца важныя думкі аўтара, сніцца ў апошнюю ноч жыцця Сотнікаву.