§ 4. Правілы сувязі выказніка і дзейніка, выражанага спалучэннем слоў
Практыкаванне 42
Прачытайце тэкст, растлумачце яго назву. Выпішыце прыклады на розныя тыпы выказнікаў у двухсастаўных сказах. Пры неабходнасці (калі адпаведных прыкладаў няма ў тэксце) сказы падбярыце самастойна.
Май — асаблівы месяц
Ёсць падзеі, якія не абясцэньвае час. Да такіх, без сумнення, належыць Дзень Перамогі. Што б ні адбывалася ў сучасным свеце, значнасць гэтай даты не падлягае ніякай дэвальвацыі. Памяць пра подзвіг савецкага салдата па-ранейшаму ўстойлівая і моцная.Цяжкім горам прайшла Вялікая Айчынная па беларускай зямлі. Загінула каля трох мільёнаў чалавек, было разбурана больш за дзвесце гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і райцэнтраў, каля дзесяці тысяч сёл і вёсак.
Народныя мсціўцы не давалі ворагу спакою ні днём, ні ноччу. Больш за паўтара мільёна ўраджэнцаў Беларусі ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. За праяўлены гераізм і доблесць пры абароне Айчыны 448 беларусаў уганараваны высокага звання Героя Савецкага Саюза, чацвёра з іх — двойчы.
Так, май — асаблівы месяц. Гэта месяц перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне. У Беларусі подзвіг народа высока шануецца. Ветэраны па-ранейшаму акружаны ўвагай і клопатам дзяржавы. Для нас свята Перамогі — свяшчэннае, таму што ў кожнай сям’і Вялікая Айчынная вайна пакінула свой след (В. Харкоў).
•Растлумачце напісанне слоў з вялікай літары ў тэксце.Раскажыце, як адзначаецца Дзень Перамогі ў вашай сям’і, школе.
Каму канкрэтна вы можаце сказаць «Дзякую за Перамогу»? Хто з вашых сваякоў удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне? Хто вызваляў ваш горад, раён, вёску ад фашысцкіх захопнікаў? Якія помнікі як знакі ўдзячнасці салдатам Перамогі ёсць у вашых родных мясцінах? Хто даглядае іх, займаецца добраўпарадкаваннем?
•Выпішыце складаназалежны сказ, зрабіце яго поўны сінтаксічны разбор.
•Праскланяйце адзін з лічэбнікаў, ужытых у тэксце.