§ 4. Правілы сувязі выказніка і дзейніка, выражанага спалучэннем слоў

Практыкаванне 41

Прачытайце. Падбярыце назву тэксту. Выпішыце граматычныя асновы сказаў (частак сказаў), вусна ахарактарызуйце выражэнне галоўных членаў сказа, вызначце тыпы выказнікаў (карыстайцеся табліцай, змешчанай пасля практыкавання). З апорай на граматычныя асновы сказаў сцісла перакажыце тэкст, дапоўніўшы яго інфармацыяй пра разнавіднасці турызму, характэрныя для гасцей Беларусі (гл. дыяграму). Якія культурныя, духоўныя скарбы беларускага народа, на вашу думку, могуць выступаць у якасці нацыянальных брэндаў?

Беларусь, якая характарызуецца выгадным геаграфічным становішчам, сёння мае не толькі статус важнай транзітнай дзяржавы. Краіна набывае ўсё большую турыстычную прывабнасць. Брэнды* краіны — Белавежская пушча і Мірскі замак, ледавіковыя азёры Браслаўскага краю і Брэсцкая крэпасць. Аўгустоўскі канал — цуд інжынернай думкі XIX стагоддзя. Сафійскі сабор у Полацку — самая старажытная святыня Беларусі.


Наш гонар таксама старадаўнія сядзібы, палацы, першабытныя лясы з багатым жывёльным і раслінным светам, добраўпарадкаваныя гарады і пасёлкі, самабытныя фестывалі. Мы актыўна адкрываем сваю прыгажосць свету. У 2019 годзе Беларусь наведалі 405,5 тысячы арганізаваных турыстаў — амаль у пяць разоў болей, чым 15 гадоў таму. Яркія ўражанні пра ўнікальную прыроду, гістарычныя і культурныя славутасці нашага краю надоўга застаюцца ў памяці замежных гасцей, як і спагадлівасць, шчодрасць, гасціннасць яго жыхароў. Менавіта гасціннасць стала адметнай асаблівасцю, нацыянальным брэндам краіны (Л. Хлыстун).

Раскажыце пра тэматычнае, марфалагічнае, марфемнае, словаўтваральнае падабенства выдзеленых слоў.
Зрабіце поўны марфалагічны разбор аднаго лічэбніка з тэксту. Якімі членамі сказа з’яўляюцца ўжытыя лічэбнікі?

Тыпы выказнікаў у двухсастаўным сказе
Спосаб выражэння Прыклады
Просты дзеяслоўны выказнік
Асабовая форма дзеяслова

Я веру вам.
Я буду верыць вам.
Я так верыў вам.

Інфінітыў Не супакоіць вам мяне.
Фразеалагізм або сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне

Валянціна — добрай душы чалавек.
Сон прынёс супакаенне (= супакоіў).

Састаўны дзеяслоўны выказнік
Дзеясловы магу, хачу, жадаю + інфінітыў Я хачу працаваць урачом.
Дзеясловы пачаў, стаў, закончыў + інфінітыў Маці пачала ўспамінаць пра сваё дзяцінства.
Прыметнік (дзеепрыметнік) + інфінітыў Я рад пазнаёміцца.
Састаўны іменны выказнік
Дзеясловы быў, ёсць, буду + іменная часціна мовы Я буду ўрачом.
Дзеясловы здаваўся, лічыўся, стаў, называўся, выглядаў + іменная часціна мовы Маці выглядала каралевай.
Дзеяслоў + звязка + іменная часціна мовы

Ён прыйшоў стомлены.
Дачка вярнулася першай.