Паэзія
Разнастайнасць творчых індывідуальнасцей у сучаснай паэзіі
Сучасная паэзія вызначаецца разнастайнасцю творчых індывідуальнасцей. Сучасная паэзія вызначаецца разнастайнасцю творчых індывідуальнасцей. У напрамку паяднання выяўленча-апісальнай і медытатыўнай лірыкі засведчыў свае мастацкія набыткі і Алесь Бадак (нар. у 1966). Алесь Мікалаевіч Бадак нарадзіўся 28 лютага ў вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і рабочага. Пасля заканчэння школы ў 1983 годзе паступіў на філалагічны факультэт БДУ. У 1984—1986 гадах служыў у Савецкай Арміі, затым працягнуў вучобу (1990). З 1990 па 1991 год працаваў пазаштатным карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі, пасля — рэдактарам аддзела, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» (1991—2001), рэдактарам аддзела часопіса «Полымя» (2001—2002), загадчыкам аддзела прозы, адказным сакратаром, а ў 2002—2009 гадах — намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць». З 2009 па 2014 год займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Нёман», з 2014 па 2015 год — галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Адначасова ў 2009—2012 гадах быў першым намеснікам дырэктара Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва», затым з 2012 па 2015 год — намеснікам дырэктара РВУ «Выдавецкі дом «Звязда». З 2015 года з’яўляецца дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Алесь Бадак — лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2003; у намінацыі «Паэзія»), прэміі «Залаты Купідон» (2008; за кнігу «Расліны: батанічныя эцюды»), прэміі СНД «Зоркі Садружнасці» сумесна з А. Карлюкевічам (2014; за найбольш значныя поспехі ў сферы гуманітарнай дзейнасці), прэміі Васіля Віткі (2015; за вершы на старонках часопіса «Вясёлка»). Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2020). Алесь Бадак — аўтар зборнікаў «За ценем самотнага сонца» (1995), «Маланкавы посах» (2004), «Як рассмяшыць папугая» (2015). У большасці вершаў паэта з цыкла «Смутак апалага лісця» («Стрыжы», «Не за лесам», «Сустрэча з ваўкалакам», «Восеньскі эцюд») паэтычны пейзаж раскрывае ўнутраны рух пачуццяў і перажыванняў лірычнага героя:
Лісце апалае ў садзе згарае, |
Лірычны герой твора знаходзіцца ў суладдзі з прыродай, адчувае самыя малыя змены ў яе настроі. Вобраз-сімвал асенняй лістоты ў нацыянальнай і сусветнай літаратуры часта атаясамліваецца з надыходам смерці.
Творчасць А. Бадака прадстаўлена шматлікімі вершамі, у якіх аўтар разважае пра месца чалавека ў свеце, сапраўдныя і ўяўныя каштоўнасці, хуткаплыннасць часу, жыццё і смерць:
Вечарам познім ты выйдзеш на двор, |
Паэт асэнсоўвае свой шлях на Зямлі, добра ўсведамляючы яго складанасць. Адбываецца своеасаблівы сінтэз філасофскага і пачуццёвага пачаткаў:
Што я ведаў, наіўны, пра шлях, |
Тэма кахання з’яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных у творчасці А. Бадака. Аўтар з дапамогай прыёму рамантызацыі вобраза каханай стварае пачуццёвы, эмацыянальны, ідэальны з эстэтычнага боку партрэт жанчыны. Менавіта яна ўздымае лірычнага героя да неба і зор, асвятляе яго зямны шлях хараством, чысцінёй і прыгажосцю:
Мы з табою плаваем па небе, |
Замілаванне прыродай, яе хараством увасоблена паэтам у вершах «Восеньскі эцюд», «Падземныя воды», «Смутак апалага лісця». Пейзажная лірыка паэта мілагучная, напоўненая светлымі фарбамі, разнастайнымі гукамі: «кацілася сонца <…> з-за мяжы», «знямелы разлапісты дуб», «кропля кроплю пакутна шукае», «трава як кашуля на целе зямлі // З класічнай чмялінай музыкай».
Навум Гальпяровіч (нар. у 1948) — вядомы беларускі паэт і журналіст, аўтар зборнікаў «Брама» (1990), «Востраў душы» (1995), «Струна» (1997), «Святло ў акне» (2002), «Голас і рэха» (2005), «Гэта ўсё для цябе» (2006), «Насцеж» (2008). Ён прыйшоў у літаратуру са сваім адметным лірычным голасам, напоўненым шчырасцю і даверам.
Навум Якаўлевіч Гальпяровіч нарадзіўся 14 студзеня ў Полацку ў сям’і рабочага. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на Полацкім шклозаводзе (1966—1967), у полацкай газеце «Сцяг камунізму» (1967—1977). Паралельна завочна вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, у 1979 годзе скончыў Віцебскі педагагічны інстытут. У 1977—1980 гадах праца Н. Гальпяровіча была звязана з Наваполацкам. Пасля пераезду ў Мінск у 1997 годзе быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вожык», да гэтага часу працуе на Беларускім радыё.
У 2010 годзе ўзнагароджаны медалём Ф. Скарыны.
У прадмове да кнігі «Голас і рэха» аўтар пісаў, што ў ёй аб’ядналіся вершы, «знітаваныя нейкай нябачнай мелодыяй, блізкай і зразумелай у першую чаргу мне самому і, спадзяюся, будучаму чытачу.
Гэта Каханне і Любоў, Шчырасць і Віна, гэта голас і рэха маёй душы, якая і памыляецца, і верыць, і любіць, і пакутуе... Гэта надзея на светлае і прыгожае, на сустрэчы і ўзаемаразуменне.
Гэта своеасаблівы дзённік і споведзь, справаздача і канспект яшчэ нязнанага... Гэта голас і рэха ў таемнай прасторы Сусвету...».
Тэма Радзімы, вялікай і малой, увасобілася ў шматлікіх вершах Н. Гальпяровіча, яна рэалізуецца праз паэтычнае адлюстраванне калыскі беларускай культуры і дзяржаўнасці — Полацка. Горад-радзіма і яго рэаліі становяцца найважнейшай часткай грамадзянскай лірыкі паэта («Ратаваннем ад нематы...», «Сафія, Полацк — родны край», «Ціхіх рэчак разлівы...» і інш.):
Калі над Полацкам зіма Засцеле снежныя абрусы, Тады гісторыя сама Гаворыць з краем беларускім. Тады сафійскіх вежаў рух Нібыта рук над белым полем Кладзецца ценямі на брук І працінае дрэваў голле. |
Прызнанне ў любові да бацькоўскага краю ў творчасці паэта непарыўна звязана з любоўю да роднага слова, мовы як найвышэйшай духоўнай і эстэтычнай каштоўнасці. Вершы пра беларускую мову напісаны пераважна ў форме зваротаў, адкрытага дыялогу з чытачом, яны заснаваны на паўторах асноўных сэнсавых дамінант:
Захавай маю мову для родных маіх, |
Пейзажная лірыка Н. Гальпяровіча не з’яўляецца апісальнай у традыцыйным сэнсе, у ёй спалучаюцца пейзажныя малюнкі і філасофскія разважанні, захапленне хараством навакольнага асяроддзя і роздум пра часовае і вечнае («Калі адносяць лета журавы...», «Прыносіць восень неспакой...», «Лістапад — гэта месяц такі...»):
Лістапад — гэта месяц такі |
Паэт разважае пра свой жыццёвы шлях, выбар уласнага лёсу:
Азірнешся аднойчы на самай мяжы, За якой толькі змрок раптам жудасна гляне. <...> Што ж цяпер? І хай сэрца сцякае віной, Ды вось тут устаяць на мяжы гэтай трэба. І вяртацца назад між дабром і маной, Паміж здрадай і верай, зямлёю і небам. |
Філасофскае асэнсаванне часу прывяло да з’яўлення ў паэзіі Н. Гальпяровіча вобразаў-сімвалаў дарогі, мяжы, шляху. У творах пісьменнiка ярка выяўляюцца высокi патрыятызм, кранальная сыноўняя любоў да роднага краю, нераўнадушны роздум пра рэалii сучаснага жыцця:
Яшчэ тры словы напiшу, |
Змітрок Марозаў (нар. у 1954) надаў новае дыханне санету, узмацніў экалагічную скіраванасць паэтычнага слова, што, напэўна, абумоўлена біяграфіяй паэта. Змітрок Змітравіч (Дзмітрый Дзмітрыевіч) нарадзіўся 2 студзеня ў пасёлку Язбы Крупскага раёна Мінскай вобласці. Бацька будучага паэта працаваў цесляром у калгасе, мацi — настаўніцай. Пасля заканчэння Язбоўскай школы ў 1970 годзе паступіў на агранамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, які скончыў у 1975 годзе. Да прыходу ў літаратуру З. Марозаву давялося папрацаваць аграномам, сакратаром і лектарам у ЦК ЛКСМ Беларусі, памочнікам міністра ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. З 1992 года з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі (1988; за кнігу вершаў «Хлебны верасень») і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1995; за кнігі «Ачышчэнне сяўбой» і «Сын чалавечы»).
Вянок санетаў — твор з пятнаццаці санетаў, звязаных паміж сабой паўтарэннем асобных радкоў. Першы або апошні з іх — магістрал — складаецца з першых радкоў папярэдніх або наступных чатырнаццаці санетаў. Кожны з іх пачынаецца радком, якім заканчваецца папярэдні санет. Вянок санетаў — адна з найбольш складаных і рэдкіх архітэктанічных структур. |
Змітрок Марозаў — аўтар вянку вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы» (1991), зборнікаў «Ачышчэнне сяўбой» (1992), «Сын чалавечы» (1993), «Залатая кніга беднага» (1994), «Баліць душа па Беларусі» (1996), «Гронкі зорных суквеццяў: вершы, паэма, вянкі санетаў» (1998), «Вяртанне да цішыні» (2006), «Малітоўнаю матчынай мовай» (2008), «Я з вёскі, я — свойскі, язбоўскі» (2010), «Вачыма сэрца» (2014), «Мне Богам дадзена Радзіма» (2015), «Храм» (2017). На мяжы стагоддзяў дамінантнымі тэмамі ў лірыцы паэта становяцца тэмы Радзімы, мовы як крыніцы чысціні, духоўнай цэласнасці і моцы чалавека-грамадзяніна, якому неабыякава Беларусь, Бацькаўшчына.
Наватарства З. Марозава выявілася ў вянку вянкоў санетаў — своеасаблівай і адмысловай разнавіднасці спалучэння цвёрдай вершаванай санетнай формы, якая складаецца з чатырнаццаці асобных вянкоў санетаў і пятнаццатага «Вянка магістральнага». Кожны з наступных вянкоў санетаў пачынаецца радкамі папярэдняга вянка, а вянок магістральны ўбірае ў сябе першыя радкі ўсіх папярэдніх двухсот дзесяці санетаў і складаецца з пятнаццаці санетаў.
Дзякуючы творчым пошукам паэта сучасная беларуская літаратура займела свой адметны вянок вянкоў санетаў — твор з даволі складанай пабудовай і даволі лаканічным, але глыбокім змястоўным напаўненнем, у якім аўтар устрывожана і ўсхвалявана вядзе пакутлівы пошук ісціны, імкнецца спасцігнуць сэнс свайго існавання на зямлі, сутнасць чалавечага жыцця. Яму не дае спакою чарнобыльская навала, але ў большай ступені трывожыць духоўны Чарнобыль. Таму для творцы галоўным становіцца Апакаліпсіс розуму і веры.
Адным з мастацкіх прыёмаў у паэзіі З. Марозава з’яўляецца антрапамарфізм1. У аўтара «вянка вянкоў» «каласок, як дзіцятка, дрыжыць», «цвыркун-музыка сярод кветак // Зайграе мне на скрыпачцы сваёй», «аруць цалік нябёс каметы», чуюцца «перамовы ліпеньскіх грамоў», «акіян гуляе», «жаўрук прасветлена смяецца», «маладзічок брыдзе па небасхіле, // Падобны на стамлёнага сяўца», «Каб меў такія чары, як Сварог, // Уваскрасіць хацеў бы ўсіх забітых» і інш. У народных традыцыях, народных паданнях, іх вобразнасці, мове бачыць паэт велічны скарб, які прыдатны для таго, каб арганічна ўпісацца ў далікатныя санетныя радкі.
Адной з галоўных праблем, якой прысвячаюць свае творы паэты, становіцца праблема выдаткаў навукова-тэхнічнага прагрэсу, наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Глыбінёй перажыванняў, непрыкрытай трагедыйнасцю, якія маюць грунтам асабіста перажытае, вызначаюцца вершы Міколы Мятліцкага (1954 — 2021), прысвечаныя чарнобыльскай аварыі. Па словах Міколы Арочкі, «гаркота “палескага смутку” пачала, бадай, цалкам трымаць у палоне вершы М. Мятліцкага — іх вызначае ўласна перажытая, сэрцам убачаная дэталізацыя, шчымлівая густата канкрэтных адзнак бяды...».
Мiкaлaй Мixaйлaвiч Мятліцкі нарадзіўся 20 caкaвiкa ў вёcцы Бaбчын Хoйнiцкaгa paёнa Гoмeльcкaй вoблacцi. Пaэтычны тaлeнт, як адзначае сам паэт, напэўна, перадаўся aд дзeдa Яўxiмa Анiciмaвiчa, якi cклaдaў гyмapыcтычныя вepшы. Пасля заканчэння школы паступіў нa фiлaлaгiчны фaкyльтэт БДУ, дзe aктыўнa зaймaўcя твopчacцю, быў cтapacтaм cтyдэнцкaгa лiтaб’яднaння «Узлёт». Пacля зaкaнчэння ў 1977 годзе БДУ пpaцaвaў y pэдaкцыяx гaзeты «Лiтapaтypa i мacтaцтвa», выдaвeцтве «Мacтaцкaя лiтapaтypa», а з 2002 па 2014 год быў гaлoўным pэдaктapам чacoпica «Пoлымя». Паэт атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі (1986; за зборнік вершаў «Мой дзень зямны»), адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (1998; за кнігу «Бабчын»), прэміяй імя Васіля Віткі (2010; за вершы на старонках часопіса «Вясёлка»), спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2013; за кнігу перакладаў «Пад крыламі дракона»).
Лірычны герой вершаў паэта паўстае выгнаннікам, які не можа пераадолець трагедыю адлучэння ад роднай зямлі, ад блізкіх, дарагіх сэрцу мясцін, што сталі палігонам смерці («Тут мёртва ўсё...»):
Тут мёртва ўсё... Спалошлівы прывід Астатняе выгнанніцы — вясны. У дзікарослых травах краявід. Стаю, жыццё, каля тваёй труны. |
Паэт стварае малюнак спустошанай малой радзімы, выкарыстоўваючы пераважна змрочныя, цёмныя колеры («чорная ява», «ноч», «чорны чалавек» і інш.), перадае імі драматызм душэўнага стану лірычнага героя.
Другім лейтматывам у творчасці М. Мятліцкага становіцца грамадзянская занепакоенасць станам навакольнага асяроддзя. Паэт паўстае палымяным абаронцам чысціні азёр і рэк, лясоў і палёў, раслін і жывёл, заклікае берагчы родны свет, шанаваць усё жывое. Яго не пакідае смутак па Палессі, ён адчувае знітаванасць з роднымі краявідамі, згадвае сям’ю, бацьку і маці:
Не чую тых, хто скардзіцца ўмее |
Палессе асацыіруецца ў М. Мятліцкага са славутымі пісьменнікамі, якія апявалі малую радзіму, — І. Мележам, І. Пташнікавым і інш.
Нягледзячы на трывалую сувязь з роднай зямлёй, Бацькаўшчынай, у творчасці паэта часта сустракаюцца вобразы зор, неба, сонца, нябесных аб’ектаў, якія сімвалізуюць жаданне лірычнага героя застацца адзін на адзін з сусветам, адчуць значнасць кожнага імгнення жыцця («Пад музыку абложнага дажджу...», «Вось і лета даспела...», «Тут мой край...» і інш.).
Заканамернае адлюстраванне ў творчасці паэта знайшлі жанр балады («Дзесяць працэнтаў») і санета («Санеты Чарнобыля»). Наватарства М. Мятліцкага выявілася і ў жанры паэмы: «Няходжанае поле» (2001) і «Апалены золак» (2011).
Мікола Шабовіч (1959—2021) — паэт, перакладчык і педагог, аўтар зборнікаў «Яшчэ пакуль не лістапад...» (1996), «Дом» (1996), «Падары мне сваю адзіноту» (2002), «Мая надзея» (2006), «Хор болей не спявае» (2008), «Прыколы ад Міколы: літаратурныя пародыі» (2015), «Маладыя мроі маладога лета» (2017), «Пад маміным крылом» (2021).
Мікалай Віктаравіч нарадзіўся 4 студзеня ў вёсцы Бадзені Мядзельскага раёна, на слаўнай беларускай зямлі, якая падарыла нам Максіма Танка. Вучыўся ў школах у в. Дзягілі і г. Мядзелі. У 1981 годзе скончыў філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага (цяпер — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (БДПУ)). Працаваў у 1981—1986 гадах настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Шыпкоўскай васьмігадовай школе Вілейскага раёна. Пасля заканчэння аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі лёс звязаў паэта з родным універсітэтам (БДПУ), дзе ён выкладаў беларускую мову. Пісьменнік узнагароджаны Літаратурнай прэміяй «Залаты Купідон» (2009; за кнігу «Хор болей не спявае» (2008)). Лаўрэат міжнароднай літратурнай прэміі імя Сяргея Ясеніна (2019), прэміі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Максіма Танка (2020) за лепшую паэтычную кнігу 2019 года.
Яго лірычна-філасофскія творы выяўляюць як праблемы, якія існуюць у наш час, так і паэтызуюць імгненні шчасця, радасць жыць і тварыць на роднай зямлі, кахаць.
На вершы М. Шабовіча напісана больш за 170 песень. Паэт — аўтар слоў гімна БДПУ (2014). Майстар слова спрыяе развіццю талентаў маладых беларускіх паэтаў і празаікаў — удзельнікаў літаратурнай суполкі «Крокі».
______________________
1 Антрапамарфі́зм — прыпадабненне чаго-небудзь да чалавека або перанос яго фізічных і інтэлектуальных уласцівасцей на жывёл, расліны, рэчы і з’явы навакольнага свету.