Навелы «Канон Гарыні», «Канон Школе», «Канон Маці»
«Канон Маці»
«Канон Маці» завяршае нізку «Давыд-гарадоцкіх канонаў». Гэта лірычны маналог пісьменніка да сваёй маці. Сыну хочацца, каб маці вярнулася да яго і, як некалі, запыталася пра здароўе, сям’ю, родных, хату, Давыд-Гарадок... Сын дае адказ на ўсе меркаваныя пытанні маці: «Нашых і не паменшала, і не пабольшала. На месца тых, хто пайшоў за табой, прыйшлі, дзякаваць Богу, новыя сваякі. <…> Сябровачкі-аднагодкі твае ўсе паўміралі, а мае аднакласніцы ўсе пайшлі на пенсію. Хаты няма. На нашым пляцы чужыя людзі збудавалі камяніцу».
Георгій Марчук не мінуў у маналогу магчымасці расказаць і пра значныя, і пра дробныя падзеі Давыд-Гарадка: пра яго 900-гадовы юбілей, пра помнік Давыду, пра тое, што людзі сталі меней дзяцей нараджаць, што ўсе па-ранейшаму гандлююць насеннем і агуркамі. Некалькі слоў аўтар канона гаворыць пра сябе: «Ты сварылася: “Не прыдумляй, сынок, кажы праўду...” А я прыдумляў і стаў пісьменнікам. У творах малюю твой партрэт і пішу твой характар, даруй». Георгій Марчук дзякаваў маці за тое, што дала яму жыццё, што некалі ўзяла за руку і павяла знаёміць з малой радзімай: «Паказала вуліцы, царкву, вадзіла... у школу, на старым-старым цвінтары паказала магілы продкаў».
Найбольшая падзяка чалавеку — добрая памяць пра яго. У навеле сын звяртаецца да маці на яе мове — матчынай мове. Гэта надае твору асаблівы лірызм, падкрэслівае шчырасць і цеплыню пачуццяў: «Мамо, не було і дня, коб я не ўспамінаў цябе».
Наступная частка канона напісана ў форме запавету: пісьменнік жадае знайсці свой вечны спачын у родным краі, там, дзе яму знаёма ўсё да драбніц: «Хачу... каб палажылі ў роднай зямельцы на старэнькіх могілках, якія маўкліва ахоўваюць продкі: жвавы дзед, сціплая бабуля, ласкавая маці, працавітыя дзядзькі ды ўвішныя цёткі...» Празаік не проста выказаў жаданне быць пахаваным на радзіме — ён абгрунтаваў прычыну такога выбару: хацеў, каб над яго магілай усё так жа, як і пры ім, віравала жыццё, каб «побач спяшаліся дзеткі ў школу, каб грукацеў воз па бруку... <…> Хачу, каб лашчыў, лятаў... даўка-прыемны пах чаромхі і густы пах бэзу. <…> Толькі тут, у родным мястэчку, ціша будзе не палохаць, а лашчыць раўнавагай і спакоем...»
Светлы вобраз маці адводзіць ад сына журботныя думкі: «Так, сынок, не памірай. На зямлі столькі добрага, прыгожага, столькі любові разліта, што не паспяваеш наталіць душу і напалову».
«Давыд-гарадоцкія каноны» ўспрымаюцца як адзіны мастацкі твор, у якім спалучаецца аўтарская фантазія і рэальнасць, у якім праз найбольш значныя вобразы, дэталі, краявіды малюецца цэласная карціна жыцця маленькага палескага гарадка, часткі нашай вялікай агульнай Радзімы, імя якой — Беларусь.