Лірыка

«Неруш» (1966)

Родная мова, яе лёс, яе бяздоннае багацце і будучыня, бадай, самая хвалюючая тэма на працягу ўсёй творчасці Р. Барадуліна. У вершы «Неруш» з аднайменнага зборніка паэт выказаў рашучую нязгоду з нігілістычнымі адносінамі да моў і культур розных народаў, і найперш беларускага. У майстра слова многа сугучных вершаў пра неабходнасць захоўваць і берагчы родную мову як багацейшы, каштоўнейшы скарб, які пакінулі нам мужныя, шляхетныя і працавітыя продкі.

Паэт і чалавек, Р. Барадулін вітаў збліжэнне розных народаў, падтрымліваў сяброўства розных краін. Але ён нязгодны з бяздумным тэзісам пра ўміранне нацыянальных моў, якія з’яўляюцца духоўнай спадчынай кожнага народа: «Я чакаю часіну сябрыны людской, // Але не згаджуся, што родныя мовы луской // Былі на рыбіне чалавецтва…» («Мая мова»). Майстар слова, упэўнены ў неўміручасці роднай мовы, у многіх вершах паказваў непаўторную прыгажосць і невычэрпнае багацце нашай мовы. Верш «Неруш» — адзін з многіх. Нерушам ранішнім паэт называў беларускую мову, бо яе глыбіня, хараство намі яшчэ глыбока і дасканала не спасцігнуты. Роздум пра лёс і багацце роднай мовы спалучаецца з роздумам пра сэнс жыцця і творчасці: «Мне шукаць цябе, покуль гляджу, // Пад зялёным крылом верасовак, // Пад крысом і спякоты й дажджу...»

Неруш — сінонім першаснасці, некранутасці, чысціні. У творы выяўляецца страсная ўлюбёнасць аўтара і яго лірычнага героя ў родную зямлю, у свой край. Гэты верш — лірычная споведзь і адначасова прысяга Р. Барадуліна свайму народу ў вернасці,  беражлівых адносінах да духоўных скарбаў, нацыянальных вытокаў слова, матчынай песні і казкі.

Паэт знайшоў трапныя, змястоўныя параўнанні роднаму беларускаму слову: яно — «як нарог для ратая, / Як для ластаўкі — стромы вільчак», пры гэтым ён падкрэсліваў багатыя выяўленчыя магчымасці нашай мовы. Майстар слова адзначыў, што толькі праз роднае слова можна спасцігнуць усю глыбіню жыцця народа і непаўторную прыгажосць навакольнага свету. Родная мова і яе вобразна-выяўленчае багацце ўяўляюцца Р. Барадуліну магутнай, магічнай, цудадзейнай сілай, ад якой «на небе світае», «яснее ў вачах…». Паэт быў чулым і глыбокім знаўцам роднай мовы з першакрыніцы — з вуснаў родных матулі, бабулі, аднавяскоўцаў. Трапяткімі, чулымі адносінамі да роднай беларускай мовы, любоўю да яе, клопатам пра яе вызначаецца кожны радок барадулінскай паэзіі.

Назваўшы родную мову нерушам, паэт папярэджваў нас, што да кожнага слова, вобраза роднай мовы трэба ставіцца ўдумліва, уважліва і тады перад намі адкрыюцца невядомыя, яшчэ прыхаваныя яе скарбы. Паэт лічыў сапраўдным гонарам і шчасцем дасканала і глыбока ведаць мову свайго народа. Адкрываць для іншых яе хараство — адна з галоўных мэт яго творчасці: «А пашчасціць — натрапіцца неруш, — // Зазвіняць недзе промні наўзбоч». Эмацыянальна, узрушана паэт гаварыў пра ўласны творчы абавязак і грамадзянскі абавязак кожнага з нас — берагчы духоўны скарб продкаў: «Неруш свой панясу я аберуч, // Як слязіну з матуліных воч».

Мову, як усё жывое, падкрэсліваў паэт, трэба бараніць, адстойваць «ад абразы, ад позірку злога... наслання...». Апошнія радкі верша, у якіх увасоблены яго асноўны ідэйны змест, гучаць урачыстай прысягай паэта: «Неруш ранішні — матчына слова, // Мне, як бору, цябе засланяць!»