«Сямнаццатай вясной»
Эмацыянальнасць зачыну апавядання, лірызм аповеду. Сімвалічнасць вобраза бэзу
Аповед у творы вядзецца ад імя героя Цімоха, сталага чалавека, які прыгадвае сваё юнацтва, сямнаццатую вясну, першае каханне, што ў пачатку вайны ўспыхнула ў яго сэрцы, як той бэз вясной. Твор сагрэты асаблівым лірызмам, цеплынёй, бо маладыя гады вельмі дарагія кожнаму чалавеку. Апавяданне, якое вядзецца ад першай асобы, выклікае давер у чытача. Эмацыянальная ўзрушанасць уласціва яго зачыну: «Мне ішоў сямнаццаты год. Мая сямнаццатая вясна была вельмі багатай на кветкі, на цеплыню, на тыя цудоўныя дні, калі, здаецца, сама зямля спявае песню сонцу, жыццю, высокаму сіняму небу. Даўно ўжо з усіх кветак я найбольш палюбіў бэз».
Вобраз-сімвал бэзу, які праходзіць праз усё апавяданне, надае твору завершанасць і выразнасць. Кветкі бэзу, іх хвалюючы водар узнаўляюць у душы героя перажыванні яго сямнаццатай вясны — пары самых светлых і яркіх эмоцый, кахання. Нават страшныя, жудасныя ваенныя выпрабаванні не здолелі знішчыць у людзях чалавечнасць. Пах бэзу сімвалізуе трываласць жыцця, кахання, сяброўства, іх непадуладнасць вайне.
Літаратуразнавец Людміла Піскун у манаграфіі «Іван Навуменка» вобраз бэзу лічыць паэтычнай дэталлю ў творы. На думку даследчыцы, «з лейтматыўнага сэнсавага абрамлення вобраз бэзу становіцца «кандэнсатарам» аўтарскай ідэі. Менавіта такую накіраванасць атрымлівае гэта мастацкая дэталь, якая дапамагае сцвердзіць, вылучыўшы на першы план, гуманізм, усёпераможную любоў, усвядоміць сябе чалавекам вялікага свету, чалавекам Зямлі».