Печатать книгуПечатать книгу

«Сямнаццатай вясной»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: «Сямнаццатай вясной»
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 08:19

Уводзiны

Іван Навуменка з болем згадваў, што з іх дзясятага класа на фронт пайшлі шаснаццаць хлопцаў, а вярнуліся толькі чатыры. Сябры юначых гадоў жылі ў яго памяці, што абуджала неадольнае жаданне ўзяцца за пяро і ў мастацкім слове вярнуць з небыцця тых, чыё жыццё забрала вайна. Тэма «хлопцаў-равеснікаў», аднагодкаў аўтара для І. Навуменкі стала «сваёй, жыццёва важнай, запаветнай» (Д. Бугаёў). Апавяданне «Сямнаццатай вясной», напісанае ў 1956 годзе, з’яўляецца яскравым узорам лірычнай прозы.

 

Паказ лёсу моладзі ў гады вайны з фашызмам

У аўтабіяграфіі І. Навуменка згадваў, што «ў канцы восені сорак першага года з ліку вучняў старэйшых класаў у мястэчку стварылася невялікая падпольная група, у якую ўваходзіў і я. Збіралі зброю, слухалі радыё, распаўсюджвалі савецкія лістоўкі і газеты, шукалі сувязі з партызанамі. Група ўцалела, хоць у сорак другім годзе фашысты і расстралялі яе кіраўніка». 

У апавяданні «Сямнаццатай вясной» па волі аўтара ў мястэчку дзейнічае ажно дзве групы. Маладыя людзі моцна любілі сваю Айчыну, ненавідзелі акупантаў, якія парушылі іх мары, надзеі, шчасце. Апавядальнік і праз гады захапляецца іх юначым парывам як мага хутчэй адпомсціць ворагам, не даць захопнікам адчуць сябе гаспадарамі на нашай зямлі. Хлопцы і дзяўчаты прагнулі подзвігаў, лічылі сябе здольнымі на геройскія ўчынкі і здзяйснялі іх.

 Героямі твора з’яўляецца «баявая» чацвёрка сяброў: герой-апавядальнік Цімох, Цішка Дрозд, Мікола і Сымон Біцюгі. Не зважаючы на загад нямецкага каменданта смяротна пакараць тых, хто «захоўваў агнястрэльную зброю», «распаўсюджваў злосныя чуткі пра непераможную германскую армію», «мог паявіцца на вуліцы ў начны час», юнакі ігнаруюць папярэджанні новай улады, падтрымліваюць сувязь з партызанамі, узрываюць невялікі чыгуначны мост, раняць паліцая. Хлопцы перакананыя, што «весяліцца, танцаваць у такі час, калі ідзе вайна, калі ліецца кроў, проста ганебна». Яны не хаваюць сваёй нянавісці да акупантаў і іх паслугачоў, дэманструюць пагарду да іх.

Аптэкарка Стася «насмешлівым позіркам» ацэньвае «геройства» юнакоў, разумеючы небяспечнасць такіх паводзін. Дзяўчына імкнецца неяк ацвярэзіць у цэлым добрых хлопцаў, якія ап’янелі ад усведамлення свайго геройства і ахвярнасці: калі недарэчныя ўчынкі «баявой» чацвёркі бачыць яна, то ўбачаць і іншыя. Стасі не ўдалося прымусіць юнакоў задумацца над тым, што іх чакае суровая барацьба, якая патрабуе не толькі нянавісці, жадання змагацца, але і розуму, здольнасці дасягнуць перамогі над ворагам з найменшымі чалавечымі стратамі.

 Закаханы ў Стасю Цімох шматзначны яе позірк разумее па-свойму. Хлопцу здаецца, што дзяўчына пагарджае ім з-за латаных штаноў, разбітых чаравікаў, старой, малаватай сарочкі. Не мог і падумаць «закаханы рыцар», што далікатная Стася стала актыўным членам камсамольскага падполля. Пра гэта даведваецца Сымон Біцюг, ён першы ўсведамляе наіўнасць і рызыкоўнасць паводзін іх «баявой» групы і выносіць бязлітасны прысуд: «Мы, брат, дурні вялікія... ходзім табуном, самі ж стараемся выдзяляцца, у вочы кідацца. Людзі ў сто разоў разумней за нас робяць. Ты думаеш, парню1 спалілі і лістоўкі раскідалі партызаны? Такія ж, як і мы, партызаны, толькі не такія вароны». «Дурнямі» і «варонамі» прызналі сябе сябры не толькі за тое, што неразумна трымаліся на вачах у немцаў і паліцаяў, але і за тое, што дрэнна разбіраліся ў людзях, не аналізавалі свае і чужыя паводзіны, што вельмі лёгка і катэгарычна выносілі прысуды іншым, абвінавачвалі іх у здрадзе. Атрымлівалася, што дзяўчаты паводзілі сябе больш разумна і нашкодзіць акупантам змаглі не менш за іх «баявую» групу.

Імкнучыся паказаць у апавяданні «Сямнаццатай вясной» гераізм беларускай моладзі, што была выхавана на ідэі самаахвярнасці дзеля Радзімы, І. Навуменка зусім не ідэалізаваў сваіх герояў, яны звычайныя хлопцы, якім уласцівы катэгарызм і юнацкі максімалізм у ацэнках падзей і людзей. У апавяданні «Сямнаццатай вясной» І. Навуменку ўдалося стварыць групавы вобраз юнакоў — патрыётаў ваеннага часу.

__________

1 Па´рня — лазня.

Раскрыццё ў творы характараў Цімоха, Стасі і іншых герояў

Герой-апавядальнік Цімох з любасцю расказвае, якімі шчырымі, наіўнымі, чыстымі ў пару юнацтва былі ён сам і яго сябры: «Мы ні разу не паддаліся на прыманку маладосці, не пайшлі танцаваць, не зналіся з дзяўчатамі. Мы рыхтавалі з сябе барацьбітоў, бязлітасных, мужных, зацятых. І хоць на зямлі была вясна, хоць так прывабна расцвітаў бэз, мы трымаліся стойка, адкладваючы сардэчныя справы на час пасля вайны». Нягледзячы на тое, што героі апавядання аб’яднаны агульнай ідэяй змагання, кожны з іх паказаны пісьменнікам як адметная асоба, індывідуальнасць. Мікола Біцюг быў рэзкі ў меркаваннях, «заўсёды выказваў самыя крайнія погляды». Гэта ён здраднікамі называе дзяўчат і хлопцаў, што танцуюць у скверы, і ненавідзіць іх. Цішка Дрозд, наадварот, «любіў пасмяяцца, любіў вясёлыя гісторыі». У яго няма спачування да равеснікаў, якія не прагнуць помсты, як іх група.

Самы спакойны і разважлівы ў чацвёрцы — Сымон Біцюг. Менавіта ён наладжвае сувязь з партызанамі, з аптэкаркай Стасяй, а пасля падрыву моста наведвае параненага Цімоха, прыносіць медыкаменты, забінтоўвае яго параненую нагу і папярэджвае, што нельга дзейнічаць так неабачліва. Сымон здольны рэальна ацэньваць свае паводзіны і паводзіны сяброў. Такая ж самакрытыка ўласціва і Цімоху, які не мог зразумець учынкі каханай дзяўчыны, імкнучыся зрабіць на яе ўражанне сваім знешнім выглядам.

Герой вымушаны быў прызнаць: «Цяпер я ведаў усё. Ведаў, якім быў сляпым і недалёкім. Такую дзяўчыну хацеў прывабіць сінімі штанамі. Эх ты, дурніца...» Сярод сяброў галоўны герой апавядання вылучаецца засяроджанасцю на сваіх інтымных пачуццях, перажываннях, хоць лічыць іх з’яўленне ў ваенны час здрадай агульнай справе: «Першым здрадзіў нашай агульнай справе я. У гэты час, калі ішла вайна і калі там, на фронце, паміралі сапраўдныя героі, я, чалавек, які не зрабіў у жыцці яшчэ ніводнага подзвігу, закахаўся самым ганебным чынам».

Лірычны герой твора ўзнаўляе ў сваім аповедзе працэс нараджэння першага кахання. Цімох убачыў у скверы незнаёмую дзяўчыну, якая яму «адразу кінулася ў вочы. Яна была зусім непадобная на дзяўчат», якіх ён сустракаў дагэтуль. «Першы час я праходзіў міма дзяўчыны з самым незалежным выглядам. Я не кінуў у яе бок ніводнага прыязнага позірку, стараўся на яе не паглядаць. Я лічыў яе асобай пустой, нікчэмнай, не вартай увагі наогул. У думках я вінаваціў тоненькую дзяўчыну за яе бестурботны смех, за яе звонкае шчабятанне. Як магла яна смяяцца ў такі час!» Жаданне «перавыхаваць» гэта бестурботнае дзяўчо абуджае фантазію Цімоха, які хоць «яшчэ і не зрабіў ніводнага подзвігу, але ў глыбіні душы лічыў сябе здольным на гераічныя ўчынкі». Хлопец не толькі прыдумвае для сябе розныя сітуацыі, дзе ён мог бы праявіць свой гераізм і нават загінуць, але і адчувае сябе здольным суняць не зусім дарэчную ў вайну весялосць дзяўчыны: «У сваім уяўленні я маляваў сябе ў розных геройскіх ролях. Вось я на вачах у дзяўчыны забіваю нямецкага каменданта, забіваю Кірылу Сёхмана, забіваю цэлы дзясятак фашыстаў, нарэшце, падаю забіты сам… Белая дзяўчына перастала смяяцца, у яе вачах захапленне, роспач, пакута. Яна плача, вінаваціць сябе за свой смех. Яна становіцца другой…»

Аднак планам юнака не суджана было здзейсніцца. Не жадаючы таго, Цімох трапіў у сілкі дзявочай прыгажосці і абаяльнасці. Выпадкова ён убачыў Стасю з вясновымі кветкамі, якія яна трымала «беражна, як трымаюць якую-небудзь вельмі каштоўную рэч», пачуў, як дзяўчына спявала («яе голас можна было пазнаць сярод тысячы другіх галасоў»). Гэтай сваёй вытанчанасцю і незвычайнасцю Стася паланіла сэрца Цімоха. Глыбока псіхалагічна пісьменнік перадаў пачуцці і адчуванні закаханага юнака: «І вось хутка я адчуў, што мне няма куды схавацца ад жывых сініх вачэй… ад звонкага шчэбету, ад гэтай цудоўнай белай птушкі. Яе вобраз стаяў перад маімі вачыма, дзе б я ні быў, што б ні рабіў. Я ўжо не мог пражыць дня, каб… не пабачыць тоненькай дзяўчыны. <…> Я нячутна паўтараў імя Стасі тысячу разоў у дзень, яно звінела ў маіх вушах як музыка. Я мог думаць пра сваю дзяўчыну цэлымі гадзінамі, прыдумваў розныя варыянты нашай размовы, нашай сустрэчы», калі ж бачыў яе, «сэрца ў грудзях пачынала біцца, нібы птушка, злоўленая ў сіло».

Аўтар акцэнтаваў увагу на зменах у паводзінах «закаханага рыцара»: ён «стаў задумлівы, разгублена адказваў на пытанні сваіх сяброў і свой душэўны стан не змог схаваць ад іх вачэй», але і праўды расказаць ім не мог, бо лічыў сваё каханне ў ваенны час ганьбай і здрадай агульнай справе. Мастаку слова ўдалося вельмі тонка і далікатна перадаць нюансы душэўных зрухаў закаханага маладога чалавека. Герой-апавядальнік з любоўю і цёплым гумарам апісвае ўспрыманне самога сябе і навакольных, у тым ліку і Стасі.

Пісьменнік паказаў, што каханне здольна абудзіць душу чалавека, вызваліць яе ад эгаізму і самаўпэўненасці, узвысіць над іншымі. Праз выяўленне тонкага адчування Цімохам прыгажосці прыроды і дзявочай красы раскрываецца мяккасць і далікатнасць натуры героя-апавядальніка.

 

Праз хлапечае ўспрыманне каханай дзяўчыны падаецца ў апавяданні рамантызаваны і ўзнёслы вобраз Стасі. Падкрэсліваючы незвычайнасць дзяўчыны, яе выключнасць сярод іншых, паэтызуючы вобраз Стасі, аўтар не толькі акцэнтаваў увагу на яе белай вопратцы, параўноўваў гераіню з белай птушкай, але выяўляў выключнасць у яе характары і паводзінах: «трымалася яна смела, незалежна». Калі Цімох даведаўся пра тое, што хавала Стася за сваёй весялосцю, «тоненькая белая дзяўчына» паўстала ў яго вачах «у нейкім новым, казачным святле».

Узнёслае захапленне героем сваёй каханай сведчыць пра тое, што страшная ваенная рэчаіснасць у чулай душы не знішчыла светлае і прыгожае, што каханне і прырода ў драматычных умовах вайны якраз і ратавалі чалавечую душу.

Эмацыянальнасць зачыну апавядання, лірызм аповеду. Сімвалічнасць вобраза бэзу

Аповед у творы вядзецца ад імя героя Цімоха, сталага чалавека, які прыгадвае сваё юнацтва, сямнаццатую вясну, першае каханне, што ў пачатку вайны ўспыхнула ў яго сэрцы, як той бэз вясной. Твор сагрэты асаблівым лірызмам, цеплынёй, бо маладыя гады вельмі дарагія кожнаму чалавеку. Апавяданне, якое вядзецца ад першай асобы, выклікае давер у чытача. Эмацыянальная ўзрушанасць уласціва яго зачыну: «Мне ішоў сямнаццаты год. Мая сямнаццатая вясна была вельмі багатай на кветкі, на цеплыню, на тыя цудоўныя дні, калі, здаецца, сама зямля спявае песню сонцу, жыццю, высокаму сіняму небу. Даўно ўжо з усіх кветак я найбольш палюбіў бэз».

Вобраз-сімвал бэзу, які праходзіць праз усё апавяданне, надае твору завершанасць і выразнасць. Кветкі бэзу, іх хвалюючы водар узнаўляюць у душы героя перажыванні яго сямнаццатай вясны — пары самых светлых і яркіх эмоцый, кахання. Нават страшныя, жудасныя ваенныя выпрабаванні не здолелі знішчыць у людзях чалавечнасць. Пах бэзу сімвалізуе трываласць жыцця, кахання, сяброўства, іх непадуладнасць вайне.

Літаратуразнавец Людміла Піскун у манаграфіі «Іван Навуменка» вобраз бэзу лічыць паэтычнай дэталлю ў творы. На думку даследчыцы, «з лейтматыўнага сэнсавага абрамлення вобраз бэзу становіцца «кандэнсатарам» аўтарскай ідэі. Менавіта такую накіраванасць атрымлівае гэта мастацкая дэталь, якая дапамагае сцвердзіць, вылучыўшы на першы план, гуманізм, усёпераможную любоў, усвядоміць сябе чалавекам вялікага свету, чалавекам Зямлі».

Пытанні

1. Якія праблемы даваеннага і ваеннага жыцця закранае пісьменнік у апавяданні «Сямнаццатай вясной»?
2. Раскажыце пра жыццё моладзі ў акупаваным фашыстамі мястэчку.
3. Ацаніце ўчынкі герояў апавядання. Што ў іх паводзінах выклікае захапленне, а што — насцярожвае?
4. Чым прывабіла Цімоха Стася, якія рысы характару юнака перашкодзілі яму прызнацца ў каханні?
5. Патлумачце сэнс параўнання, ужытага аўтарам для характарыстыкі дзяўчыны.
6. Якую ролю ў творы адыгрывае вобраз-сімвал бэзу?
7. Уявіце сябе рэжысёрам і паразважайце, якую мелодыю і чаму выкарысталі б вы пры экранізацыі апавядання «Сямнаццатай вясной». Каго з вядомых сучасных акцёраў вы выбралі б для выканання роляў галоўных герояў?
8. Падрыхтуйце паведамленне «Юнакі-падпольшчыкі майго краю».